Марын ці Эмануэль? Прэзідэнцкія выбары ў Францыі ў карыкатурах

Сёння першы тур выбараў прэзідэнта Французскай Рэспублікі. Ход кампаніі і яе галоўныя тэмы і сюрпрызы — у падборцы карыкатур.


Паводле шэрагу СМІ, кіраўнік дзяржавы Эмануэль Макрон рыхтаваў сваю прэзідэнцкую кампанію яшчэ з пачатку 2020 года. На першы погляд, яна ішла адносна нядрэнна. Нягледзячы на няздольнасць прэзідэнцкай партыі замацавацца на мясцовым узроўні, у прыватнасці, з-за невялікай колькасці муніцыпальных дэпутатаў, ва ўсіх апытаннях Макрон быў, хаця і не абсалютным, лідарам прэзідэнцкай гонкі.
Сумневы наконт яго здольнасці выйграць выбары ўзніклі, мабыць, толькі на піку пандэміі. Тады многія пратэставалі супраць каранціну і абавязковай вакцынацыі. Так, напрыклад, французам не падабалася, што дзяржава прымушае рабіць пасля дзвюх прышчэпак яшчэ і трэцюю. Скепсіс наконт трэцяй прышчэпкі падзялілі нават карыкатурыст вельмі ўплывовай газеты Le Monde.

1_551.jpg


Збольшага лідарства Макрона таксама было абумоўленае крызісам на левым і правым цэнтрах. Партыя галістаў, якая цяпер называецца «Рэспубліканцы», пасля паражэння яе кандыдата Франсуа Фіёна на прэзідэнцкіх выбарах 2017 года аказалася падзеленай на прыхільнікаў саюза з Макронам і аматараў жорсткай лініі. Акрамя таго, у партыі было шмат персанальных расколаў. У выніку праймерыз, якія прайшлі ў снежні мінулага года, кандыдатам «Рэспубліканцаў» на выбарах нечакана стала Валеры Пекрэс. Спачатку ў яе быў нядрэнны рэйтынг, што дало падставу карыкатурыстам выяўляць яе як супермэна. Але ў выніку канкурэнцыю дасведчанай Марын Ле Пэн, якая лічыцца галоўным апазіцыянерам Макрона, Валеры скласці не змагла.

2_513.jpg

Яшчэ больш драматычныя працэсы адбываюцца ў лагеры сацыялістаў. Тут выдзяляецца як мінімум некалькі цэнтраў, якія выставілі сваіх кандыдатаў. На гэтым жа электаральным полі іграе кандыдат «Зялёных». Зрэшты, усе гэтыя палітыкі пагрозы Макрону не ўяўляюць. Затое на фоне апісаных разборак нечаканы прарыў здзейсніў левы папуліст Жан-Люк Меланшон, чыя папулярнасць дасягае часам 17%. Тое, што выбары ён не выйграе, відавочна. Аднак той факт, што радыкалы цяпер будуць дамінаваць на левым флангу, гэта нешта новае ў гісторыі 5-й рэспублікі. На адным з малюнкаў Жак-Люк крычыць на адрас сімвалаў іншых левых партый «Левая сцэна мая. А вы маеце мне падпарадкоўвацца!»

3_455.jpg


Поспех Меланшона — гэта, безумоўна, следства росту цікавасці да сацыяльна-эканамічнай праблематыкі. Францыя пацярпела ад глабальнага энергетычнага крызісу 2021 года. З 1 студзеня 2021 года рэгуляваныя кошты на газ для 5 мільёнаў французаў падскочылі на 59%. Кошт толькі за сакавік выраслі на 5%. Дайшло да таго, што кіраўнік Францыі нядаўна заявіў, што ўлады маюць намер дапамагчы грамадзянам, якія адчуваюць цяжкасці, і ўвядуць прадуктовыя карткі. Пусты кошык пакупніка стаў адным з сімвалаў эканамічнай палітыкі Макрона.

4_424.jpg


Акрамя таго ў Макрона шмат паражэнняў у знешняй палітыцы. Перш за ўсё за час свайго прэзідэнцтва ён фактычна прывёў да сыходу Францыі з былых французскіх калоній у Афрыцы. Французская прысутнасць скарацілася да строгага мінімуму. Тым часам без супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі вельмі складана казаць аб незалежнай французскай энергетыцы. Правал у Афрыцы і няўдачы ў Ліване, Сірыі, Закаўказзі, Лівіі. Украіне — моцныя ўдары па іміджу Макрона як палітыка, здольнага адстойваць правы Францыі ў свеце. Сыход Макрона з Афрыкі — тэма адной з карыкатур.

5_391.jpg

Антыпатыя да істэблішменту, які ўвасабляе Эмануэль, эканамічны крызіс, імпатэнцыя на міжнароднай арэне — усё гэта ўзмацніла пазіцыі Марын Ле Пэн (правапапулісцкая партыя «Нацыянальнае аб'яднанне») як адзінага палітыка, які рэальна здольны перамагчы Макрона. Дапамагла ёй і змена рыторыкі. Яна ўсё больш канцэнтруецца не на праблемах мігрантаў, а на супрацьпастаўленні «народ — эліты» і нават у значнай ступені, падобна левым партыям, на супрацьпастаўленні «багатыя — бедныя». Так ці інакш запыт на змену ўлады ў часткі французаў дазволіў ёй здзейсніць кідок наперад. Упершыню ў гісторыі сацыёлагі дапускаюць, што ў другім туры Марын можа перамагчы. Цяпер Макрон апярэджвае лідара «Нацыянальнага аб'яднання» толькі на 1-2%. На думку аднаго з графікаў, поспех Ле Пен будзе азначаць смерць Мар'яны — сімвала французскай рэспублікі.

6_277.jpg


Больш асцярожная пазіцыя дазволіла мадам Ле Пэн абараніць свой статус лідара французскіх правых. Прыкладна напрыканцы мінулага года яго спрабаваў аспрэчыць ісламафоб-радыкал Эрык Земур. Тады іхнія рэйтынгі былі амаль роўныя. Аднак бліжэй да выбараў падтрымка на адрас Земура заўважна скарацілася. Дарэчы, Земур ці не адзіны палітык, які не крытыкуе інтэрвенцыю Пуціна супраць Украіны, што арыгінальна праілюстравалі мастакі.

7_195.jpeg


Так ці інакш, усё будзе рашацца ў другім туры. І тут самае галоўнае пытанне — ці спрацуе прынцып «рэспубліканскага фронту» (негалосны, антыфашысцкі пакт паміж усімі дэмакратычнымі партыямі). Згодна з ім, левыя і правыя ў другім туры галасуюць за каго заўгодна, акрамя прадстаўніка праварадыкальнага лагера. У такім кантэксце Меланшон, у якога залатая акцыя, закліча галасаваць за Макрона, што забяспечыць таму перамогу. Аднак на гэтых выбарах устаноўкі «рэспубліканскага фронту» ўжо не так важныя для левага і правага выбаршчыка. Таму прадказваць фінал выбараў 2022 на сто адсоткаў пакуль не рызыкуе ніхто.

8_135.jpg