Vive la France! Прэзідэнцкія выбары: пераабранне Макрона ці верагодная перамога Марын Ле Пэн? Першая серыя ўжо заўтра

За апошнія гады сімпатыі французскіх выбарнікаў выдавочна змясціліся ўправа. Хто мае найвышэйшыя шанцы стаць французскім прэзідэнтам — разбіраем у матэрыяле. 

a71d4a13_5111_40bf_8940_b7ed6316ee80.jpg


Aux Champs-Elysees, aux Champs-Elysees

Au soleil, sous la pluie, a midi ou a minuit

Il y a tout ce que vous voulez aux Champs-Elysees.

 

На Елісейскіх палях, на Елісейскіх палях

На сонцы, у дождж, апоўдні ці апоўначы

На Елісейскіх палях ёсць усё, што вы захочаце.

Гэты шлягер Джо Дасэна Францыя і свет пачулі ў траўні 1969 г., калі вялікі прэзідэнт Пятай рэспублікі Шарль дэ Голь выехаў з Елісейскага Палаца, рэзідэнцыі прэзідэнтаў, і ўжо два тыдні як быў на пенсіі, а яго наступнік Жорж Пампіду займаўся перадвыбарнай кампаніяй, якую ён давядзе да поспеху ў чэрвені 1969 г.

Хто з 12 кандыдатаў зможа паставіць гэты трэк сабе на рынгтон у траўні ўжо 2022 г.? Мы паспрабавалі разабрацца, хто, навошта і чаму ў гэтых прэзідэнцкіх выбарах у Францыі.

Дзеючы прэзідэнт Эмануэль Макрон паспрабуе пераабрацца на другі тэрмін, чаго мы не бачылі з двума яго папярэднікамі: Нікаля Сарказі прайграў у 2012, а Франсуа Аланд меў рэйтынг амаль «каля нуля» і нават не выстаўляўся на мінулых выбарах у 2017.

Каб стаць кандыдатам на выбарах прэзідэнта Беларусі, неабходна назбіраць прынамсі 100 тысяч подпісаў, у Францыі — усяго 500. Гэтыя 500 подпісаў неабходна атрымаць ад нацыянальных або мясцовых выбарных службовых асобаў як мінімум з 30 розных дэпартаментаў (гэта як прыйсці, напрыклад, у Навадворскі сельсавет і папрасіць паставіць подпіс у дэпутата).

Кандыдаты на пасаду прэзідэнта Францыі — хто яны? Наталі Арто, Фаб'ен Русэль, Эмануэль Макрон, Жан Ласаль, Марын Ле Пэн, Эрык Зэмур, Жан-Люк Меланшон, Эн Ідальга, Янік Жадо, Валеры Пекрэс, Філіп Путу, Нікаля Дзюпон-Эньян.

f7c59ec5_baa4_4308_b42b_43ad9e63a12d.jpg

За дзень да выбараў маем наступны рэйтынг кандыдатаў:

Макрон — 26%

Ле Пэн — 23%

Меланшон — 17%

Зэмур — 9%

Пекрэс — 8%

Па даных папярэдняга апытання, у верагодным другім туры Макрон можа набраць 53%, а Марын Ле Пэн — 47%.

Выбарцы, якія маюць правыя схільнасці, змогуць абіраць з Марын Ле Пэн, Эрыка Зэмура і Валеры Пекрэс. І ў іх існуе сапраўдны шанец не дазволіць Макрону пераабрацца.


Валеры Пекрэс, якая страціла шанц на другі тур

Фота Getty Images

Фота Getty Images

Валеры Пекрэс з партыі «Рэспубліканцы» (пераемніца партыі Шарля Дэ Голя, Жака Шырака, Нікаля Сарказі) за апошнія тры месяцы згубіла, як здавалася, неблагія шанцы трапіць у другі тур. Яна назвала сябе «на адну траціну Маргарэт Тэтчэр і на дзве траціны Ангелай Меркель». Адмова Сарказі падтрымаць яе кампанію таксама пашкодзіла яе шанцам. Валеры Пекрэс лічыцца праеўрапейскай і памяркоўнай. Яна ўзяла некаторыі ідэі Макрона, займаючы пры гэтым жорсткую пазіцыю па тыпова правых пытаннях, такіх як іміграцыя, інтэграцыя і іслам. Яе крытыкавалі за тое, што яна нібыта прымае антымусульманскую тэорыю змовы. Сябры цэнтрысцкага крыла партыі абвінавацілі яе ў спробе патураць выбарцам Зэмура.

Спадарыня Пекрэс першапачаткова разглядалася як галоўная перашкода на шляху да перамогі Макрона. Валеры Пекрэс з цяжкасцю знайшла свой асабісты голас і змагаецца за чацвёртае месца ў апытаннях.


Кандыдат, што «марыць мець французскага Пуціна»

Фота Getty Images

Фота Getty Images

Эрык Зэмур вырваўся на палітычную сцэну ў 2021 годзе падчас нацыянальнага турнэ, каб прасоўваць кнігу пра меркаваны заняпад Францыі, у чым ён у асноўным вінаваціць іміграцыю і іслам. Яго план па стварэнні міністэрства па рэіміграцыі, якое будзе дэпартаваць 100 000 імігрантаў кожны год, у прыватнасці ў Алжыр, Марока і Туніс, быў асуджаны спадарыняй Ле Пэн як глыбока несправядлівы і «антырэспубліканскі». Зэмур выклікаў спрэчкі за мінімізацыю віны Філіпа Петэна, кіраўніка калабарацыянісцкага ўрада Францыі, у нацысцкай дэпартацыі габрэяў у Другой сусветнай вайне. Яшчэ ў 2018 годзе ён сказаў, што «марыць мець французскага Пуціна».

Зэмур заклікаў забараніць імёны, якія ён лічыў нефранцузскімі. Ён таксама выступае за тое, каб рэцыдыўныя злачынцы з падвойным грамадзянствам былі пазбаўленыя французскага грамадзянства. Таксама Зэмур намагаецца забараніць нашэнне хіджаба ў грамадскіх месцах.

Магчыма, Зэмур урэшце зрабіў паслугу Ле Пэн. Абышоўшы яе з правага боку, ён стаў галоўным кандыдатам ад адкрытай ксенафобіі і такім чынам дапамог спадарыні Ле Пэн выглядаць больш прэзентабельна на палітычнай арэне. Усе кандыдаты выступаюць за вітанне ўкраінскіх уцекачоў, за выключэннем Зэмура.


Прайшла шлях ад ультраправай рэвалюцыянеркі да ценевай фаварыткі

Фота AP Photo/Michel Euler

Фота AP Photo/Michel Euler

Марын Ле Пэн — найверагодная суперніца Макрона ў другім туры. Яе падтрымка за апошнія два тыдні значна вырасла, Макрон жа за гэты час згубіў некалькі пунктаў. І хаця яшчэ не было ніводнага апытання, якое прагназуе перамогу Ле Пэн, тое, што яна заняла другое месца пасля Макрона з такім невялікім адрывам, усё роўна азначае сур'ёзны зрух у палітычным ландшафце. У 2017 годзе Макрон перамог Ле Пэн, атрымаўшы 66% галасоў у другім туры, што амаль удвая перавышае падтрымку Ле Пэн, якая атрымала каля 34%.

Макрона абвінавацілі ў выкарыстанні вайны ва Украіне, каб пазбегнуць сутыкнення са сваімі канкурэнтамі, адмаўляючыся ўдзельнічаць у традыцыйных тэледэбатах.

Пакуль Макрон быў заняты размовамі з прэзідэнтам Расіі Пуціным і сустрэчамі з сусветнымі лідарамі, Ле Пэн працягвала сваю кампанію, разважаючы аб паўсядзённых праблемах, такіх як кошт на паліва і пакупніцкая здольнасць. Яе паездкі не надта асвятляліся нацыянальнай прэсай, але мелі вялікі водгук у мясцовых медыя. Марын Ле Пэн стварала ўражанне блізкасці, што вельмі істотна для выбарнікаў.

У той жа час, у адрозненне ад свайго канкурэнта па правым лягеры Эрыка Зэмура, яна пазбягала ўвязвацца ў дэбаты на тэму вайны ва Украіне, улічваючы яе даўнія сувязі з Пуціным.

Уздым Ле Пэн таксама можа быць звязаны са зменай сцэнара яе кампаніі 2017 года. Замест таго, каб засяродзіцца на пытаннях міграцыі і бяспекі, яна стварыла сваю эканамічную платформу і праводзіла кампанію па павелічэнні дабрабыту французаў. Апытанні сведчаць пра тое, што эканамічныя пытанні з'яўляюцца галоўнай праблемай, значна больш істотнай, чым навакольнае асяроддзе або міграцыя. Гэта азначае, што Марын Ле Пэн прайшла вялікі шлях з 2017 года, калі тагачасны кандыдат Макрон загнаў яе ў кут падчас тэледэбатаў па эканамічных пытаннях. Недарэчныя выступы кандэдаткі сур'ёзна пашкодзілі яе аўтарытэт: неўзабаве Ле Пэн адмовілася ад таго, каб Францыя выйшла з ЭЗ і еўразоны. Замест гэтага зараз кандыдатка праводзіць кампанію па зніжэнні імклівага росту коштаў на энерганосьбіты.

Ле Пэн таксама ўдалося змякчыць свой імідж, што яна беспаспяхова спрабавала зрабіць на працягу гадоў. Ёй дапамагло параўнанне з Зэмурам — прыхільнікам цвёрдай лініі супраць іміграцыі, які быў тройчы судзімы за распальванне варожасці.

Сям'я Ле Пэн напрацягу дзесяцігоддзяў была сінонімам ультраправага руху ў Францыі. Хаця некаторыя чальцы каманды Ле Пэн перайшлі ў лягер Зэмура, у тым ліку яе ўласная пляменніца, яго погляды на іслам і іміграцыю зрабілі падыход спадарыні Ле Пэн больш памяркоўным.

Марын Ле Пэн абяцае захаваць 35-гадзінны працоўны тыдзень і падтрымліваць пенсійны ўзрост на ўзроўні 62 гадоў, у той час як спадар Макрон жадае павысіць яго да 65.

«Францыя, краіна іміграцыі, скончана», — заявіла яна ў лютым. Таксама Ле Пэн адзначыла, што французы не павінны дазволіць, каб іх краіна была «пахаваная пад заслонай мультыкультуралізму». У верасні 2021 года яна стварыла лозунг: «Французскія злачынцы ў турме, замежнікі — у самалёце».

Нягледзячы на тое, што спадарыня Ле Пэн спрабавала крыху адмежавацца ад Пуціна, з якім яна сустрэлася ў Маскве ў 2017 годзе і чыю палітыку яна падтрымлівала да вайны ва Украіне, кандыдатка па-ранейшаму выступае супраць жорсткіх мераў у дачыненні да Расіі.

Фота AFP

Фота AFP

«Мы жадаем памерці?» — спытала Марын Ле Пэн у нядаўніх тэледэбатах, калі яе спыталі, ці павінна Францыя спыніць імпарт нафты і газу з Расіі. «Эканамічна мы б загінулі! Мы павінны думаць пра сваіх людзей», — падкрэсліла яна.

Ле Пэн паабяцала спыніць злоўжыванні правам на прытулак шляхам рэферэндума аб абмежаванні іміграцыі. Таксама кандыдатка на пасаду прэзідэнткі жадае забараніць нашэнне ісламскага хіджаба ў грамадскіх месцах. Марын Ле Пэн прапануе французам адмовіцца ад падатку на прыбытак для асоб да 30 гадоў.


«Не думайце, што ўсё вырашана, што ўсё пройдзе добра»

Фота REUTERS/Tessier

Фота REUTERS/Tessier

На мінулых выходных дзеючы французскі прэзідэнт нарэшце выйшаў на сцэну перад натоўпам з 30 000 прыхільнікаў на стыдыёне у прыгарадзе Парыжа.

«Не думайце, што ўсё вырашана, што ўсё пройдзе добра», — сказаў ён французам. На мітынгу прысутнічалі вядомыя дзеячы левацэнтрыстаў і правацэнтрыстаў.

Макрон імкнуўся супрацьстаяць меркаванню, што ён «больш правы, чым левы». Спасылаючыся на інвестыцыі ў адукацыю, абяцаючы гэтым летам павысіць мінімальныя пенсіі і даць неабкладаемыя падаткам бонусы супрацоўнікам, ён заявіў пра сваю заклапочанасць лёсамі тых, чые заробкі знікаюць на паліва, рахункі, арэндную плату.

Урад Макрона на працягу некалькіх тыдняў знаходзіцца пад агнём за выкарыстанне дарагіх кансультацыйных паслуг, у тым ліку вядучай фірмы McKinsey, якую таксама абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Фінансавая пракуратура Францыі распачала расследаванне, звязанае з «McKinseyGate». Следчыя даследуюць патэнцыйнае адмыванне грошай і падатковае махлярства з боку кансультантаў, якія працуюць на ўрад Эмануэля Макрона. Кансультацыйныя выдаткі міністэрстваў выраслі больш чым у два разы з пачатку знаходжання Макрона на пасадзе прэзідэнта з рэзкім ростам у 2021 годзе (на 45% да папярэдняга года).

Макрон палегчыў кампаніям працэдуру звальнення працаўнікоў, знізіў падаткі і ўвёў жорсткія законы аб бяспецы для барацьбы з тэрарызмам. Але ён быў вымушаны адмяніць прапанаваны падатак на паліва ў 2018 годзе пасля некалькіх тыдняў хваляванняў, якія распальвалі пратэстоўцы ў жоўтых камізэльках. Макрон таксама жадае інвеставаць ва ўзброеныя сілы, падвоіўшы рэзервы Францыі.

macron_2.jpg

Ёсць адзін істотны фактар ​​на карысць Макрона. Падтрымка Ле Пэн засяроджана ў частках электарату з «нізкай яўкай»: маладых, менш адукаваных і менш забяспечаных. Падтрымка Макрона сканцэнтравана ў тых частках насельніцтва, якія галасуюць больш за ўсё.

Усе мы сталі сведкамі неадназначных паводзінаў спадара Макрона падчас вайны. Ён стаў героем мемаў з тэлефанаваннямі Пуціну, заклапочаным тварам, і новым лукам, у якім ён нагадвае прэзідэнта Зяленскага.

macron_mem.jpg
pytin_makron_stol_1.jpg
macron_mem_2.jpg


Левыя кандыдаты ў крызісе

Упершыню з моманту заснавання Пятай рэспублікі ў 1958 годзе французскія левыя апынуліся хранічна расколатамі да амаль палітычнай недарэчнасці. Сацыялістычная партыя, кандыдат якой Франсуа Аланд перамог на выбарах 2012 года і кіраваў да 2017 года, развалілася, яе кандыдатка Ідальга набірае  ўсяго 2% у апытаннях.

З 12 кандыдатаў сем — левыя. Спроба левых выступаць адзіным фронтам за адзінага кандыдата, зробленая ў красавіку мінулага года, была адхіленая, што прывяло да ўсё большай фрагментацыі галасоў левых і ўльтралевых.

Самы моцны кандыдат злева — ветэран Жан-Люк Меланшон, зацяты крытык эканамічнай палітыкі Эмануэля Макрона і вядомы прыхільнік пратэстаў жоўтых камізэлек.

Фота AFP/Getty Images

Фота AFP/Getty Images

Меланшон у пачатку 2000-х расчараваўся ў Сацыялістычнай партыі, што дрэйфавала ўправа. Ствараючы новую партыю ультралевых, ён стаў еўрадэпутатам і ў трэці раз балатуецца на пасаду. Меланшон абяцае знізіць пенсійны ўзрост на два гады (да 60), у той час як Макрон імкнецца падняць яе. Таксама Меланшон жадае павысіць мінімальную заработную плату на 10% — да 1400 еўра ў месяц. Крытыкі левага кандыдата абвінавацілі яго ў паблажлівым стаўленні да прэзідэнта Пуціна — Меланшон ён хоча, каб Францыя была пазаблокавай і выйшла з НАТА. Нядаўна 70-гадовы Меланшон выкарыстаў адмысловую тэхналогію, каб з'явіцца адначасова ў 12 месцах. Сапраўдны Меланшон знаходзіўся ў горадзе Ліль, традыцыйным цэнтры левых, у той час як галаграмы з'явіліся ў 11 іншых гарадах. Гэтая хітрасць лідара леварадыкальнай партыі была выкарастана яго кампаніяй, каб заявіць, што Меланшон будзе знаходзіцца ў менш за 250 км ад кожнага французскага грамадзяніна ў мацерыковай Францыі.

Мы падыходзім да выбараў прэзідэнта Францыі з лідарам у апытаннях Макронам, які мае антырэйтынг 54%. Менавіта такая колькасць выбарнікаў не ўхваляюць яго дзейнасць на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Менавіта гэты кандыдат з актуальным рэйтынгам у 27% найверагодней стане прэзідэнтам. Так можна. Не 80%, не 85%. Хапае, як бачым, і гэтага.

Цікавы факт: прэзідэнты Францыі адначасова з'яўляюцца князямі Андоры.

Vive la France!