На прэзідэнцкіх выбарах у Францыі будзе другі тур. Туды выйшлі Макрон і Ле Пэн
У другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі выходзяць дзеючы кіраўнік дзяржавы Эмануэль Макрон і лідар ультраправага «Нацыянальнага аб'яднання» Марын Ле Пэн.
Па выніках падліку 97% бюлетэняў за Макрона аддалі голас
27,6% выбаршчыкаў, за Ле Пэн — 27,41%. Трэцяе месца заняў лідар Левай партыі «Непакорная Францыя» Жан-Люк Меланшон, якога падтрымалі крыху менш за
22% тых, хто прагаласаваў. Правы кандыдат Эрык Земмур
(яго многія параўноўвалі з Дональдам Трампам) набірае ўсяго крыху больш за 7%
галасоў, ён ужо заклікаў сваіх выбаршчыкаў галасаваць у другім туры за Ле Пэн.
Марын Ле Пэн у звароце да прыхільнікаў заклікала ўсіх, хто ў
першым туры не прагаласаваў за Макрона, галасаваць за яе. Ле Пэн заявіла, што
будзе «прэзідэнтам усіх французаў».
«Я маю намер, не адкладаючы, зашыць тыя прарэхі, ад
якіх пакутуе разарваная Францыя, і з якімі дагэтуль не ўдавалася нічога зрабіць
уладам», — заявіла Ле Пэн.
Меланшон заклікаў сваіх прыхільнікаў не галасаваць за
правых. «У другім раўндзе не павінна быць ніводнага голасу за Ле
Пен», — сказаў ён, звяртаючыся да сваіх прыхільнікаў.
З падобнымі просьбамі звярнулася да сваіх прыхільнікаў
большасць іншых кандыдатаў. Кандыдат ад кансерватараў Валеры Пекрэс пры гэтым
адзначыла, што Ле Пэн «гістарычна была блізкая» да Уладзіміра Пуціна,
і гэта дыскрэдытуе яе.
Галасаваць за Макрона ў другім туры заклікалі таксама мэр
Парыжа Ан Ідальга, камуніст Фаб'ен Русель і кандыдат ад «Зялёных» Янік Жадо.
Аналітыкі лічылі другі тур з удзелам Макрона і Ле Пэн
верагодным. Апытанні перад галасаваннем паказвалі, што Макрон застаецца
фаварытам, але ён апярэджваў Ле Пэн усяго на шэсць адсоткавых пунктаў.
Тыя ж апытанні паказвалі, што пакупніцкая здольнасць стала
галоўным клопатам выбаршчыкаў на фоне рэзкага росту коштаў на энерганосьбіты і
інфляцыі, якая расце. Ле Пэн паспяхова засяродзіла на гэтым сваю кампанію, у
той час як Макрон быў больш заклапочаны вайной ва Украіне і еўрапейскай
рэакцыяй на тое, што адбываецца.
Гэта значыць, што другі раўнд пройдзе паміж тымі ж самымі
кандыдатамі, што і ў 2017 годзе. Тады Макрон набраў каля 66% галасоў, а Ле Пэн — каля 33%.
Пяць гадоў таму Макрон лёгка перамог Ле Пэн, але, хоць ён і
працягвае дамінаваць у французскай палітыцы, на гэтых выбарах 44-гадовага прэзідэнта чакае ўпартая барацьба.
Будучы прэзідэнтам, Макрон правёў шэраг рэформаў, у
прыватнасці, спрасціў для кампаній працэс звальнення работнікаў, знізіў падаткі
і ўвёў жорсткія законы аб бяспецы для барацьбы з тэрарызмам. Але яму давялося
адмовіцца ад прапанаванага падатку на паліва ў 2018 годзе пасля некалькіх
тыдняў беспарадкаў «жоўтых камізэлек».
Паводле ВВС.