Міграцыйная палітыка Меркель: палітычныя наступствы
У сераду канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, выступаючы перад дэпутатамі бундэстага, заявіла, што на сённяшні дзень сітуацыя з мігрантамі ў краіне шматкроць лепш, чым у мінулым годзе. Гэтае выказванне знаходзіцца ў кантэксце росту ўплыву правага папулізму, нядаўняй паразы партыі Меркель на зямельных выбарах і, шырэй, у кантэксце паступова набліжаючыхся выбараў у бундэстаг, якія адбудуцца ў 2017 г.
Deutsche Welle падкрэслівае, што выступ Меркель адбыўся праз тры дні пасля таго, як яе Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) зневажальным чынам прайграў партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (Alternative für Deutschland, AfD) на выбарах у зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, у выніку чаго ХДС апынуўся на трэцім месцы (першае месца заняла Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі).
У сваёй прамове, адзначае DW, Меркель спрабавала запэўніць грамадскасць у тым, што прыём мігрантаў ніякім чынам не зменіць культурны ўклад краіны, і «Нямеччына застанецца Нямеччынай». Таксама яна паабяцала прыкласці больш намаганняў для рэпатрыяцыі бежанцаў, якім было адмоўлена ў прытулку. У цэлым яна канстатавала значнае паляпшэнне адносна сітуацыі год таму, хоць і падкрэсліла, што яшчэ трэба будзе шмат працы.
Таксама Меркель прызнала, што AfD ўяўляе сабой некаторы выклік для ХДС, аднак адзначыла, што AfD выкарыстоўвае папулісцкую рыторыку, якая толькі ўводзіць людзей у зман, прапаноўваючы лозунгі і простыя псеўдарашэнні замест падыходаў, якія больш рэалістычныя і за кошт гэтага менш прывабныя.
За год у Нямеччыну ўехала больш за мільён мігрантаў, каментуе Financial Times. Уплыў гэтага на далейшае развіццё палітычнай сітуацыі ў краіне пакуль ацаніць цяжка. Адно з галоўных пытанняў цяпер у тым, як гэта адаб'ецца на пазіцыях партыі AfD, якая выступае супраць цяперашняга істэблішменту і яго міграцыйнай палітыкі. З вясны апытанні паказваюць, што папулярнасць AfD расце па ўсёй краіне, а ў мінулую нядзелю AfD пасароміла ХДС на выбарах.
Вядома, каментуе аўтар, выбары ў такой зямлі, якая ў прынцыпе схільная галасаваць неконвенцыйна, нельга лічыць прысудам. Аднак яны сведчаць пра тое, што папулярнасць AfD ўжо нельга лічыць эфемернай з'явай. Пры гэтым відавочна, што гэтая папулярнасць стала прамым вынікам палітыкі Меркель ў дачыненні да мігрантаў. Яшчэ год таму партыя AfD была блізкая да распаду з-за згасання антыеўрапейскіх настрояў, на якія яна тады абапіралася. Але ім на змену прыйшла незадаволенасць міграцыйнай адкрытасцю, і партыя гэта выкарыстала.
Тым не менш, істэблішменту Нямеччыны пакуль панікаваць рана, адзначае аўтар. Рост антыімігранцкіх настрояў і тых, хто абапіраецца на іх — правых папулістаў далёка неабавязкова ўяўляюць сабой доўгатэрміновую дынаміку. AfD сама па сабе схільная да непрыгожых унутраных канфліктаў, якія прыводзяць да зніжэння папулярнасці. Акрамя таго, у апошнія дзесяцігоддзі ў Нямеччыне мелі месца прэцэдэнты, калі правы папулізм на глебе праблем з іміграцыяй знаходзіў вялікі ўплыў, але затым, калі праблемы вырашаліся, згасаў.
Паводле polit.ru