Мурсі, вярніся!
На думку шматлікіх экспертаў, Захад павінен быў асудзіць вайсковы пераварот у Егіпце. Прапануем чытачам меркаванні найбуйнейшых еўрапейскіх выданняў наконт падзей у Егіпце.
Вялізарны натоўп, салют, шчаслівы твары на плошчы Тахрыр. Гэтыя карцінкі дамінавалі ў рэпартажах з Егіпта 4 ліпеня, калі стала вядома пра арышт прэзідэнта Мухамеда Мурсі. Але ўсю апісаную пастараль парушаў адзін непрыемны факт: Мурсі быў дэмакратычна абраным лідарам дзяржавы, а яго прымусовая адстаўка, як ні круці, — антыканстытуцыйны акт, замах на асновы дэмакратыі.
У выніку экспертная грамадскасць на Захадзе раскалолася. Адны вітаюць путч. Некаторыя дыпламаты нават пачалі называць падзеі ў Егіпце не «пераварот», а «факт, які адбыўся». У якасці доказаў ужываецца шмат тэорый. Так, «Guardian» спісала ўсё на егіпецкія асаблівасці, недаступныя іншаземцам: «Напэўна, выглядае недарэчным тое, што ў Каіры пратэстоўцы просяць войска выратаваць іх ад таго самага палітыка, які не так даўно выратаваў іх ад войска. Але лічыце, што гэта такая егіпецкая іронія. Усе рэвалюцыі вырабляюць свае ўласныя Realpolitik. Што да дэмакратыі, то часам патрэбныя салдаты, якія б выступалі ў якасці абароны ад абраных палітыкаў, што парушаюць свае абяцанні», — гаворыцца ў артыкуле.
Нямецкая «Die Welt» трактуе сітуацыю з дапамогай канцэпцый альтэрнатыўнай гісторыі: «Цяперашнія падзеі ў Егіпце ілюструюць тое ж самае, калі б насельніцтва Расіі ў 1918 годзе паўстала супраць роспуску Устаноўчага сходу бальшавікамі, а Ленін і яго таварышы аказаліся выгнаныя з улады».
Аднак ёсць і тыя, хто лічыць пераварот трагічнай памылкай, адказнасць за якую нясуць таксама егіпецкія дэмакраты, што віталі мяцеж вайскоўцаў.
«Tageszeitung» адзначае: «Натуральна, ёсць шмат прычын радавацца, што Мурсі «сышлі». Непатызм, ісламізацыя шматлікіх сфер грамадства, падман выбаршчыкаў і, натуральна, эканамічны калапс — шматлікія егіпцяне жывуць сёння горш, чым у часы Мубарака. Мухамед Мурсі раскалоў грамадства. Ён быў глухі да патрэбаў шматлікіх егіпцян, якія не падзялялі яго ісламісцкія опцыі. Нарэшце, ён быў проста некампетэнтны. Ёсць шмат рэчаў, якія Мурсі рабіў кепска. Менавіта таму першая рэакцыя на яго сыход — радасць. Аднак у роце адчуваецца горкі прысмак. Мурсі — першы ў егіпецкай гісторыі прэзідэнт, які быў абраны дэмакратычна, атрымаўшы абсалютную большасць галасоў».
На думку выдання, словы пра тое, што Мурсі не абапіраўся на большасць праз год пасля абрання прэзідэнтам, — «кепскі аргумент». «У час кадэнцыі нават самага паспяховага ўраду, — піша газета, — бываюць моманты, калі ён губляе давер большасці. Аднак у той жа Германіі ніхто не заклікае ў гэты момант Бундэсвер арганізаваць пераварот. Усе разумеюць, што трэба пачакаць наступных выбараў, каб спакойна прагаласаваць. На жаль, егіпцяне тэст на павагу да асноўных прынцыпаў дэмакратыі не прайшлі, вырашыўшы, што ўсё робіцца на барыкадах і з дапамогай гвалту», — рэзюмуе «Tageszeitung».
Крытыкі перавароту ўпэўненыя, што дэмакратычныя выбары не адбудуцца ў Егіпце цяпер вельмі доўга. Увагу шмат каго прыцягнула шакуючая перадавіца амерыканскай газеты «Wall Street Journal», галоўны пасаж у якой наступны: «Егіпцяне маглі б быць вельмі задаволеныя, калі б іх новыя генералы аказаліся падобнымі да чылійскага генерала Аўгуста Піначэта, які захапіў уладу ў сітуацыі поўнага хаосу, аднак прыцягнуў у сваю каманду ліберальных рэфарматараў і стварыў падставы для пераходу да дэмакратыі».
Праўда, большасць экспертаў не вераць у тое, што Егіпет стане новай Чылі. Хутчэй, краіне цяпер пагражае лёс Алжыру, дзе 20 гадоў таму адбылося нешта падобнае. Вайскоўцы для барацьбы з ісламістамі ўвялі вайсковае становішча. Пагрозу ісламістаў удалося нейтралізаваць, што стала апраўданнем для ўстанаўлення ў краіне доўгатэрміновай аўтакратыі.
Французская газета «Liberation» звяртае ўвагу на падвоеныя стандарты заходніх сталіц. «Гаворка ідзе пра парушэнне прынцыпаў палітычнай філасофіі ЕС і ЗША, якія адназначна патрабуюць асудзіць coup d’Etat. Уявіце, што будзе, калі мы будзем падтрымліваць вайсковы пераварот у кожнай краіне, дзе праз эканамічныя праблемы армія ставіць ультыматум ураду і арыштоўвае прэзідэнта? Так ці інакш, выкананне адміністратыўных функцый вымагала ад ісламістаў добра або кепска гуляць у дэмакратыю, прымушала іх прымаць правілы гульні, калі для вырашэння канфліктаў галоўным інструментам ёсць дыялог, а не зброя. Вайсковы пераварот знішчыў веру ў саму ідэю дэмакратыі».
Блізкая да сацыял-дэмакратаў нямецкая газета «Tagesspiegel» выкарыстоўвае марксісцкую методыку, шукаючы імператыў учынкаў егіпецкіх вайскоўцаў: «Не верце разадзьмутым нацыянальным героям, якімі выстаўляюць сябе егіпецкія вайскоўцы. Генералы турбуюцца пра інтарэсы бізнэс-імперыі, якая дае 40 працэнтаў аб’ёму агульнай вытворчасці ў Егіпце. Яны з’яўляюцца найбуйнейшымі землеўладальнікамі. Яны вырабляюць усё — ад бутэляванай вады, халадзільнікаў да аўтамабіляў і тэлевізараў. Таму яны не зацікаўленыя, каб нехта замахваўся на іх укаранелыя прывілеі і жадаюць захоўваць у недатыкальнасці свае схемы раскрадання дзяржавы».
Самая вялікая прэтэнзія да вайскоўцаў з боку журналістаў — рэабілітацыя ісламістаў. Гэтага тэзісу трымаецца французская «Le Monde»: «Наўрад ці ў бліжэйшы час сацыяльна-эканамічная сітуацыя значна палепшыцца. Таму правядзенне вольных выбараў у будучыні зноў стварае пагрозу для вяртання«Братоў-мусульман», якім пераварот дазволіў цалкам не згубіць твар… Было б нерэалістычна думаць, што«Браты-мусульмане»знікнуць з палітычнай арэны. Яны дасюль застаюцца палітычнай сілай, якая лепш за іншых інтэграваная ў сацыяльныя структуры і мае падтрымку з боку вялікай часткі насельніцтва».
Шмат хто адзначае парадокс, калі лібералы вітаюць дэмакратычна абранага прэзідэнта і вяртанне да ўлады вайсковай клікі, якая 60 гадоў была апорай аўтакратычнага рэжыму. У сваю чаргу, ісламісты патрабуюць дэмакратычных парадкаў. Але шмат хто баіцца, што ісламісты не будуць выступаць як абаронцы дэмакратыі.
На іх думку, дыскусія ўнутры руху «Браты-мусульмане» будзе сыходзіць з тэзісу пра тое, што дэмакратыя, у якую спрабаваў гуляць Мухамед Мурсі, і іслам — рэчы несумяшчальныя. Такая пастаноўка пытання пагражае ўзмацненнем фракцыі радыкалаў, якая будзе выступаць за тое, каб у выпадку вяртання да ўлады адразу ўвесці шарыят або паспрабаваць імпартаваць іранскую мадэль.
Праўда, такая фармулёўка спрэчная. Шматлікія выданні мяркуюць, што палітычнаму ісламу нанесены сур’ёзы іміджавы ўдар. «Іслам больш не рашэнне», — піша іншы аўтар у той жа «Le Monde», перарабляючы славуты галоўны лозунг ісламістаў «Іслам — гэта рашэнне» і нагадвае, што «ісламісты скампраметавалі сябе не дзе-небудзь, а ў галоўнай краіне арабскага свету».
Прызнаючы абгрунтаванасць аргументаў крытыкаў учынкаў егіпецкіх вайскоўцаў і грамадзянскай супольнасці, якая падтрымала путч, трэба прызнаць, што ніякай канструктыўнай альтэрнатывы яны не прапануюць. Лозунг, што трэба вызваліць Мухамеда Мурсі і вярнуць яму пасаду, яўна ўтапічны. Выхад з крызісу ў Егіпце трэба шукаць сыходзячы з рэалій, якія склаліся ў краіне пасля 4 ліпеня.