Замежныя СМІ пра Беларусь: 6–12 ліпеня

Беларускія дзяржаўныя СМІ сфакусавалі ўвагу насельніцтва не на сутнасці падзей, якія адбываюцца ў Егіпце, а на жахах народных бунтаў, рэвалюцый і пераваротаў. Безапеляцыйна сцвярджаецца, што егіпецкі народ «ужо наеўся рэвалюцыямі»



smi4.jpg

.Жывапісна паказваюцца сутычкі, пагромы і згвалтаванні жанчын... З апошнім наогул адбываецца нешта дзіўнае. Ні адзін з сусветных інфармацыйных каналаў не паведаміў пра хвалю згвалтаванняў у перыяд беспарадкаў у Каіры. Пра здзек з жанчын паведамілі толькі беларускія СМІ. Невядома, на якую і на чыю інфармацыю яны абапіраліся, але цалкам зразумела, якую мэтавую аўдыторыю беларускі агітпроп меў на ўвазе. Беларусак палохаюць рэвалюцыяй як сацыяльнай з’явай, здольнай пазбавіць іх цяперашняга дастатку і паставіць пад пагрозу іх гонар і нават жыццё... Разгадка простая: Лукашэнка баіцца, што рана ці позна на вуліцах і плошчах Мінска таксама з’явяцца танкі. І не дзеля ўдзелу ў парадзе.

«Politobzor» (Расія)

Усе вядомыя абставіны справы даюць падставы мясцовым праваабаронцам і сваякам зніклага журналіста (Завадскага) сцвярджаць, што ўлада мае самае непасрэднае дачыненне да таго, што здарылася. Наўрад ці афіцэры спецназа сталі б па сваёй ініцыятыве спачатку высочваць, а потым выкрадаць і забіваць чалавека. Нават калі гэта так, чаму не вядома месца пахавання, не праведзена эксгумацыя і не высветленыя абставіны смерці, па гэты дзень пытаюцца сваякі зніклага і праваабаронцы, закідваючы лістамі з нагоды падаўжэння следства розныя інстанцыі. Па адной з версій, прычынай забойства журналіста магло стаць тое, што ён меў інфармацыяй аб пастаўках з Беларусі зброі чачэнскім баевікам.

«Независимая газета» (Расія)

Наўрад ці выступленні беларускіх ІП супраць увядзення правілаў Мытнага саюза здольныя змяніць сітуацыю. Сертыфікаваць тавары і здабываць закупачныя дакументы гандлярам шырспажыву рана ці позна ўсё ж прыйдзецца. Акрамя таго адзінства меркаванняў на гэты конт няма і ў лідараў грамадскіх прадпрымальніцкіх арганізацый. Некаторыя ўжо заявілі, што вылучаюць толькі эканамічныя прэтэнзіі і нават асцерагаюцца, што пратэст можа падтрымаць беларуская апазіцыя. Увогуле, не шмат хто ў бізнэс-асяроддзі Беларусі гатовы стаць «рухаючай сілай рэвалюцыі»

«Deutsche Welle» (Германія) 

Асноўная рызыка мадэрнізацыі звязана з тым, што працягваецца сусветны крызіс, які пакідае ўсё менш магчымасцяў для захопу новых рынкаў — нават пры ўмове паспяховай мадэрнізацыі нацыянальнай прамысловасці. Гэта стварае пагрозу ўсёй беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, што павінна трансфармавацца наўпрост у працэсе вымушанай інтэграцыі ў сусветную эканамічную сістэму, якая сама перажывае хваравітую трансфармацыю. Адсюль пагрозы ўзмацнення адтоку кваліфікаваных кадраў за межы Беларусі і зніжэння якасці жыцця насельніцтва.

«REGNUM» (Расія)

Значная частка гараджан свята (Дзень Незалежнасці) відавочна ігнаруе, адпраўляецца на прыроду ці займаецца сваімі справамі. Для многіх сёлетні Дзень Незалежнасці — проста выходны. Эстэтыка арганізаваных уладамі свят выклікае нараканні значнай часткі беларусаў. Яны задаюцца пытаннямі: каму патрэбны парад, калі яго неаднаразовыя рэпетыцыі не толькі перашкаджалі звычайнаму жыццю сталіцы Беларусі па вечарах і начах, але сапсавалі дарожнае пакрыццё на галоўных магістралях горада? У колькі абышлася падаткаплацельшчыкам дэманстрацыя ваеннай і эканамічнай моцы? Ці выпадкова Дзень Незалежнасці Беларусі супаў з Днём нараджэння Франца Кафкі?

«RFI» (Францыя)