Тахрыр па-еўрапейску
Магчымасці пратэстаў у развітых краінах аналізуе на сайце расійскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.
У амерыканскага палітолага Фрэнсіса Фукуямы неадназначная рэпутацыя. У пачатку 90-х ён праславіўся сваёй канцэпцыяй «канца гісторыі». Яе ядром служыла тэза, што ліберальная дэмакратыя з’яўляецца найбольш дасканалай і, мабыць, апошняй, і калі далей удасканальваць няма чаго, формай сацыяльна-палітычнага ладу, якая хутка распаўсюдзіцца па ўсім свеце. Праз 20 гадоў пасля выхаду працы Фукуямы ёсць куды больш падставаў для скепсісу ў дачыненні да яго высноваў, чым для згоды з імі. Але палітолаг выступае з новымі ацэнкамі і прагнозамі, якія, магчыма, апынуцца больш блізкімі да рэальнасці, чым тэорыя пра «канец гісторыі».
Аналізуючы масавыя пратэсты, якія пракаціліся ў гэтым годзе па розных краінах, ад Бразіліі да Егіпту і Турэччыны, Фукуяма прыходзіць да высновы аб тым, што гаворка ідзе пра «рэвалюцыі
сярэдняга класы», які «паўсюль, дзе ён паўстаў, выклікае палітычныя забурэнні, але толькі зрэдку яму ўдаецца самастойна ажыццявіць устойлівыя палітычныя перамены... Так, юныя
ўдзельнікі мітынгаў у Тунісе і на плошчы Тахрыр у Егіпце, дамогшыся скідання адпаведных дыктатараў, не змаглі развіць поспех і арганізаваць палітычныя партыі, якія змаглі б пазмагацца за ўладу на
выбарах... Такі ж лёс, верагодна, чакае пратэстоўцаў і ў Турэччыне. У гэтай сацыяльнай групы... такія ж складанасці ў наладжванні сувязяў з іншымі класамі, якія сталі слабасцю падобных рухаў у Расіі,
Украіне і ў іншых краінах».
Аднак, нягледзячы на гэтыя цяжкасці, рух сярэдняга класа, незадаволенага сваім сацыяльным адчужэннем, толькі набірае сілу, лічыць Фукуяма.
Таму «дзяржаўным дзеячам ў ЗША і Еўропе не варта самазадаволена паглядаць, як развіваюцца падзеі на вуліцах Стамбулу і Сан-Паўлу. Было б грубай памылкай думаць, што «тут такое
адбыцца не можа».
Пратэст без ідэяў і лідараў
Ці магчымы ў Еўропе аналаг выступаў на каірскай плошчы Тахрыр? На думку шведскага палітолага Сары Эн Рэнік, хоць еўрапейскія грамадствы выглядаюць куды больш стабільнымі, чым блізкаўсходнія або
лацінаамерыканскія, агульнае паміж пратэстнымі рухамі ва ўсіх гэтых краінах знайсці можна: «Галоўная мэта як удзельнікаў «арабскай вясны», так і рухаў кшталту гішпанскіх
Los Indignados («Абураных») — сацыяльная справядлівасць. Іх падсілкоўвае вострае пачуццё несправядлівасці — палітычнай, сацыяльна-эканамічнай або абедзвюх адразу.
Гэтыя разнастайныя руху пратэсту патрабуюць ні больш ні менш як перагляду ўсяго сацыяльнага кантракту, сістэмы адносін паміж дзяржавай і грамадствам — у бок большага ўдзелу апошняга ў
дзяржаўных справах і пераасэнсавання практыкі дэмакратыі».
Зрэшты, калі ў Егіпце «другая серыя» масавых выступаў прывяла да новага павароту падзей — зрынання прэзідэнта Мухамада Мурсі, то ў еўрапейскіх краінах у гэтым годзе людзі
выходзяць на дэманстрацыі куды радзей і ў меншай колькасці, чым год ці два таму. Крыху «завялі» і згаданыя Los Indignados, і іх менш арганізаваныя партугальскія і грэцкія аналагі. У
Францыі самымі шматлюднымі сталі маніфестацыі, якія можна лічыць палітычнымі толькі часткова: яны былі арганізаваныя прыхільнікамі і праціўнікамі закона аб аднаполых шлюбах. Пацвярджаецца меркаванне,
выказанае ў 2011 годзе галандскім сацыёлагам і левым актывістам Жэромам Роосам: «У нас ёсць рух, але ў яго няма напрамку. У нас ёсць ідэалы, але яны пакуль не знайшлі выраз у ясна
сфармуляванай ідэалогіі». Незадаволеныя разышліся з плошчаў па дамах, не знайшоўшы ні лідараў, ні праграмаў, якія пераўтварылі б іх стыхійны сацыяльны пратэст у палітычны.
У той жа час прычыны для незадаволенасці еўрапейцаў, перш за ўсё маладых, нікуды не зніклі. Гэта не толькі беспрацоўе і бюджэтныя скарачэнні як такія. Мільёны адукаваных гараджан адчуваюць, як хутка
павялічваецца разрыў паміж іх звычкамі і чаканнямі, сацыяльным статусам, на які яны маглі б прэтэндаваць у нядаўнія добрыя часы, і несуцяшальнай рэальнасцю, калі застаецца радавацца нават не занадта
прывабным прапановам працы за тысячы кіламетраў ад дому. Фрэнсіс Фукуяма фармулюе гэта як «няздольнасць грамадства задаволіць спадзяванні, якія хутка растуць «тых, хто застаўся за
бортам. Дакладней, «новых незадаволеных», тых, каго яшчэ не паглынула «культура беднасці» гарадзкіх ускраін, але пагроза таго, што гэта здарыцца, робіцца для іх
усё больш адчувальнай.
Да незадавальнення радыкалаў, вулічныя пратэсты ў Еўропе рэдка маюць антысістэмны характар. Пакуль не знаходзіць шырокага водгуку рыторыка левых рамантыкаў накшталт Жэрома Рооса, які сцвярджае, што
«з цяперашнім крызісам нельга скончыць з дапамогай рэгуляцыі або «касметычнай хірургіі»... Яго можа вырашыць толькі пераход да іншай сацыяльнай сістэмы». Аднак
выразна сфармуляваць, як менавіта магла б выглядаць такая сістэма, у ідэолагаў пратэстнага руху пакуль не атрымліваецца. Большасць маніфестацыяў праходзіць пад сацыяльна-эканамічнымі лозунгамі
— супраць скарачэння сацыяльных выплат, беспрацоўя, якое расце, або высялення даўжнікоў з займанага імі жылля, як у Гішпаніі.
Звычка да дэмакратыі
Падчас палітычнага крызісу ў Партугаліі, выкліканага канфліктам паміж міністрамі з нагоды маштабаў бюджэтных скарачэнняў, большасць апытаных штотыднёвікам Expresso выказаліся альбо за датэрміновыя
выбары (37,2%), альбо за перастаноўкі ў цяперашнім урадзе (45,1%). (У выніку прэм’ер-міністр Педру Пассуш Коэльё пайшоў па другім шляху, хоць крызіс пакуль не завершаны). Такім чынам,
масавых «антысістэмных» настрояў у грамадстве не назіраецца. Дэмакратыя застаецца адзіна прымальнай палітычнай мадэллю для большасці грамадзян нават у моцна пацярпелых ад крызісу
еўрапейскіх краінах кшталту той жа Партугаліі ці Італіі.
Незадаволенасць еўрапейцаў сваімі палітыкамі пакуль часцей за ўсё прыводзіць іх да галасавання за папулісцкія партыі: такая прырода нядаўніх поспехаў на выбарах ангельскай Партыі незалежнасці
Злучанага Каралеўства на чале з Найджэлам Фараджа і італьянскага «Руху пяці зорак» Бепе Грыла. Да таго ж, у адрозненні ад Егіпту ці (у нядаўнім мінулым) Турэччыны, у краінах
Еўразвязу арміі даўно па-за палітыкай. Гэта робіць сыход палітычнай барацьбы больш прадказальным: няма небяспекі таго, што ў вырашальны момант з-за кулісаў выйдзе чалавек са стрэльбай і прапануе
акторам свой уласны сцэнар.
Але ўсё гэта не падстава даваць адназначна адмоўны адказ на пытанне аб тым, ці магчымы «еўрапейскі Тахрыр».
У Старога Свету — свая бяда, дакладней, нават дзве. Першая: давер грамадзтва да палітычных інстытутаў і палітыкі як такой імкліва падае. Pew Research Center у траўні апублікаваў вынікі
сацыялагічнага даследавання, згодна з якім доля еўрапейцаў, якія пазітыўна ставяцца да ЕЗ і яго органаў, усяго за год знізілася з 60% да 45%. У Францыі падзенне яшчэ больш ўражвае — на 19%,
у Гішпаніі — на 14%, і нават у традыцыйна «еўрааптымістычнай» Нямеччыне — на 8%. Падставаў для занепакоенасці дастаткова не толькі ў еўрачыноўнікаў з Брусэлю, але
і ў лідараў асобных краін. Толькі дзейнасць канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель па барацьбе з эканамічным крызісам грамадзяне яе краіны ацанілі высока (74% станоўчых водгукаў). У астатніх дзяржавах,
дзе праводзілася гэтае апытанне, «антыкрызісныя» рэйтынгі лідараў знаходзіліся ў дыяпазоне ад 20% (прэм’ер-міністр Чэхіі Пётр Нечас) да 37% (кіраўнік брытанскага кабінету
Дэвід Кэмеран).
Нямецкі комплекс і недахоп салідарнасці
Іншую еўрапейскую праблему сацыёлагі з Pew Research апісваюць так: «Зацяжны эканамічны крызіс прывёў у дзеянне цэнтрабежныя сілы, якія разрываюць еўрапейскую грамадскую думку на часткі,
адлучаючы французаў ад немцаў, а немцаў — ад усіх астатніх. Паўднёвыя краіны — Гішпанія, Італія і Грэцыя — робяцца ўсё больш адчужаныя па меры таго, як нарастае іх
фрустрацыя з нагоды палітыкі Брусэлю і Берліну і ўспрыманне эканамічнай сістэмы як несправядлівай».
Доказ — умацаванне нацыянальных стэрэатыпаў і забабонаў, характэрны для любых цяжкіх часоў.
Сацыёлагі прапанавалі жыхарам розных еўрапейскіх краін набор ацэначных характарыстык і папрасілі назваць тую краіну ЕЗ, якая, на думку рэспандэнтаў, найбольш адпавядае кожнай з гэтых характарыстык.
Высветлілася, што ў большасці еўрапейцаў — свайго роду нямецкі комплекс: Нямеччына з вялікім адрывам лідуе і як «найбольш вартая даверу», і як «самая
пыхлівая», і як «найменш спачувальная». Аказалася таксама, што брытанцы схільныя не давяраць Францыі (гаворка ў апытанні была менавіта пра вобразы краін, а не народаў, што
не зусім адно і тое ж), італьянцы — сваёй уласнай краіне, а палякі дзіўным чынам лічаць Нямеччыну Германію як вартай, так і не вартай даверу. Нарэшце, у якасці носьбітаў сімпатычных
характарыстык («найменш пагардлівая», «самая спачувальная») апытаныя, як правіла, называлі ўласную краіну.
Усё гэта не так ужо дзіўна. Нават дзіўныя адносіны палякаў да Нямеччыны тлумачацца лёгка. Прыкладна па 35% грамадзян гэтай краіны галасуюць за кіроўную «Грамадзянскую платформу»,
праеўрапейскую і тым самым адносна пранямецкую, і за апазіцыйнўю партыю «Права і справядлівасць», чый нацыяналізм і ваяўнічы каталіцызм замяшаныя на антынямецкіх (і антырасейскіх)
настроях. Так што адны думаюць адно, іншыя — наўпрост супрацьлеглае, і агульнай несупярэчлівай карціны не складаецца. Іншая справа, што не складаецца і агульнаеўрапейскага парадку дня. Як
заўважыў былы міністар фінансаў Вялікабрытаніі Найджэл Лоўсан, «на кантыненце заўсёды разумелі, што мэты еўрапейскай інтэграцыі — палітычныя, і эканамічнае збліжэнне —
толькі сродак дасягнення палітычных мэтаў».
Гэта відавочнае перабольшванне, паколькі калі б «заўсёды разумелі», напэўна, не было б і сённяшняга расколу ў меркаваннях наконт шляхоў выхаду з крызісу.
«Дзяржаўным дзеячам ў ЗША і Еўропе не варта самазадаволена паглядаць, як развіваюцца падзеі на вуліцах Стамбулу і Сан-Паўлу. Было б грубай памылкай думаць, што «тут такое адбыцца не можа» — напісаў у сваім нядаўнім артыкуле амерыканскі палітолаг Фрэнсіс Фукуяма.
Тым не менш гэта пакуль наўрад ці пагражае поўнамаштабным сацыяльным выбухам. Пласт «падскурнага тлушчу», назапашанага Еўропай за больш чым паўстагоддзя мірнага і паспяховага
развіцця, досыць вялікі, а карані дэмакратыі і праўнага парадку трывалыя, прынамсі ў Заходняй Еўропе (адносна Ўсходняй на гэты конт з’яўляюцца пэўныя засцярогі). Нямецкі філосаф і сацыёлаг
Юрген Хабермас бачыць галоўную небяспеку для будучыні Еўразвязу не ў паўтарэнні чагосьці падобнага на беспарадкі ў Каіры або Стамбуле, а ў недахопе салідарнасці, у негатовасці многіх еўрапейцаў
— у тым ліку і грамадзян самай багатай і стабільнай краіны ЕЗ, Нямеччыны — ўспрымаць цяперашнія праблемы як агульныя, а не як вынік інтрыг «падступнага» Брусэлю
або «бязлітаснага» Берліну. На думку Хабермаса, «калі мы хочам захаваць саюз, недастаткова, улічваючы дысбалянс паміж нацыянальнымі эканомікамі, даваць пазыкі краінам з
празмернай запазычанасцю так, каб кожная краіна самастойна павялічвала сваю канкурэнтаздольнасць. Замест гэтага патрабуецца салідарнасць, сумесныя намаганні, зробленыя сыходзячы з агульнай палітычнай
перспектывы» .
Такія праблемы наўрад ці вырашаюцца на плошчах. Але іх ужо нельга вырашаць і толькі ў кабінетах палітыкаў і чыноўнікаў, на закрытых сустрэчах і перамовах. Магчыма, Фрэнсіс Фукуяма і на гэты раз
паспяшаўся з прагнозам, абвясціўшы аб «рэвалюцыі сярэдняга класа». Але тое, што барацьба з адчужэннем грамадства ад улады робіцца праблемай не толькі краін развіцця, ўжо зусім
ясна.