Пракуратура Егіпта выдала ордэр на арышт лідара "Братоў-мусульман"

Пракуратура выдала ордэр на арышт Мухамеда Бадзі, у той час як яго партыя адмаўляецца далучыцца да пераходнага кабінета.



egypt_brotherhood.jpg

Мухамед Бадзі, лідэр Братоў-мусульман

Пракуратура Егіпта выдала ордэр на арышт лідара "Братоў-мусульман" Мухамеда Бадзі па абвінавачванні ў распальванні гвалту побач са штаб-кватэрай Рэспубліканскай гвардыі, дзе 51 чалавек былі забітыя, паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва MENA.
 

Таксама ў сераду быў выданы ордэр на затрыманне іншых высокапастаўленых службовых асобаў  "Братоў-мусульман", у тым ліку прадсатўніка Бадзі Махмуда Эззата і партыйных лідараў Эсама эль-Эрыана і Мухамеда эль-Бельтагі.

Днём раней, генеральны пракурор Егіпта пачаў расследаваць справу 650 чалавек, якія падазраюцца ў датычнасьці да гвалту ў панядзелак, хоць ён не сказаў, хто, уласна, знаходзіцца пад следствам.


"Браты-мусульмане" заклікалі да паўстання, каб вярнуць ва ўладу зрынутага прэзідэнта Мурсі. На заклік адгукнуліся тысячы паслядоўнікаў братэрства. Урэшце ўсё скончылася «крывавай лазняй», у чым вайскоўцы вінавацяць "Братоў-мусульман", а "Браты-мусульмане" — вайскоўцаў.

У дадзены момант асобы, на чый арышт выдадзены ордэр, знаходзяцца ў мячэці на святочным мерапрыемстве ў сувязі з надыходам Рамадана. Іх атачаюць прыхільнікі зрынутага прэзідэнта, таму паліцыі цяжка будзе выканаць загад пракуратуры.  

"Браты-мусульмане" ў сераду адхілілі прапанову ўвайсці ў склад пераходнага кабінета Егіпта, калі новы часовы  прэм'ер-міністра Хазем эль-Беблаўі падчас сустрэчы з лідарамі лібералаў абвясціў, што будзе пачынаць працу па фарміраванні часовага ўрада.

Беблаўі сказаў агенцтву Reuters, што новаму ўраду цяжка будзе знайсці аднадушную падтрымку сярод егіпцянаў.
 

«Вядома, мы паважаем грамадскую думку, і мы стараемся адпавядаць чаканням людзей, але заўсёды ёсць час выбару, калі вы мусіце дзейнічаць, ведаючы, што не можаце задаволіць усіх людзей», — сказаў ён.
 

Між тым, асноўная ліберальная кааліцыя Егіпта, Фронт нацыянальнага выратавання, адклікала сваю мінулую адмову ад пераходнага плана і выступіла з заявай, якая змяшчае мяккую крытыку.
 

Беблаўі, ліберальны эканаміст і былы міністр фінансаў, быў прызначаны новым прэм'ер-міністрам у аўторак.
 

Лідар ліберальнай апазіцыі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Мухамед эль-Барадэі быў прызначаны  віцэ-прэзідэнтам і кіраўніком аддзела замежных справаў. Першапачаткова яму была прапанавана пасада прэм'ера, але яго кандыдатура была адхіленая партыяй Аль-Нур.

Казалася, што міністэрскія пасады ў новым ўрадзе будуць прапанаваныя сябрам Партыі свабоды і справядлівасці, палітычнаму крылу "Братоў-мусульман", а таксама партыі Аль-Нур.
 

Некаторыя апазіцыйныя групы, у прыватнасці Тамаруд, заявілі, што з імі не кансультаваліся, і што часовы ўрад, як і яго палітыка, вызначаюцца таемна.

Перад часовым урадам стаіць вельмі нялёгкая задача зноўку аб'яднаць драматычна раз'яднаную краіну і выправіць моцна аслабленую эканоміку.

Паводле Аль-Джазіры