Наперад у мінулае?
Два гады запар чылійцы выступалі за дэмантаж рэшткаў дыктатуры Піначэта, каб пасля масава прагаласаваць за яе прыхільніка.
Падавалася, толькі ўчора чылійцы святкавалі канчатковы разрыў са спадчынай дыктатуры. На реферэндуме ў 2020 годзе больш за 80 працэнтаў тубыльцаў сказалі “так” новаму асноўнаму закону замест канстытуцыі, якая была прынята ў часы Піначэта. Варта дадаць, што рух за канстытуцыйную рэформу быў выкліканы гвалтам паліцыі падчас падаўлення пратэстаў супраць новых тарыфаў на транспарт.
Трэнд на разрыў з мінулым замацаваўся ўвесну гэтага года, калі прайшлі выбары сяброў Устаноўчага сходу, які мае распрацаваць праект новай хартыі. Па выніках большасць мандатаў атрымалі прадстаўнікі левых і альтэрнатыўных партый, якія заўжды пазіцыянавалі сябе як паслядоўныя апаненты Піначэта. А ў ліпені старшынёй Асамблеі была абраная Эліза Лонкан, актывістка за правы карэнных народаў. Яшчэ нядаўна нічога падобнага нельга было ўявіць.
Таксама як і імпічмент прэзідэнта. У верасні правацэнтрысцкі прэзідэнт Себасцьян Піньера, які пачынаў кар’еру ў часы дыктатуры, быў вымушаны пайсці з пасады кіраўніка дзяржавы пасля афшорнага скандалу. І вось прайшоў літаральна месяц, і палітычнае надвор’е змянілася. Па выніках першага тура прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 19 лістапада, большасць галасоў атрымаў нават не сціплы аматар Піначэта, а яго ўльтрафанатык. Гутарка пра Хасэ Каста, кандыдата ад ад Хрысціянскага сацыяльнага фронту. Касту, які ішоў на выбары пад лозунгам “Калі б Піначэт быў жывы, то галасаваў за мяне”, выказалі падтрымку 27,91% выбаршчыкаў. Бліжэйшы канкурэнт — прадстаўнік адной з левых партый — адстае на пару пунктаў.
Поспех Касты фенаменальны з улікам яго індывідуальных рысаў і зместу выбарчай праграмы. Сам ён палкі каталік, бацька дзевяці дзяцей. Пры гэтым, аднак, таксама карыстаецца падтрымкай евангелічных цэркваў, якім імпануе яго абяцанне забараніць аборты і блакаваць спробы легалізацыі аднаполых шлюбаў. Таксама Каста хоча лібералізаваць фінансавыя рынкі, знішчыць сістэму сацыяльнага забеспячэння ў Чылі і на парадак знізіць карпаратыўныя падаткі, якія і без таго ў краіне вельмі малыя.
Увогуле, крыніцай будзь-якога негатыву ў краіне (у тым ліку эканамічнай дэстабілізацыі) ён лічыць наяўнасць унутранага ворага ў выглядзе індзейцаў і мігрантаў з Венесуэлы. Каб канчаткова вырашыць праблему той жа міграцыі, ён абяцае ў выпадку перамогі выкапаць уздоўж лініі мяжы траншэю ў тры метры глыбінёй. Сваіх палітычных канкурэнтаў, асабліва камуністаў, адкрытым тэкстам называе агентамі наркамафіі.
Што прымусіла чылійцаў літаральна за пару месяцаў зноў палюбіць дыктатуру? Спрабуючы зразумець феномен Каста, палітолагі кажуць пра агульны крызіс сістэмы, якая паўстала пасля адстаўкі Піначэта. Не дарма першыя тры месцы ў першым туры галасавання 19 лістапада былі заваяваны з палітыкамі, якія не ўваходзяць у традыцыйныя партыі і блокі.
На карысць гэтага тэзісу фігура Франка Парызі, які прыйшоў у выбарчай гонцы трэцім. Уладальнік “бронзы” ўвогуле не з’яўляўся падчас кампаніі на людзях, зрабіўшы стаўку выключна на сацыяльныя сеткі. Такая стратэгія была прадыктаваная не толькі ростам уплыву лічбавых медыя, але і іншым важным нюансам. Праз тое, што на радзіме Франка пагражае турма за затрымку выплаты аліментаў, ён даўно знаходзіцца ў Штатах, адкуль і агітаваў галасаваць за сябе. Супярэчлівая постаць палітыка не перашкодзіла яму атрымаць 12,8 працэнта.
Акрамя крызісу былых палітычных цэнтраў, назіраюцца дадатковыя чыннікі, якія тлумачаць рост сімпатый да Хасэ Каста. Гэта, напрыклад, тэма бяспекі. Сталым элементам згаданай вышэй кампаніі пратэстаў супраць новых цэн былі сутычкі маніфестантаў з сілавікамі. Вулічны хаос і ўзаемны гвалт напужаў некаторых бюргераў, выклікаўшы настальгію па часах дыктатуры.
Нарэшце выбаршчыкі, якія прагаласавалі за канстытуцыйную рэформу, не трапляюць аўтаматычна ў прагрэсіўную частку палітычнага спектру. “Людзі галасуюць супраць старой партыйнай сістэмы, але не абавязкова за шырокія дэмакратычныя і сацыяльныя перамены. Хасэ Антоніа Каст атрымаў бонус ад крызісу правацэнтрыстаў. Правыя радыкалы перамаглі перш за ўсё таму, што апусцеў цэнтр", — піша аргенцінская прэса.
Адным словам, грамадскі рух апошніх двух гадоў быў занадта хутка і памылкова вызначаны як непазбежна прагрэсіўны. Гэта быў, перш за ўсё, антыкарупцыйны, антыэлітны рух супраць старых інстытутаў і палітыкаў усіх вядучых партый, якія фігуравалі ў шматлікіх карупцыйных аферах. Карацей кажучы, чылійцы ведаюць, чаго яны больш не жадаюць. Але карціна таго, чаго яны жадаюць, пакуль расплывістая. Як бачым, устанавіць дыктатуру лёгка, а вось на расстанне з ёй патрэбны час.
Тым больш цікава, што будзе далей. Па ацэнках палітолагаў, лідар правых папулістаў сапраўды мае шанец на перамогу. Каст можа перацягнуць на свой бок правых выбаршчыкаў, доля якіх сумарна складае прыкладна 51 — 53 працэнта ад усяго чылійскага электарату. Другі тур выбараў, нагадаем, прызначаны на 19 снежня.