Брудная гульня Парашэнкі?
Ва Украіне ваеннае становішча. Прычынай стаў інцыдэнт у Азоўскім моры, што адбыўся напярэдадні. Тады, як вядома, расійскія сілавікі захапілі тры ўкраінскія вайсковыя караблі.
Няма сумневаў, што захоп украінскіх караблёў, на якія распаўсюджваецца прынцып суверэнітэту, можна разглядаць як акт агрэсіі. Аднак ці дастаткова гэтага для ўвядзення ваеннага становішча? Так не думаюць прынамсі тры папярэднія прэзідэнты Украіны. Леанід Кучма, Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка агучылі агульную заяву з крытыкай дыктатарскіх намераў ПАП (абрэвіятура — Пётр Аляксеевіч Парашэнка).
Яшчэ раней ідэю з ваенным становішчам раскрытыкавалі правыя. Патрыёты абураліся: чаму надзвычайныя меры не ўвялі, калі Масква паводзіла сябе значна агрэсіўней? Напрыклад, у жніўні 2014-га пасля Ілавайскага катла або баёў у Дэбальцава?
Усе гэтыя прысутныя ў афіцыйнай версіі супярэчнасці дазволілі разглядаць учынкі Парашэнкі як нейкую брудную гульню з мэтай адтэрмінаваць выбары прэзідэнта, прызначаныя на 31 сакавіка. Выбары ў гэты дзень ставяць крыж на шанцах пераабрання для Парашэнкі, які на цяперашні час і так выступае, хутчэй, аўтсайдэрам выбарчай гонкі. На канец сакавіка прыйдуцца кульмінацыі камунальных плацяжоў, якія дакладна азлобяць электарат. Перанос выбараў на пару месяцаў праз ваеннае становішча нівелюе гэты адмоўны для Парашэнкі фактар.
Акрамя таго, рэжым ваеннага становішча надае прэзідэнту амаль дыктатарскія паўнамоцтвы, якія патэнцыйна можна выкарыстаць супраць апанентаў, і на выхадзе нейкім чынам выйграць выбары. Гэтая версія хутка пачала дамінаваць у грамадскай думцы.
Аднак галоўнай перашкодай для дыктатарскіх амбіцый Парашэнкі стала прырода мясцовай эліты. Украінская эліта неаднародная, і даўно прызвычаілася, што вертыкаль улады павінна будавацца на кампрамісах. Расійская і беларуская мадэлі тут не ўспрымаюцца і, хутчэй, выклікаюць трывогу. Асабліва з улікам таго, што ваеннае становішча дазваляе канфіскацыю бізнесу. Не выклікала ідэя ваеннага рэжыму экстазу і ў мясцовых адміністратараў, на пасады якіх прэзідэнт, паводле новых правілаў, можа прызначаць сваіх камісараў.
Як вынік, у парламенце стыхійна паўстала беспрэцэдэнтная апазіцыйная група, да якой далучыліся амаль усе: ад экс-рэгіяналаў да нацыяналістаў ад партыі «Свабода». Удзельнікі фронды патрабавалі змякчыць пункты пастановы і гарантаваць правядзенне выбараў 31 сакавіка.
Цяжка сказаць, ці пагадзіўся б Парашэнка на патрабаванні, калі б не рэакцыя Захаду. Заходнія палітыкі замест адназначнай падтрымкі на адрас Кіева заклікалі бакі канфлікту ўтрымацца ад эскалацыі. Лічыцца, што гэтую пазіцыю данесла да Парашэнкі асабіста Меркель, якая патэлефанавала ў Кіеў напярэдадні галасавання ў Радзе. У выніку прэзідэнту заставалася толькі шукаць спосаб захаваць твар. У фінале нарадзіўся новы варыянт пастановы пра ваеннае становішча, якое цяпер будзе дзейнічаць у 10 абласцях, і толькі 30 дзён. У дадатак парламент замацаваў 31 сакавіка як дзень прэзідэнцкіх выбараў.
Такую развязку большасць палітолагаў разглядае амаль як катастрофу для ўкраінскага гаранта. Ніякі вялікі дыктатар з Парашэнкі не атрымаўся. Замест новага Піначэта мы пабачылі слабага палітыка, які не ў стане «ператрахваць» нават свой парламент. Плюс, як высветлілася, ён не мае асаблівай падтрымкі на Захадзе. Кажуць, што 26 лістапада таксама стане сігналам для чыноўнікаў на месцах, якія пачнуць бегчы з прэзідэнцкага карабля, намагацца нейкім чынам прымазацца да Цімашэнкі, якая цяпер становіцца фаварытам. Праўда, тут трэба аддаць належнае ўкраінскаму грамадству, якое здольнае кансалідавацца супраць аўтарытарных пагрозаў.
На гэтым, падавалася, сюжэт скончаны. Хіба што шкада звычайных украінцаў, якія сталі ахвярамі скачкоў грыўні. На чутках пра ваеннае становішча ўкраінская валюта перайшла мяжу ў 28 грыўняў за долар і пакуль гэтую планку трымае.
Аднак на самай справе ўсё не так прадказальна. Па-першае, наўрад ці Парашэнка капітулюе так проста. Лічыцца, што ў яго ёсць нейкі «план Б». Па-другое, хаця ваеннае становішча дзейнічае толькі ў 10 рэгіёнах, гэта можа мець непрадказальныя наступствы. Закон аб увядзенні ваеннага становішча, а таксама дзеючы закон аб прававым рэжыме ваеннага становішча ствараюць прастору для інтэрпрэтацый.
І інтэрпрэтаваць іх будуць сілавікі — на ўзроўні загадаў і інструкцый. Як яны гэта зробяць, незразумела. Але, верагодна, кіраваць замест звычайных органаў улады ім спадабаецца. Прычым у большасці сілавікі, якія атрымліваюць паўнамоцтвы, — супрацоўнікі Мінабароны. Гэта значыць, што ў краіне можа ўзняцца роля войска, якое фактычна выступае як асобная палітычная сіла. Нарэшце, ва ўлады багаты паслужны спіс нерэалізаваных абяцанняў, і не факт, што будзе выконвацца абяцанне пра тое, што абмежаванняў грамадзянскіх свабодаў не будзе.
Не менш цікавае пытанне, як будзе рэагаваць на ваеннае становішча гаспадарка. У новых умовах бізнес у згаданых 10 абласцях дакладна будзе намагацца закансервавацца. Пра інвестыцыі туды і казаць няма сэнсу. Гэта, у сваю чаргу, адаб’ецца на выкананні бюджэту, што пісалі пад крэдыты МВФ.