NYT: Паўночная Карэя запусціла міжкантынентальныя ракеты дзякуючы рухавікам з Украіны

Паўночная Карэя змагла правесці паспяховыя выпрабаванні міжкантынентальных ракет, здольных даляцець да ЗША, дзякуючы магутным ракетным рухавікам, вырабленым ва Украіне і атрыманым праз чорны рынак. 

rufor.org

rufor.org

Пра гэта піша New York Times са спасылкай на экспертны аналіз Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Майкла Еллемана, які быў абнародаваны сёння з ацэнкамі амерыканскіх разведвальных агенцтваў, перадае ZN.ua.
Выданне піша, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп звяртаў увагу толькі на Кітай як на галоўнага партнёра КНДР, які мог аказаць неабходную тэхнічную падтрымку. Пры гэтым ён ніколі не абвінавачваў Украіну ці Расію, хоць Дзяржсакратар Рэкс Тыллерсон казаў аб эканамічнай падтрымцы з боку Масквы і Пекіна, якая дазволіла Пхеньяну пабудаваць ракеты.
Аналітыкі прааналізавалі фота, на якіх Кім Чэн Ын аглядае ракетныя рухавікі. Яны прыйшлі да высновы, што гэтыя рухавікі падобныя на тыя, на якіх калісьці грунтаваўся ракетны флот СССР.
Вытворчасць такіх рухавікоў ажыццяўлялася толькі на некалькіх заводах на тэрыторыі былога СССР.
Урадавыя следчыя і эксперты ЗША засяродзілі сваю ўвагу на заводзе "Южмаш" ва Украіне. У часы халоднай вайны гэты завод у Дняпры будаваў наймагутныя ракеты для савецкага арсенала ўключна з гіганцкай СС-18. Завод застаўся галоўным вытворцам расейскіх ракет нават пасля таго, як Украіна атрымала незалежнасць.
Але пасля звяржэння рэжыму Віктара Януковіча для "Южмаш" наступілі цяжкія часы. Расія адмяніла праграму абнаўлення свайго ядзернага арсенала. Украінскі завод — недафінансаваны і дэмаралізаваны. Эксперты лічаць, што менавіта ён стаў галоўнай крыніцай рухавікоў, на якіх лёталі міжкантынентальныя ракеты КНДР, запушчаныя ў мінулым месяцы.
"Верагодна, гэтыя рухавікі родам з Украіны; верагодна, яны былі атрыманы незаконна. Галоўнае пытанне ў тым, колькі ж рухавікоў ёсць у КНДР і ці дапамагаюць ёй украінцы цяпер. Я вельмі устрывожаны", — сказаў Еллеман.
Ён таксама нагадаў — следчыя ААН высветлілі, што Паўночная Карэя шэсць гадоў таму спрабавала скрасці сакрэтныя ракетныя тэхналогіі ва Украіне, а двое паўночных карэйцаў былі затрыманыя контрвыведкай.
У справаздачы ААН гаварылася, што яны спрабавалі скрасці інфармацыю аб ракетных сістэмах, вадкасных рухавіках і сістэмах падачы паліва ў ракетах. Следчыя перакананыя, што Пхеньян змог паспяхова выкрасці такую ​​інфармацыю, скарыстаўшыся хаосам у Украіне пасля рэвалюцыі.
Аднак эксперты адзначаюць, што тэхналогія ракетных рухавікоў настолькі складаная, што КНДР не змагла б вельмі хутка перабудавацца на яе вытворчасць.
У мінулым месяцы "Южмаш" абверг паведамленні аб тым, што завод перажывае цяжкія часы і змагаецца за выжыванне, прадаючы тэхналогіі за мяжу, у прыватнасці ў Кітай. На сайце кампаніі адзначаецца, што яна не перадавала небяспечныя тэхналогіі за межы Украіны і не будзе гэтага рабіць. Амерыканскія следчыя не вераць у гэтыя запэўненні.
Як рухавікі RD-250 трапілі ў КНДР, да гэтага часу застаецца загадкай.
Еллеман не выключае, што расейская ракетная кампанія "Энергаатам", якая мае цесныя сувязі з "Южмаш", магла сыграць ролю ў перадачы RD-250 Паўночнай Карэі. Эксперт падкрэслівае, што такія ўкраінскія рухавікі могуць да гэтага часу захоўвацца на расійскіх складах.

Korean Central News Agency via Reuters

Korean Central News Agency via Reuters

Раней нямецкія СМІ напісалі, што кампаненты ракет, якія КНДР выкарыстала для пробных запускаў, былі выраблены ў СССР, а гэта значыць, што Паўночнай Карэі іх паставілі з Расіі або іншых постсавецкіх краін.
Нагадаем, КНДР заявіла аб планах запусціць ракеты сярэдняй далёкасці па раёне Ціхага акіяна, у якім размешчана амерыканская ваенная база на востраве Гуам. У сваю чаргу, як паведамлялася, Пентагон падрыхтаваў план прэвентыўнага ўдару па аб'ектах Паўночнай Карэі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Паўночную Карэю чакаюць праблемы, з якімі "мала якія краіны сутыкаліся". Па словах Трампа, Пхеньяну варта "ўзяць сябе ў рукі", каб пазбегнуць праблем.
Еўрапейскі савет пашырыў санкцыі супраць Паўночнай Карэі, уведзеныя за працяг Пхеньянам выпрабаванняў ядзернай і ракетнай зброі. У санкцыйны спіс ЕС дадалі дзевяць фізічных і чатыры юрыдычныя асобы.