У Кіеве пройдзе аўкцыён карцін дзеля палітвязняў
Лоты для аўкцыёну — вышытыя карціны — перадала майстрыха, перасяленка з анэксаванага Крыма. Стартавыя цэны на іх — ад 500 грыўняў.

Генадзь Афанасьеў з лотам дабрачыннага аўкцыёна. Фота krymr.com
У нядзелю, 13 жніўня, у Кіеве адбудзецца дабрачынны аўкцыён у падтрымку ўкраінскіх палітвязняў, якія ўтрымліваюцца ў Расіі.
Як паведамляюць арганізатары, гэта будзе другая спроба правесці мерапрыемства. Першапачаткова аўкцыён павінен быў адбыцца 27 ліпеня, але яго перанеслі з-за неспрыяльных умоў надвор'я. 13 жніўня аўкцыён стартуе ў 18:00 у сталічным кафэ «Піца «Ветэрана». Яго арганізоўваюць дарадца міністра замежных спраў Украіны па пытаннях палітвязняў Генадзь Афанасьеў і грамадская арганізацыя «Еўрамайдан-Крым».
«З моманту пачатку акупацыі Крыма і вайны на ўсходзе Украіны больш за 48 нашых грамадзян сталі закладнікамі Расійскай Федэрацыі. Яны беспадстаўна ўтрымліваюцца ў расейскіх турмах, некаторыя нават ужо асуджаныя па неабгрунтаваных абвінавачваннях да пазбаўлення волі на дзясяткі гадоў. Украінскія палітвязні ў Расеі не маюць належнай фінансавай падтрымкі. Наш грамадскі абавязак — маральна і фінансава падтрымаць іх!», — адзначаюць арганізатары.
Лоты для аўкцыёну — вышытыя карціны — перадала майстрыха, перасяленка з анэксаванага Крыма. Стартавыя цэны на іх — ад 500 грыўняў (каля 20 долараў). Усе сродкі, атрыманыя ад іх продажу, пойдуць на падтрымку палітвязняў украінцаў і падарункі ім да Дня незалежнасці Украіны. Усяго арганізатары плануюць дапамагчы 48 палітвязням.
Паводлеunian.net