Папа Рымскі і яго скандалы. Дасье ў карыкатурах

У Ватыкане 31 снежня на 96-м годзе жыцця памёр Папа Рымскі на спакоі Бенедыкт XVI. Вывучаючы яго спадчыну, шмат хто прыходзіць да высновы — гэта быў самы скандальны пантыфік як мінімум найноўшага часу.

Хаця, магчыма, сам нябожчык адказны за гэты хіба ўскосна. Як вядома, Ёзеф Ратцынгер не хацеў абірацца Папам. Яшчэ будучы кардыналам, ён марыў пакінуць Рымскую курыю, каб пісаць тэалагічныя трактаты. Аднак кардыналы на канклаве прагаласавалі менавіта за яго. Давялося надзець папскую сутану і браць сабе новае імя. Так Ратцынгер стаў Бенедыктам XVI.
Грамадскасць прыязна паставілася да яго персоны. Асабліва ў захапленні ад навінаў з Ватыкана былі немцы. Упершыню амаль за тысячу год іх суайчыннік заняў такую крутую пасаду. Нядзіўна, што новы Папа ў тых жа нямецкіх карыкатурах выглядаў вельмі прывабна. Адзін карыкатурыст марыў, што новы пантыфік абвесціць любімае немцамі піва сакральным напоем.  

1_648.jpg


Пры гэтым шмат хто лічыў, што новы Папа дасць зялёнае святло радыкальным рэформам царквы. Аднак Бенедыкт наадварот выявіў сябе як заўзяты кансерватар. У 2006-м «папа Ратцы» выступіў з лекцыяй аб ролі розуму ў хрысціянстве і ісламе. Пры гэтым ён працытаваў словы нейкага візантыйскага імператара XIV стагоддзя аб тым, што прарок Мухамед нібыта прынёс свету «нешта злое і бесчалавечнае». Гэтыя словы выклікалі бурную рэакцыю ў ісламскай супольнасці. Самыя радыкальныя ісламісты ўвогуле пагражалі атакаваць Ватыкан. Аднак былі і тыя, хто лічыў, што гэта пантыфік стаў ахвярай радыкалаў. Адзін з кансерватыўных мастакоў наступным чынам выявіў публіку, якой не падабаліся словы Бенедыкта.  

2_600.jpg


Не паспеў сціхнуць гэты скандал, як разгарэўся іншы. Улетку 2007 года Бенедыкт XVI аднавіў у правах старую дарэформенную лацінскую імшу, у якой прысутнічае антысеміцкі пасаж. У адказ на пратэст у 2009 годзе Папа вырашыў наведаць Ізраіль. Напярэдадні візіту шмат хто баяўся, што Папа зноў скажа нешта не тое. Асцярогі знайшлі адлюстраванні ў карыкатурах. На гэтым малюнку хрысціяне Іерусаліма моляцца, каб Папа ў час туру не выступаў з пропаведдзю.

3_537.jpg


Часам сапраўды цяжка зразумець тых, хто пісаў тэксты для выступаў Бенедыкта. Так, падчас турнэ па Афрыцы Бенедыкт XVI заявіў, што выкарыстанне прэзерватываў толькі пагаршае праблему СНІДу. Фраза выклікала хвалю крытыкі з боку няўрадавых арганізацый, якія імкнуцца мабілізаваць грамадства на барацьбу са СНІДам у краіне. А мастакі ў сваю чаргу пачалі маляваць папу як змагара з тымі прэзерватывамі.

4_501.jpg


Прыкладна ў гэты ж час стала вядома, што Папа аднавіў дыялог з традыцыяналістамі, адлучанымі ад царквы ў 1988 годзе ў тым ліку за адмаўленне Халакосту. Тут жа ўсе пачалі згадваць той факт, што ў юнацкім узросце Бенедыкт знаходзіўся ў нацысцкай моладзевай арганізацыі «Hitlerjugend». Выява Папы як нацыста спадабалася аўдыторыі ліберальных СМІ.

5_465.jpg


Зрэшты, тэма «папа-нацыст» — дробязь у параўнанні са скандалам вакол таго, што Папа быццам абараняў святароў-педафілаў. Такое абвінавачанне з'явілася з-за адмовы Ватыкана супрацоўнічаць са следствам у расследаванні выпадкаў гвалту над дзецьмі біскупамі ў Ірландыі. Гэта ў тым ліку стала падставай цэлай серыі карыкатур, у якіх папа выглядае апекуном педафілаў. На гэтым малюнку ён заплюшчвае вочы на педафілію ў храме, нібы гуляючы ў хованкі. Трэба сказаць, што такі партрэт дастаткова аднабокі. Пантыфік неаднаразова сустракаўся з ахвярамі педафілаў з розных краін і запэўніваў іх, што адчувае «сум і сорам» з-за злачынстваў святароў.

6_342.jpg


У сярэдзіне 2012 года выбухнуў чарговы скандал. У СМІ з'явілася шакавальная інфармацыя, якая атрымала назву Vatileaks — па аналогіі з WikiLeaks. У публікацыях была прадстаўлена асабістая перапіска Папы наконт карупцыі ва ўпраўленні ў Рымска-каталіцкай царкве. У выніку быў затрыманы і асуджаны нехта Паола Габрыэле, які служыў камердынерам Бенедыкта XVI. Пачалася новая кампанія супраць папы, якую падхапілі некаторыя графікі. Адзін з іх лічыць, што папа заслугоўвае пакарання з боку анёла за свае аферы ў рамках Vatileaks.

7_245.jpg


Афера Vatileaks, хутчэй за ўсё, стала апошняй кропляй у цярпенні Бенедыкта XVI. У пачатку 2013 года падчас збораў кардыналаў ён сказаў на лаціне, што вырашыў пакінуць пасаду па стане здароўя. Гэта быў панядзелак, 11 лютага. Дарэчы, пасля ранішняй аб'явы аб адстаўцы маланка ўдарыла ў купал сабора Святога Пятра. Вестка аб адрачэнні папы Бенедыкта стала для ўсіх нечаканасцю. Так ці інакш, адстаўку Бенедыкта разглядалі як разгром фракцыі кансерватараў у Ватыкане, пра што сведчыць хаця б гэта карыкатура.

8_164.jpeg

На той момант Ратцынгеру было 85 гадоў. Наступныя дзесяць ён правёў у якасці папы-эмірытусу, гэта значыць ганаровага пантыфіка, у адным з манастыроў. Яго зыход з жыцця не стаў нечаканым на фоне шэрагу навін аб пагаршэнні здароўя.
Затое была нечаканая рэакцыя каталікоў на сумную навіну. Лічылася, што працэдура развітання з Бенедыктам не выкліча асабістай цікавасці сярод вернікаў. Аднак развітацца з Папам прыйшло вельмі шмат людзей. Некаторыя з іх нават называюць яго «апошні Папа», баючыся, што цунамі перамен, якія пачаліся ў Касцёле, цалкам зменіць гэты інстытут.
Адзін з амерыканскіх кансерватыўных мастакоў ужо графічна фантазуе над тым, як неўзабаве будуць выглядаць пантыфікі. Тут рымскі папа падобны на супрацоўніка Wallmart (сетка супермаркетаў у ЗША), якія працуюць з дробнымі кліентамі ў супермаркетах. Прычым на малюнку Wallmart таксама выступае спонсарам Касцёлу.  

9_132.jpg