Пратэсты ў Францыі — назад у будучыню

Некаторыя правыя французскія выданні разглядаюць цяперашнія пратэсты супраць аднаполых шлюбаў як паўтор падзей 1968 года. 45 гадоў таму, у маі 1968-га, Францыя стаяла на вушах. Студэнцкія хваляванні сталі каталізатарам агульнанацыянальнага страйку і шырокага грамадскага руху за сацыяльную рэвалюцыю.



manif_pour_tous1.jpg

Удзельніцы «La Manif pour tous»

 Хаця ў выніку (не без удзелу Кампартыі) рэвалюцыйны энтузіязм саслабеў, Парыжскі, або Чырвоны, май (так назвалі тыя падзеі) даў зялёнае святло глабальным сацыя-культурным пераменам. Яго непасрэдным прадуктам лічыцца змена культурнай парадыгмы еўрапейскай цывілізацыі, што прынесла нам фемінізм, сэксуальную рэвалюцыю, экалагічны светапогляд.

 

Цяпер, калі верыць некаторым правым СМІ, мы зноў перажываем 1968 год, але толькі люстэркава. Прыклады? Калі ласка. Хіба паўмільённыя маніфестацыі ў Парыжы руху «La Manif pour tous» (Дэманстрацыя для ўсіх) супраць аднаполых шлюбаў не нагадваюць мільённыя дэманстрацыі рабочых і студэнтаў 45-гадовай даўніны? Жорсткія сутычкі гамафобаў з паліцыяй (падчас апошняй бойкі было паранена 34 паліцэйскіх) можна параўнаць з тагачаснымі барыкаднымі баямі ў Лацінскім квартале. Таксама звяртаецца ўвага на прысутнасць на вылазках гамафобаў вялікай колькасці моладзі, на спантанны характар акцый, наяўнасць творчай эстэтыкі — атрыбуты Парыжскага маю.

 

І самае галоўнае — гамафобамі, на думку правых палітолагаў, рухае не хуткаплынная палітычная кан’юктура, а сапраўды рэвалюцыйная мараль. «Ёсць рухі, якія адрозніваюцца ад іншых. «La Manif pour tous» належыць да тых, якія не звязаныя з матэрыяльнымі патрабаваннямі. Гэта філасофская, этычная, духоўная барацьба. Дэбаты (наконт аднаполых шлюбаў) падзялілі грамадскую думку па пытанні: ці можа палітычная рэформа разглядацца па-за этычнай перспектывай. Іншымі словамі: ці не супярэчыць прыняты на аснове рэспубліканскіх каштоўнасцяў закон калектыўнаму паняццю «дабро»?», — піша правае інтэрнэт-выданне «Nouvelles de France».

 

Парадаксальным чынам гэтаму спрыяла фармальнае фіяска «La Manif pour tous». Нагадаем, што 17 мая Канстытуцыйны суд Францыі — вышэйшая судовая інстанцыя — прызнаў, што закон аб аднаполых шлюбах адпавядае прынцыпам Канстытуцыі. Пасля рашэння канстытуцыйных суддзяў актыў «La Manif pour tous» ахапіў крызіс жанру, і нават нейкая фрустрацыя. Так, адзін з яго актывістаў пісьменнік Дамінік Венэр (Dominique Venner) пусціў сабе кулю ў галаву ў саборы Парыжскай Божай Маці.

 

Паколькі ідэя адмены закона праз ціск на дзяржаўныя інстытуты страціла сэнс, ініцыятыву ў правых партый перахапілі вулічныя гамафобы. Цяпер у Францыі можна сустрэць шмат незвычайных ініцыятыў у гэтай галіне. Як, напрыклад, рух «Hommen» (антыпод вядомай фемінісцкай ініцыятывы «Femen») — мужыкі з голымі торсамі, якія блакуюць грамадскія аб’екты на знак пратэсту супраць гомашлюбаў. Або рух чыноўнікаў муніцыпалітэтаў, якія вырашалі не рэгістраваць аднаполыя шлюбы нават пад пагрозай штрафу. Заклік радыкальных каталіцкіх студэнцкіх арганізацый да правядзення дэманстрацый каля будынкаў мэрый у той час, калі там рэгіструюцца аднаполыя шлюбы.

 

Ёсць нават адкрыта экстрэмісцкія праекты. Напрыклад, група «Платформа Французская вясна» (Plattform Printemps francais), якая ўзнікла ў сакавіку гэтага года ў выніку расколу «La Manif pour tous». Платформа заклікала да арганізацыі ў Парыжы французскага Майдана — сталага шматтысячнага мітынгу, пад ціскам якога парламент мог бы адмяніць ненавісны закон. Спроба арганізаваць парыжскі Майдан ці пляц Тахрыр не знайшла шырокай падтрымкі ў грамадстве, аднак Платформа і яе лідар Беатрыс Буржэ працягваюць змагацца. Так, Беатрыс назвала цяперашні рэжым «урадам калабарантаў», што па сутнасці значыць заклік да партызанкі.

 

Фраза пра калабарацыяністаў зацікавіла дырэктара МУС, які забараніў групоўку. Аднак забарона «Платформы» не значыць, што грамадства застрахаванае ад з’яўлення феномену антыгейскага экстрэмізму і тэрарызму, які, напрыклад, даўно стаў часткай палітычнага жыцця ў Злучаных Штатах. У сваю чаргу, у субкультуры геяў, здаецца, таксама хапае сваіх адмарозкаў.

 

Наколькі такая вялікая колькасць грамадзянскіх ініцыятыў гамафобскага накірунку здольная стварыць новае культурнае поле, як было ў 1968 годзе? Пытанне дасюль адкрытае.

 

Антаганісты з левых СМІ не жадаюць прызнаваць тэзіс пра прыход новага 1968-га. Будучы адэптамі марксізму, яны нагадваюць, што рэвалюцыя 1968-га была выклікана супярэчнасцямі ў грамадскай структуры тагачаснай Францыі. Дзяржаўны патэрналізм генерала дэ Голя не ўпісваўся ў новую мадэль эканомікі, якой былі патрэбныя творчыя кадры. На думку левых палітолагаў, мы проста сталі сведкамі часовай радыкалізацыі гамафобскага руху — наступства таго, што прапагандысты гетэрасэксуальных шлюбаў вычарпалі легальныя сродкі барацьбы, і ініцыятыву перахапілі радыкалы. Апошнія навязваюць руху больш радыкальныя і рэакцыйныя лозунгі, што і стварае ўражанне рэвалюцыйнага характару працэсу.

 

Аднак, на думку левых, доўга гэты блок не праіснуе. Супярэчнасць паміж забабонамі французскага буржуа і канцэптамі правых радыкалаў відавочная. Напрыклад, адна з груповак гамафобаў занялася пікетамі парыжскага офісу масонскай ложы Вялікі Усход, якую вінавацяць у падрыхтоўцы Вялікай французскай Рэвалюцыі, якая, у сваю чаргу, быццам, знішчыць традыцыйную сёння мараль.

 

Часта ў гамафобскіх СМІ можна пачуць арыгінальны тэзіс пра тое, што ўдзел у акцыях пратэсту супраць аднаполых шлюбаў — лепшы сродак утрымацца ад спакусаў Сатаны.

 

Таму пра рымейк траўня 1968-га пакуль казаць рана. Лепш казаць пра рэцыдыў успрымання рэвалюцыі 1789 года і яе наступстваў сярод той часткі французаў, якая звязаная з царквой або вядзе кансерватыўны лад жыцця. Мадэрнізацыя і адмова ад старых шаблонаў трактуецца імі праз прызму траўматычнага вопыту перажывання рэвалюцыйнага замаху на натуральны парадак рэчаў. Аднак можна спрачацца, наколькі тут сапраўды шмат жадання да рэвалюцыйных пераменаў.

 

Акрамя таго, парыжскі май 1968-га быў кульмінацыяй сусветнага студэнцкага пратэсту. У нашым выпадку масавыя гамафобскія пратэсты ў Францыі выглядаюць выключэннем нават на фоне суседніх краін, дзе падобныя законы прайшлі амаль незаўважна. Так, правае нямецкае выданне «Junge Freiheit», вітаючы гамафобскі імпэт французаў, прызнае, што мы маем справу з нацыянальным французскім тэмпераментам.

 

Праўда, год таму, калі Франсуа Аланд даў старт скандальнаму закону, левыя самі не чакалі такога маштабу гамафобскіх пратэстаў. Таму лепш пачакаць да выбараў у наступным годзе ў той жа Еўрапарламент і мясцовыя органы ўлады. Калі тэма гамафобіі і кансерватыўныя фішкі сапраўды пайшлі ў масы французаў, гэта неяк адлюструецца на палітычных дэбатах і праграмах кандыдатаў.