Апагей канфлікту

Францыя шакавана пасля нападу, які быў здзейснены ў сераду вечарам на маладога ўльтралевага актывіста. У чацвер французская паліцыя арыштавала чацвярых падазраваных у нападзе на 18-гадовага студэнта. Міністр унутраных спраў Францыі кажа, што гэта вынік канфлікту вакол дазволу гей-парам брацца шлюбам і ўсынаўляць дзяцей.



clement_meric_parigi.jpg

Клеман Мерык, 18-гадовы студэнт Інстытута палітычных навук і чалец левага прафсаюза «Салідарныя» (Solidarites), з сябрамі знаходзіўся ў краме адзежы, недалёка ад Галеры Лафает і вакзала Сан-Лазар у Парыжы. У тую ж краму зайшлі трое нацы-скінхэдаў, сярод якіх была адна кабета. Як расказалі потам сведкі, у аднаго са скінхэдаў на шыі было тату ў выглядзе свастыкі. Пасля моўнай сваркі, скінхэды выйшлі з крамы. Як потым аказалася, яны ішлі за падмогай.
 

На выхадзе з крамы на Клемана Мерыка напалі адразу некалькі чалавек. Ён атрымаў удары па твары, адзін са скінхэдаў біў кастэтам. Апроч таго, валячыся, юнак стукнуўся патыліцай аб слуп. Адразу ж пасля падання ў яго пачаліся канвульсіі і ён знепрытомеў. Клемана Мерыка адвезлі ў лякарню, дзе праз некаторы час ён памёр.

Палітыкі ўсіх плыняў аднагалосна асудзілі напад. Аднак услед за гэтым пачаліся дэбаты з нагоды магчымай забароны некаторых ультраправых груповак.
 

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, які знаходзіцца з візітам у Японіі, пракаментаваў падзею журналісту RFI:

«Я папрасіў міністра ўнутраных спраў знайсці, перадусім, удзельнікаў нападу. Потым, па выніках следзтва, мы зробім усе патрэбныя высновы, у тым ліку, што тычыцца груповак, да якіх могуць належаць агрэсары. Яны заслугоўваюць самай цяжкай кары.
 

Нам трэба зразумець, што ж адбылося, праверыць, ці насіў гэты напад палітычны характар. Маё асуджэнне гэтага ўчынку — самае наважнае. Гэтыя групы, якія ўжо цягам доўгага часу сеюць бязладзіцу, павінны быць утаймаваны.
 

Зараз жа, як я ўжо сказаў, ідзе следзтва. І не трэба забягаць наперад, каб не ствараць лішняй атмасферы страху. Цяпер і без таго ўжо склалася даволі цяжкая атмасфера. Добра, што ўсе палітычныя плыні Францыі выказаліся з асуджэннем гэтага нападу. Нам трэба зрабіць усе патрэбныя высновы з гэтай гісторыі, якая, на жаль, скончылася так трагічна для гэтага маладога чалавека».

«Гэты малады чалавек быў левым актывістам, а нападнікі належаць да плыні, злучанай з ультраправымі. Гэта здаецца ясным», —- сказаў міністр унутраных спраў Францыі Маню эль Вальс, які пабываў на месцы здарэння. — «З гэтым забойствам злучана ўльтраправая групоўка».
 

Для кіраўніка французскага МУС гэты напад з'явіўся вынікам таго, што за апошні час, у прыватнасці, падчас дэбатаў пра прыняцце закона пра аднаполыя шлюбы, на публіку стала вылівацца зашмат негатыва. «За нянавісцю моўнай вынікаюць дзеянні. Мы не павінны дапусціць, каб гэта нянавісць стала штодзённай», — дадаў Маню эль Вальс.

Паводле russian.rfi.fr