«Расія хоча вайны. Але Расія не зможа спыніць ход гісторыі». Асноўныя падзеі вайны ва Украіне 22 верасня

Расіяне знішчылі вагоны-рэфрыжэратары з целамі сваіх вайскоўцаў, калі ўдарылі па вакзале ў Харкаве. Пра гэта паведаміў спікер Адэскай вобласці Сяргей Братчук.

photo_2022_09_22_12_52_02.jpg

Расія і Украіна абмяняліся палоннымі: больш за 200 украінскіх вайскоўцаў, у тым ліку камандзіраў «Азова», абмянялі на 55 расіян і Віктара Медведчука.

«Мы абмянялі 200 нашых герояў на Медведчука, які ўжо даў усе магчымыя паказанні следству. А пяцярых герояў-камандзіраў "Азоўсталі" — на 55 расійскіх палонных, якія не ўяўляюць для нас ніякай цікавасці», — парадаваліся ў Кіеве.

Уладзімір Зяленскі пракаментаваў абмен палоннымі так: «Гэта адназначна перамога для нашай дзяржавы, для ўсяго грамадства. А галоўнае — для 215 сем'яў, якія змогуць убачыць сваіх блізкіх у бяспецы. Герой Украіны Яўген Бава. Герой Украіны Леў Пашко. Герой Украіны Дзяніс Пракапенка. Усяго 108 байцоў “Азова”, 188 герояў “Азоўсталі” і Марыупаля. Восем — параненыя падчас расійскага тэракту ў Аленаўцы. Агулам 215 герояў! Гэта воіны Нацгвардыі, нашай арміі, ваенна-марскіх сіл, пагранічнікі, паліцэйскія, тэрабаронцы, супрацоўнікі СБУ і іншыя. Яшчэ раз дзякую ўсім, хто рэалізаваў гэтую перамогу для Украіны».

Расія пры пасрэдніцтве Саудаўскай Аравіі вызваліла 10 замежнікаў, узятых у палон, у тым ліку брытанца Эйдана Эсліна, асуджанага судом самаабвешчанай ДНР да смяротнага пакарання.


На акцыях пратэсту, што прайшлі па ўсёй Расіі, у тым ліку ў Маскве і Санкт-Пецярбургу пасля абвяшчэння мабілізацыі, затрыманы, паводле «ОВД-Інфа», больш за 1300 чалавек.

Расійскія войскі за мінулыя суткі нанеслі ўдары па Запарожжы, Нікапалі і Крывым Рогу. Пра гэта паведамілі кіраўнікі ўкраінскіх рэгіянальных адміністрацый. Так, расійскія войскі ўдарылі па Запарожжы і яго прыгарадзе дзевяццю ракетамі. Пацярпеў атэль у Цэнтральным парку, там істотныя разбурэнні, людзі застаюцца пад заваламі, працуюць ратавальнікі. Таксама ёсць траплянне ў электрычную падстанцыю і тэлевежу.

Ноччу па Нікалаеве быў здзейснены масіраваны ракетны абстрэл, верагодна, зенітна-ракетнымі сістэмамі С-300. Пашкоджаны шматпавярховыя дамы, газаправод, вадаправод, адміністрацыйныя будынкі. Папярэдне абышлося без ахвяр і пацярпелых. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.

У Харкаўскай вобласці падчас правядзення рамонтных работ падарваліся на міне двое супрацоўнікаў «Харкаўаблэнерга» і адзін супрацоўнік ДСНС. Адзін з іх загінуў, двое шпіталізаваныя. За мінулыя суткі ў Купянскім раёне паранены пяць чалавек, у тым ліку 13-гадовае дзіця, у Харкаўскім раёне — адзін паранены.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі пяцёра мірных жыхароў: двое ў Курахаве, па адным — у Бахмуце, Аўдзееўцы і Карлаўцы. Яшчэ 12 чалавек атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Генасамблеі ААН заклікаў стварыць спецыяльны трыбунал па справе аб злачынствах Расіі і распрацаваць механізм кампенсацыі шкоды ад вайны:

«Украіна хоча міру. Еўропа хоча міру. Увесь свет хоча міру. І мы ўбачылі, хто адзіны хоча вайны.

Я звяртаюся ад імя дзяржавы, якая вымушана абараняцца. Але якая мае формулу міру. Гэта формула, якая карае за злачынствы, абараняе жыццё, аднаўляе бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць, гарантуе бяспеку і выказвае рашучасць.

Расія хоча вайны. Але Расія не зможа спыніць ход гісторыі. Чалавецтва і міжнароднае права мацнейшыя, чым адна дзяржава-тэрарыст. Расіі давядзецца заканчваць гэтую вайну. Вайну, якую яна пачала».