«Регнум» абвінавачвае Захараву ў паклёпе
Расійскае агенцтва Regnum заявіла, што падае ў суд на афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расіі Марыю Захараву, абвінаваціўшы яе ў паклёпе.
Заява размешчана на сайце агенцтва.
«Захарава, карыстаючыся службовым становішчам, здзейсніла акт свядомай дыфамацыі, распаўсюдзіла відавочную і наўмысную хлусню, абгаварыўшы журналістаў ІА Regnum і агенцтва ў цэлым», гаворыцца ў заяве.
Згодна з пазіцыі агенцтва, Захарава на брыфінгу 27 снежня, каментуючы затрыманне ў Беларусі журналістаў Regnum, абвінаваціла агенцтва ва ўжыванні тэрмінаў «неданарод» або «недадзяржава» ў дачыненні да беларусаў і Беларусі.
«Аднак слова «неданарод» не магло ўжывацца ў публікацыях ІА Regnum ні ў дачыненні да беларускага, ні ў дачыненні да якога б там ні было народа, і не магло ўжывацца ў прынцыпе, бо гэтае слова з нацысцкага слоўніка <...> А слова «недадзяржава» ўжывалася аўтарам ІА Regnum толькі ў дачыненні да Украіны і тых, хто свядома ідуць па яе шляху», — падкрэсліваецца ў заяве агенцтва.
Галоўны рэдактар Regnum Мадэст Колераў растлумачыў РБК, што Марыя Захарава падтрымала «паклёпніцкую байку», апублікаваную беларускімі СМІ і паўтораную расейскім амбасадарам у Мінску.
«Калі яна [Захарава] гэта не адносіла да «Регнум» адмыслова, а вымавіла праз коску ў адным кантэксце, яна павінна даць тлумачэнне», — адзначыў ён. І нават калі такое тлумачэнне будзе дадзена, пазоў да Захаравай ў любым выпадку будзе пададзены, падкрэсліў Колераў.
«Мы высвятлім [у які суд падаваць] — па месцы жыхарства або па месцы працы [Захаравай]. Юрысты усё вырашаць. Гэта ўжо дэталі», — дадаў ён.
Марыя Захарава ў размове з РБК паведаміла, што каментар на гэтую тэму будзе ў бліжэйшы час апублікаваны на афіцыйным сайце МЗС Расеі.
У пачатку снежня ў Беларусі распачалі справу па арт.130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці) у дачыненні да трох супрацоўнікаў расійскіх СМІ.
У прыватнасці, гаворка ішла пра матэрыялы аўтараў Regnum Юрыя Паўлаўца (пісаў пад псеўданімамі Мікалай Радоў і Павел Юрынцаў), Дзмітрыя Алімкіна (псеўданім — Ала Бронь) і Сяргея Шыпценка (псеўданім — Артур Грыгор'еў). Яны былі затрыманыя і заключаны пад варту.
Агенцтва Regnum абвінавачванні ў свой адрас, а таксама ў адрас затрыманых, назвалі «інспіраванымі». «Рэдакцыя лічыць сваіх затрыманых у Беларусі аўтараў палітычнымі вязнямі», — гаварылася ў заяве агенцтва.
Паводле belaruspartisan.org