«Агідна-цынічная фіксацыя»
У Гродне судзяць дзяўчыну за эратычнае фота з элементамі порна ў Вконтакте.

Гродзенку Дыяну вінавацяць у распаўсюдзе парнаграфіі. Яе крымінальную
справу 27 снежня пачаў разглядаць суд Кастрычніцкага раёна Гродна. У
сакавіку дзяўчына захавала пікантную фатаграфію ў альбом «Захаваныя» ў
Вконтакте. Гэта фота і прыцягнула ўвагу следчых.
24 сакавіка, каля 17:14, Дыяна, карыстаючыся сваім тэлефонам Nokia захавала ў альбом, які даступны да публічнага прагляду, фота, на якім часткова бачны палавы орган мужчыны.Сама яна сцвярджае, на экране яе старога тэлефона не разгледзела фота ў дэталях: ёй падалося, што гэта проста забаўны эратычны малюнак.
Цяпер, згодна з ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэксу Дыяне пагражае нават пазбаўленне волі ад двух да чатырох гадоў. У яе ёсць шасцігадовы сын.
«Там была канструкцыя з трох аголеных чалавечых целаў, але палавога органа ў мужчыны на сваім маленькім тэлефоне я не ўбачыла. Захавала фатаграфію, бо планавала потым яшчэ паглядзець яе, але не распаўсюджваць. Так атрымалася, што я забылася пра гэты здымак. У сярэдзіне восені да мяне прыйшла маліцыя. Прыйшлі яны ўжо з гатовай экспертызай малюнка», — кажа Дыяна.

Вось вытрымка з мастацтвазнаўчай экспертызы №834 ад 02.09.2016:«Фрагмент сцэны групавога аральна-генітальнага кантакту з вульгарна-натуралістычнай, агідна-цынічнай, непрыстойнай фіксацыяй палавых зносін, самамэтавай, наўмыснай дэманстрацыяй пераважна аголеных геніталій, антыэстэтычных сцэн палавога акту, сэксуальных вычварэнняў, якія не адпавядаюць маральным крытэрыям, абражаюць гонар і годнасць асобы, ставячы яе на ўзровень праяўлення інстынктаў жывёл».
У Дыяны правялі дома ператрус — шукалі порнаматэрыялы, але нічога не знайшлі. Таксама арыштавалі тэлевізар і мабільны тэлефон. На працу прыйшоў ліст з інфармацыяй, што дзяўчына захоўвала і распаўсюджвала ў сеціве порна. Прыходзілі дадому і прадстаўнікі аддзела адукацыі — ім Дыяне прыйшлося даказваць, што гэта не яна на фота.
«Мяне абурае, што яны звярнулі ўвагу толькі на адну эратычную фатаграфію з тысячы нармальных здымкаў. З мяне хочуць зрабіць нейкага ўладальніка порнаіндустрыі. Гэта няправільна, бо я толькі захоўвала, але ніяк не распаўсюджвала. Я спадзяюся на мяккае пакаранне, бо не з’яўляюся злосным правапарушальнікам. Сапраўдных злачынцаў хапае і без мяне».
Дыяна — маці-адзіночка, жыве разам з сынам. Зараз сям’ю забяспечвае малады чалавек Дыяны і яе бацькі.
Першае паседжанне суда доўжылася каля двух гадзін, але з-за адсутнасці галоўнага сведкі, справу вырашылі працягнуць у студзені.
Паводле hrodna.life