Рэйганы адказныя за СНІД
Смерць Нэнсі Рэйган, жонкі былога прэзідэнта Рональда Рэйгана, узняла праблему адказнасці яго адміністрацыі за распаўсюд эпідэміі СНІДу.
Фота www.fakty.interia.pl
De mortuis et absentibus nihil nisi bene (пра нябожчыкаў або добра, або нічога), сцвярджае лацінская прымаўка. Магчыма, з гэтай устаноўкі сыходзіла Хілары
Клінтан, калі прыпісала Нэнсі Рэйган, якая пайшла з жыцця 11 сакавіка, такую заслугу, як прыцягнення ўвагі да праблемы СНІДу. Хілары Клінтан заявіла: «Зараз
немагчыма ўявіць, як было цяжка для людзей казаць пра праблему СНІДу ў 1980-х гадах. І дзякуючы ў прыватнасці Нэнсі Рэйган, мы пачалі нацыянальную размову на гэту тэму. І гэта тое, што трэба
шанаваць. Тады людзі сталі казаць: «Эй, мы павінны зрабіць нешта таксама»...
Сентэнцыя Клінтан выклікала ў грамадстве сапраўдную буру. Шматлікія грамадскія і палітычныя арганізацыі абвінавацілі Хілары ў тым, што яна выдала кампліменты на адрас асобы, якая разам з мужам перш за ўсё адказная за выбух СНІДу ў Злучаных Штатах. Некаторыя дазволілі сабе вельмі катэгарычныя ацэнкі: «Калі сапраўды існуе пекла, то Рональд і Нэнсі дакладна знаходзяцца там». Так, у прыватнасці, заявіла адна з лідарак фемінісцкіх арганізацый, якая сцвярджае, што 40 працэнтаў яе сяброў памерлі ў 1980-я гады ад СНІДу.
Як і чым канкрэтна Рэйганы спрыялі распаўсюду сіндрому набытага імуннага дэфіцыту? Перш за ўсё, на думку рэйганафобаў, у Вашынгтоне пры Рэйгане праігнаравалі інфармацыю з Сан-Францыска ў 1981 годзе, адкуль прыйшлі першыя навіны пра незвычайную хваробу сярод мясцовых гомасексуалістаў.
Тое, што на гэта не звярнулі ўвагу, не было тэхнічным праколам у працы Дзярждэпу. Рэйган прыйшоў да ўлады за кошт галасоў кансерватыўных амерыканцаў і, натуральна, не хацеў губляць свой электарат праз праяву інтарэсу да праблем «вычварэнцаў». Больш за тое, сярод часткі рэспубліканцаў была папулярна думка, што СНІД — нейкая Божая кара для вычварэнцаў, якую трэба негалосна вітаць. Некаторыя прадстаўнікі адміністрацыі нават жартавалі падчас прэс-канферэнцый, каментуючы навіны наконт росту смерцяў ад СНІДу. Варыянты, што ахвярамі вірусу могуць быць іншыя людзі, у атачэнні Рэйгана нейкі час проста не разглядаліся.
Дадатковы аргумент крытыкаў Рэйгана звязаны з тым, што прэзідэнту асабліва было ўласціва адмоўнае стаўленне да геяў. Напрыклад, ён стала выкрэсліваў з «чарнавікоў» сваіх выступаў усё пасажы, што тычыліся праблемы СНІДу і сексуальных меншасцяў. У 1985 годзе ён нават не адрэагаваў на смерць яго асабістага сябра ад СНІДу. Увогуле, толькі на шостым годзе свайго прэзідэнцтва Рональд Рэйган нарэшце выціснуў з сябе на публіцы слова «СНІД». На гэты момант ад вірусу ў ЗША памерлі каля 21–25 тысяч чалавек. Найбольш радыкальныя даследчыкі лічаць, што ў перспектыве канчатковая лічба ахвяраў рэйганаўскай палітыкі ў сферы СНІДу складае 600 тысяч чалавек.
Маўчанне і пасіўнасць Рэйгана спрыялі ксенафобіі. Усіх геяў і лесбіянак у грамадстве пагалоўна разглядалі як пераносчыкаў смяротнай інфекцыі, што выклікала сапраўдную масавую паранойю. Хворыя на СНІД фактычна апынуліся ў сацыяльнай ізаляцыі. Даходзіла да таго, што некаторыя шпіталі ўвогуле адмаўляліся прымаць хворых на вірус праз страх сапсаваць імідж установы.
Дэманстратыўнае ігнараванне праблемы СНІДу праяўлялася і ў бюджэтнай палітыцы. Справа не толькі ў тым, што пры Рэйгане актыўна скарачалася падтрымка аховы здароўя на фоне імклівага росту фінансавання сілавых ведамстваў. У дзейнасці дзяржаўных фондаў яшчэ існаваў негалосны прынцып — не падтрымліваць даследаванні ў галіне СНІДу. Толькі пры Клінтане, пасля заканчэння 12-гадовай кадэнцыі рэспубліканцаў у Белым Доме, у Вашынгтоне вырашылі правесці абследаванне і забяспечыць лячэнне ўсім амерыканцам, хворым на СНІД.
Пералічанае вышэй дае апанентам Рэйганаў катэгарычна заявіць вуснамі аднаго з грамадскіх актывістаў: «Нэнсі і Рон Рэйган былі функцыянальнай камандай у кіраўніцтве. Яны абодва адказныя за смерць тысяч людзей ад СНІДу ў ЛГБТ-супольнасці з-за іх бяздзейнасці ў 1980-х гадах».
У выніку пасля падобных заяў Хілары Клінтан вырашыла ўзяць свае словы пра заслугі Нэнсі Рэйган назад. «У той час, як пры Рэйганах праводзілі даследаванні ствалавых клетак і пошукаў лекаў ад хваробы Альцгеймера, я абмовілася пра тое, што яны дабіліся нечага ў барацьбе супраць СНІДу. Мне вельмі шкада. Я памылілася», — сказала Хілары.
На самай справе, цяжка сказаць, наколькі апраўданыя радыкальныя нападкі на Рэйганаў. Напрыклад, якраз пры Нэнсі і Рональдзе ў 1987 годзе федэральны ўрад пачаў рабіць замовы на фірмах, якія выраблялі прэзерватывы, для далейшага іх распаўсюду ў групах рызыкі. Адначасова дзяржава пачала падтрымліваць навуковыя медычныя даследаванні ў вывучэнні ВІЧ/СНІД.
Можна выказаць здагадку, што негатыўная рэакцыя наконт слоў Клінтан — шмат у чым следства больш глабальнай тэндэнцыі. Як пішуць палітолагі, Амерыка развіталася з рэйганаўскім дыскурсам, які панаваў у ЗША апошнія 25 год. Лепшыя маркеры крызісу спадчыны Рэйгана — поспех на цяперашніх праймерыз кандыдатаў Берні Сандэрса і Дональда Трампа, якія прапануюць радыкальныя палітычныя альтэрнатывы. Таму, думаецца, сапраўдны, пазбаўлены палітычнай кан’юктуры, вердыкт пра адказнасць Рэйганаў за эпідэмію СНІДу павінен быць зроблены пазней.