«У Пуціна бываюць перыяды неўратызацыі. Магчыма ўсё», — Бялкоўскі аб перспектывах паўтору крымскага сцэнару
Уладзімер Пуцін сёння не гатовы да паўтору крымскага сцэнару ў адносінах да кагосьці з суседзяў Расіі, але гэта не значыць, што такі варыянт у прынцыпе немагчымы.
Уладзімер Пуцін
Такое меркаванне ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" выказаў расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі.
Два гады таму, 18 сакавіка 2014 года, Уладзімер Пуцін падпісаў указ аб прыняцці Рэспублікі Крым у склад Расейскай Федэрацыі — фактычна ў гэты дзень завяршылася аперацыя па анексіі Крыму. Цяпер у Расіі 18 сакавіка — гэта дзяржаўнае свята: «Дзень узяднання Крыму з Расеяй».
«Дэ-факта Крым ужо прызнаны — у тым сэнсе, што ніхто не збіраецца ваяваць за яго»
— Анексіі Крыму ўжо два гады. Ці «КрымНаш» да гэтага часу працуе на ўмацаванне пазіцыяў Пуціна ўнутры краіны, ці палітычны эфект ад далучэння Крыму ўжо знік?
Станіслаў Бялкоўскі
— На сённяшні дзень «КрымНаш» усё яшчэ працуе на Пуціна, хоць, вядома, не гэтак глыбока, шырока і ярка, як два гады таму. Два гады таму гэта было шокам для значнай часткі насельніцтва — сама магчымасць пашырыць Расійскую Федэрацыю за кошт новых тэрыторыяў і пераламіць трэнд на скарачэнне тэрыторыі імпэрыі, які з канца 80-х гадоў XX стагоддзя здаваўся непераадольным. Але і сёння «КрымНаш» — гэта адзін з найважнейшых лозунгаў, які падтрымлівае не толькі большасць насельніцтва, але і значная частка элітаў, якая яшчэ нядаўна скептычна ставілася да Пуціна.
Разам з тым становіцца ўсё больш відавочна, што анэксія Крыму прывяла да правінцыялізацыі як самога паўвострава, які ператвараецца ў мядзведжую дзірку, так і Расіі ў цэлым, якая становіцца ізгоем сусветнай супольнасці і «хворым чалавекам Еўропы». Але для большасці насельніцтва Расіі гэта не такі істотны фактар, як той прыліў нацыянальнага гонару, які быў перажыты два гады таму ў сувязі з дзеяннямі расійскага прэзідэнта.
— Ці здольная Масква дамагчыся саступак ад Захаду па пытанні Крыму — каб Крым быў прызнаны калі не дэ-юрэ, то дэ-факта?
— Дэ-факта Крым ужо прызнаны — у тым сэнсе, што ніхто не збіраецца ваяваць за яго альбо аказваць Украіне настолькі істотную вайсковую
падтрымку, каб яна магла адваяваць паўвостраў самастойна. Дэ-юрэ расійскім Крым прызнаны не будзе. Больш за тое, я гатовы прадказаць узмацненне розных санкцыяў і абмежаванняў
не толькі для паўвострава і кампаніяў, якія там працуюць, але і наагул для суб’ектаў расійскай эканомікі. Злучаныя Штаты як галоўны ідэолаг сучаснага свету ясна даюць
зразумець, што з анексіяй Крыму яны ніколі не змірацца, таму што Пуцін дапусціў істотнае парушэнне правілаў глабальнай гульні, і гэтае парушэнне недаравальнае. Ужо няма
ялцінска-патсдамскага свету, у які хоча вярнуцца расійскі прэзідэнт, таго свету, дзе ўсё вызначалася моцай войскаў і дзе існавалі фіксаваныя зоны ўплыву тых ці іншых буйных
дзяржаў. Гэты свет паваліўся разам з берлінскай сцяной у канцы 1989 году, і ні ЗША, ні Эўразвяз не збіраюцца ў яго вяртацца.
А фармальнае прызнанне Крыму безумоўна б азначала, што мы зноў у ялцінскім-патсдамскім свеце і чалавецтва адкінута больш як на чвэрць стагоддзя
назад.
«Рашэнне аб анексіі Крыму было спантанным і эмацыйным»
— Ці чакаў Пуцін такой кансалідаванай і непрымірымай пазіцыі сусветнай супольнасці па крымскім пытанні? Ці ён разлічваў на больш мяккую рэакцыю?
— Рашэнне аб анексіі Крыму, як мы цяпер ужо пэўна ведаем, было спантанным і эмацыйным. Да канца лютага 2014 году было незразумела, ці збіраецца Масква на самой справе анексаваць Крым, а камандуючыя расійскімі вайсковымі падраздзяленнямі, у прыватнасці Чарнаморскага флоту Расіі, да апошняга баяліся такога сцэнару, бо былі да яго апрыёры не гатовыя, нягледзячы на шматгадовыя разважанні (выключна тэарэтычныя) пра тое, што Крым павінен вярнуцца ў склад Расіі.
Сітуацыя вакол Крыму можа пачаць змяняцца толькі пасля сыходу Уладзімера Пуціна са сваёй пасады. Галоўная праблема ў адносінах Захаду і Расіі — не ўласна
паўвостраў, а сам Уладзімер Пуцін.Калі Пуцін усё гэта праварочваў, ён лічыў, што яму ўдасца дамагчыся саступак ад Захаду дастаткова хутка і спусціць сітуацыю
на тармазах, як пасля асецінскай вайны ў жніўні 2008 году і прызнання Расіяй дзяржаўнай незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Але так не атрымалася,
таму што Пуцін не ацаніў, у наколькі іншых абставінах і іншых акалічнасцях прымаецца такое рашэнне аб анексіі. Ён не зразумеў, што ўсё-ткі адрывае
кавалак незалежнай еўрапейскай дзяржавы Украіны. У адрозненне ад Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, якія дэ-факта не былі падкантрольныя Грузіі, хоць дэ-юрэ ўваходзілі
ў яе склад, Крым і дэ-факта, і дэ-юрэ быў падкантрольны Ўкраіне. То бок сітуацыя была зусім іншая. А Пуцін здзейсніў цэлую чараду неканвенцыйных
учынкаў, якіх Захад яму не даруе.
«Максімум, на што можна разлічваць, — гэта трансфармацыя Крыму ў незалежную дзяржаву»
— Як вы мяркуеце: што будзе ў выніку з Крымам? Ці будзе ён калі-небудзь вернуты Ўкраіне?
— Я не бачу пакуль такой магчымасці. І справа не толькі ў пазіцыі тых ці іншых гульцоў, уключаючы Расійскую Федэрацыю. Справа ў тым, што пераважная большасць насельніцтва Крыму — за знаходжанне паўвострава ў складзе Расіі. Гэта я магу сцвярджаць, таму што, па-першае, ніколі не ўхваляў анексію Крыму, па-другое, шмат разоў бываў у Крыме ў постсавецкі перыяд яго гісторыі, калі ён належаў Украіне, і ведаю, што прарасійскія настроі большасці там былі заўсёды абсалютна відавочныя. То бок з гэтым не пагодзіцца ні насельніцтва Крыму, ні насельніцтва Расіі. Таму, хто б ні быў ва ўладзе ў Маскве, гэтае рашэнне проста тэхнічна неажыццяўляльнае — пра што і кажуць Міхаіл Хадаркоўскі і Аляксей Навальны, і за што іх крытыкуюць тыя апазіцыянеры, якія нават гіпатэтычна не мысляць сябе ва ўладзе, таму могуць шчодра раздаваць любыя абяцанні, якія ім усё адно ніколі не давядзецца выконваць.
Максымум, на што можна разлічваць, — гэта трансфармацыя Крыму ў незалежную дзяржаву. То бок прызнанне дзяржаўнай незалежнасці Крыму, якая будзе падразумяваць пэўны вайсковы і эканамічны пратэктарат Расіі.
«У Пуціна бываюць перыяды неўратызацыі, калі ён гатовы да досыць жорсткіх рашэнняў»
— Паўтарэнне «КрымНаша» з нейкай іншай тэрыторыяй і іншай дзяржавай сёння магчыма? Альбо Крэмль цяпер не гатовы да падобных акцыяў?
— Я мяркую, што на сённяшні дзень Уладзімер Пуцін не гатовы да падобных акцыяў. Аднак многае тут залежыць ад настрою і стану расійскага лідэра ў кожны канкрэтны момант гістарычнага часу. У Пуціна бываюць перыяды неўратызацыі, калі ён гатовы да досыць жорсткіх рашэнняў. Перыяд канца лютага 2014 году быў якраз такі: Пуцін, з аднаго боку, быў абураны Рэвалюцыяй Годнасці ва Ўкраіне, якую ён расцаніў як інспіраваны ЗША дзяржаўны пераварот, а з другога боку, быў у лютасці ад таго, што рэвалюцыя супала з закрыццём Алімпіяды ў Сочы — у яго разуменні гэта быў падвойны ўдар па ім самім, яго рэпутацыі і яго пазіцыях. Акрамя таго, незадоўга да закрыцця Алімпіяды была зафіксавана аварыя прэзідэнцкага верталёта ў Сочы, і многія расцанілі гэта як спробу замаху на прэзідэнта Расіі. Уся гэтая сукупнасць фактараў давяла Пуціна да псіхалагічнага стану, пры якім ён быў гатовы прыняць рашэнне забраць ва Ўкраіны Крым. Цяпер да паўтору такіх рашэнняў ён не гатовы, але гэта ня значыць, што гэта ў прынцыпе немагчыма ў нейкай агляднай перспектыве. Магчыма ўсё.
— Вы неаднаразова казалі пра тое, што канчатковая мэта Пуціна — вяртанне да ялцінска-патсдамскай сістэмы сусветнай палітыкі. За два гады пасля анексіі Крыму яму ўдалося прасунуцца ў вырашэнні гэтага пытання?
— Не, мне здаецца, ён ніколькі не прасунуўся, а наадварот, апынуўся далей ад жаданага выніку. Барак Абама ў сваім нядаўнім праграмным інтэрв'ю выданню «Атлантык» даў зразумець, што Расія не ўспрымаецца еўраатлантычным светам як суб’ект сусветнай палітыкі, годны і гатовы да таго, каб сесці з Захадам за стол перамоваў аб падзеле свету. Дый сам прынцып падзелу свету на фіксаваныя зоны ўплыву застаўся далёка ў мінулым — там, за берлінскай сцяной, якая ўжо 26 гадоў не існуе. Таму Пуцін зусім не наблізіўся да жаданай мэты, хоць у яго часам маглі ўтварацца ілюзіі на гэтую тэму. Кожны раз, калі ЗША дапускаюць пэўныя дыпламатычныя пасажы, выказваюць павагу да Расіі і яе лідэра, Пуціну здаецца, што гэтыя перамовы ў бліжэйшай перспектыве магчымыя. Але гэта ня больш чым ілюзіі.