Украіна. У Кіеве згадалі рэферэндум 17 сакавіка 1991-га

У Кіеве згадвалі рэферэндум 17 сакавіка 1991 года, на якім вырашаўся лёс СССР. Колькі дзясяткаў пенсіянераў мітынгавалі каля Дзесяціннай царквы пад прасавецкімі і прарасейскімі лозунгамі. Мітынг скончыўся скандалам.



Мітынг пенсіянераў у цэнтры Кіева распачала Наталля Вітрэнка — маргінальны ўкраінскі палітык, вядомы фанатычнай прыхільнасцю да СССР і непрыхаванай нянавісцю да ўкраінскай незалежнасці і еўрапейскага выбару Украіны.

У эмацыйнай прамове Вітрэнка выказвала шкадаванне пра страчаную вялікую дзяржаву — Савецкі Саюз, а таксама праклінала Захад, Амерыку і НАТА.

Пенсіянеры, прысутныя на мітынгу, патрабавалі вярнуць СССР, Кіеўскую Русь, а таксама вымагалі стварэння супольнай дзяржавы Украіны, Расіі і Беларусі.

Па хуткім часе мітынгоўцаў разагналі ўкраінскія актывісты. Вітрэнка разам са сваімі прыхільнікамі ўцяклі.

Мужныя пенсіянеры паспрабавалі бараніць транспаранты і чырвоныя сцягі, але ж частку агітацыйнага рыштунку ўратаваць не атрымалася.

Мітынг прыхільнікаў СССР у цэнтры Кіева не быў узгоднены з паліцыяй, але ж праваахоўнікі ніяк не рэагавалі на сходку камуністаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя