Сакрэт Гувера

Выхад на экраны фільма «Дж. Эдгар» (“J. Edgar) пра жыццё заснавальніка ФБР Джона Эдгара Гувера стаў прычынай дэбатаў наконт яго сексуальнай арыентацыі.



b6f97e6f0fd175613910d613d574d0cb.jpg

Выхад на экраны фільма «Дж. Эдгар» (“J. Edgar) пра жыццё заснавальніка ФБР Джона Эдгара Гувера стаў прычынай дэбатаў наконт яго сексуальнай арыентацыі.
Імя Гувера яшчэ пры жыцці стала сінонімам слова “спецслужба. Вельмі часта агентаў ФБР называлі проста “Gmen, што можна расшыфраваць як “людзі Гувера. Сам Гувер (1895–1972) амаль паўстагоддзя займаў пасаду кіраўніка Федэральнага бюро расследаванняў, якое па сутнасці і стварыў, калі яму было ўсяго 30 гадоў. Пры ім ФБР стала важным акторам амерыканскай унутранай палітыкі. Пасля пашырэння паўнамоцтваў ведамства ў 1933–1934 гадах ФБР удалося адсачыць і знішчыць шэраг вядомых гангстэраў. У 1942 годзе ФБР злавіла дзве групы нямецкіх дыверсантаў, якія высадзіліся на ўзбярэжжа ЗША. Арганізацыя таксама праславілася пераследам камуністычнага асяроддзя ў 1940-я гады.
Прыблізна пасля вайны і да самай смерці за Гуверам замацавалася неафіцыйнае прозвішча самага магутнага чалавека ў ЗША. Гэтаму таксама спрыяла тое, што Гувер вёў сакрэтнае дасье на ўсіх больш-менш выбітных палітыкаў, вайскоўцаў і суддзяў. Архівы ён выкарыстоўваў для шантажу сваіх апанентаў, што, дарэчы, напрыканцы жыцця стварыла яму ў грамадстве негатыўны вобраз. Якраз для таго, каб перастрахавацца ад новых гувераў, пасля яго смерці парламент увёў абмежаванне — не больш за 10 гадоў для тых, хто займае пасаду дырэктара ФБР.
Хаця Гувер меў кампрамат на кожнага, супраць яго таксама працаваў чорны піяр. У 1940-я гады ўпершыню з’явіліся чуткі пра тое, што самы магутны чалавек у ЗША мае нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю. Ён цураўся жаночай кампаніі, ніколі не быў жанаты, да 40 гадоў жыў выключна з маці, і галоўнае — падазрона шмат часу праводзіў са сваім намеснікам Клайдам Андэрсанам Толсанам, які таксама не меў раманаў з жанчынамі. Не абышлі праціўнікі Гувера ўвагай і абставіны кар’еры Толсана. Дзякуючы пратэкцыі Эдгара, ён здолеў заняць пасаду намесніка, папрацаваўшы ў ФБР толькі 18 месяцаў.
Сёння дзякуючы фільму Клінта Іствуда сэксуальнасць бацькі ФБР, ролю якога, дарэчы, выканаў славуты актор Леанарда дзі Капрыё, зноў у цэнтры ўвагі амерыканскай грамадскасці. Прэса, гісторыкі, псіхіятры падзяліліся на два лагеры. Стаўка гэтага супрацьстаяння дастаткова высокая. Відавочна, што ФБР баіцца іміджу арганізацыі, якую быццам заснаваў гей. Варта згадаць, што яшчэ на папярэднім этапе стварэння фільма Клінт Іствуд меў размову з кіраўніком ФБР, які патрабаваў не асвятляць у стужцы інтымнае жыццё галоўнага героя. Падобнае патрабаванне на адрас Галівуда выставіў і Фонд памяці Гувера.
Рэжысёр нешта наабяцаў, аднак у выніку сваё абяцанне цалкам не вытрымаў. На экране тэма спецыфічных адносін Эдгара і Клайда час ад часу ўздымаецца. Яны трымаюць адзін аднаго за руку і нават спрабуюць пацалавацца. Нарэшце, Эдгар у адным з эпізодаў фільма апранае жаночае адзенне.
Падобны падыход вітае прагрэсіўная грамадскасць, якая нацярпелася ад Гувера ў часы палявання за ведзьмамі. А тое, што Гувер, магчыма, быў геем, яшчэ больш, на яе думку, падрывае аўтарытэт кансерватараў. Як вядома, гомасэксуалісты прыкладна да 1970 года лічыліся не толькі вычварэнцамі, аднак таксама і латэнтнымі камуністамі, паколькі належалі да контркультурнай сцэны, дзе шмат людзей левых поглядаў.
Нарэшце, дыскусія вакол фільма адбываецца на фоне цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі, на вынікі якой паўплывае пазіцыя кансерватыўнага электарату, які традыцыйна супраць пашырэння правоў сэксуальных меншасцяў.
Усё гэта спрыяе вельмі эмацыйнай ацэнцы фільма і дастаткова кан’юнктурнаму аналізу фактаў біяграфіі былога старшыні ФБР.
Прыхільнікі тэорыі пра гомасэксуаліста Гувера спасылаюцца на шэраг сведчанняў сучаснікаў, якія сталі публічнымі дзякуючы працы гісторыкаў. У кнізе “Official and Confidential: The Secret Life of J. Edgar Hoover аўтара Энтані Самера прыводзіцца фрагмент інтэрв’ю аднаго з сябраў амерыканскай гей-грамады 1940–1950-х гадоў. Па яго словах, ён бачыў Гувера на адной вечарынцы апранутым у ружовую сукенку, панчохі, туфлі на абцасах і парык. Больш таго, Эдгар быццам патрабаваў ад гасцей называць яго “Мэры. Ёсць сведчанне аднаго з агентаў ФБР, які неяк па справах зазірнуў на вілу, дзе жылі Клайд і Эдгар. Па яго словах, нехта з іх фарбаваў другому пазногці на нагах.
Ёсць і сведчанні псіхіятраў. Вядома, што ў 1946 годзе Гувер праходзіў псіхалагічнае абследаванне ў аднаго з лекараў Нью-Ёрку. Праз некалькі сеансаў ён адмовіўся працягваць курс. Жонка псіхіятра, які працаваў з пацыентам, пасля смерці мужа прызнавалася, што той паставіў кліенту дыягназ “гомасэксуалізм. Пазней у мэтах бяспекі доктар знішчыў усе запісы, якія вёў у час прыёму.
Да ўсяго гэтага дадаецца цікавая плётка з 1940-х гадоў. У той час ФБР нечакана аслабіла пераслед структур мафіі, што, на думку некаторых, было звязана з кампраметуючымі матэрыяламі, якія бандыты накапалі на Гувера, пра яго сэксуальныя забабоны. Быццам мафіёзі шантажавалі імі кіраўніка ФБР, і той у якасці платы за маўчанне пагадзіўся заплюшчыць вочы на нейкія крымінальныя афёры.
Аргументаў супраць таксама хапае. Гувер, чаму ёсць шмат доказаў, не любіў гомасэксуалістаў у сваім ведамстве, паколькі яны былі, па яго словах, цудоўнымі аб’ектамі шантажу звонку. Ён сам актыўна распальваў гамафобскія кампаніі — напрыклад, запусціў плётку пра няправільную “арыентацыю Стывенсана, кандыдата на прэзідэнта ад дэмакратаў. Ён жа шантажаваў жонку прэзідэнта Рузвельта Элеанору, перахапіўшы яе эмацыйны ліст да журналісткі Лорэны Хікок.
Не ўсё ясна наконт стаўлення Гувера да жанчын. Ёсць шмат інфармацыі, што ён заляцаўся да адной з акторак, а таксама да маці славутай танцоўшчыцы Джынджар Роджэрс.
Рычард Хэк — гісторык, які абараняе ў сваіх кнігах гетэрасэксуальны статус Гувера, аргументуе свой тэзіс дастаткова лагічна: калі Клайд і Эдгар былі “салодкай парачкай, нашто яны адкрыта рабілі гэта перад камерамі?
Цікава, што пішуць выданні сэксуальных меншасцяў наконт фільма. Яны раяць паглядзець “Дж. Эдгар як гісторыю пакут чалавека, які шукае сваю сапраўдную сэксуальнасць.
Абмежаванасць матэрыялаў не дазваляе даць канчатковы адказ на пытанне, вакол якога цяпер ідуць дэбаты. З гэтага відавочна толькі адно: Гувер, які любіў сакрэты і збіраў іх, змог захаваць таксама свой сакрэт. А гэта ў дадатковы раз сведчыць, што ён быў сапраўдны профі.