Самая індзейская канстытуцыя ў свеце

7 лютага ў Балівіі набыла моц новая канстытуцыя, галоўнае пасланне якой: уся ўлада — індзейцам!  



8f53295a73878494e9bc8dd6c3c7104f.jpg

7 лютага ў Балівіі набыла моц новая канстытуцыя, галоўнае пасланне якой: уся ўлада — індзейцам!

Моду на новую канстытуцыю балівійскі ўрад імпартаваў з Венесуэлы. Там Чавес дабіўся прыняцця новага асноўнага закону, які атрымаў гучную назву — “Баліварская канстытуцыя. Хаця новая канстытуцыя Венесуэлы будавалася на ідэях прававой дэмакратычнай дзяржавы, яе тэкст уключаў у сябе шэраг блокаў, якія не былі вядомыя заходнім дэмакратыям. Напрыклад, галоўным законам дапускалася стварэнне так званых “баліварскіх асамблей, якія фактычна ўяўляюць сабой структуры паралельнай улады.

Аднак Эва Маралес — прэзідэнт Балівіі — пайшоў яшчэ далей.

Увогуле, працэс прыняцця новай канстытуцыі цягнуўся са жніўня 2006 года, калі на пасаду прэзідэнта ўпершыню ў гісторыі краіны быў абраны індзеец Эва Маралес, сябра партыі Рух да сацыялізму (МАS). Ён склікаў канстытуцыйную асамблею. Асамблея працавала аж да снежня 2007 года, калі праект быў прадстаўлены на суд грамадства. Публікацыя праекту выклікала вельмі супярэчлівую рэакцыю. Так ці інакш, на снежаньскім рэферэндуме за яе прагаласаваў 61 працэнт насельніцтва.

Усяго ў канстытуцыі 411 артыкулаў. Самыя цікавыя наступныя:

• Прызнаюцца правы індзейскіх народаў і грамад.

• Індзейскія і іспанскія мовы цяпер роўныя.

• У кожным дэпартаменце павінна хаця б адна індзейская мова ўжывацца як дзяржаўная.

• Уводзіцца новы прынцып адміністратыўнага дзялення: дэпартамент, правінцыя і індзейскія аўтаномія.

• Дэкларавана права Балівіі дамагацца вяртання выхаду да Ціхага Акіяна (краіна была пазбаўлена выхаду да акіяна ў выніку вайны з Чылі напрыканцы ХІХ стагоддзя).

• Забараняецца мець буйныя прыватныя сельскія гаспадаркі.

Увогуле, на думку юрыстаў, новая канстытуцыя — гэта вялікі кактэйль розных прававых канцэпцый (ліберальная традыцыя Захаду, індзейскі трабалізм, ідэя калектыўнай і грамадскай уласнасці, універсалізм, рэгіяналізм, сацыялізм). Спецыялісты кажуць: каб удакладніць некаторыя артыкулы канстытуцыі, трэба будзе прыняць як мінімум сто дадатковых законаў.

Асабліва заблытаная сітуацыя ў галіне мовы: кожная з 37 індзейскіх грамадаў Балівіі атрымлівае правы на нацыянальна-культурную аўтаномію. Некаторыя законы, адпаведна, будуць пісацца на мясцовых мовах. Гаротныя балівійскія юрысты, якім трэба будзе ведаць аж 37 моў.

Акрамя таго, інстытуты самакіравання індзейскіх кланаў агалошаны дзяржаўнымі структурамі. Вось тут і пачынаецца самае цікавае. Рашэнні, які прымаюцца на ўзроўні традыцыйных формаў індзейскага самакіравання (савет правадыроў, агульныя зборы), маюць цяпер статус закону. Аднак у той жа час яны існуюць побач з законамі дэпартаментаў, на тэрыторыі якіх жыве грамада. Які закон у выпадку канфлікту інтарэсаў будзе мець большую моц? У тэксце ёсць пункт пра тое, што індзейцы і ўлады дэпартаментаў мусяць шукаць кампраміс. Але як? Хаос непазбежны. Апазіцыя нават назвала новую канстытуцыю не “канстытуцыяй індзейцаў, а “канстытуцыяй анархістаў.

Аднак галоўны пункт крытыкі канстытуцыі з боку апазіцыі — відавочны падзел грамадзян на дзве расы: індзейцаў і нашчадкаў белых каланізатараў. На хвалі незадавальнення па краіне пракаціўся парад суверэнітэтаў — правінцыі, дзе індзейцы не складаюць большасць насельніцтва, прымалі дэкларацыі, якімі пашыралі свае паўнамоцтвы за кошт кампетэнцый цэнтральнай улады. Маніфестацыі рэгіёнаў выклікалі ў адказ мабілізацыю электарату Маралеса. Да грамадзянскай вайны справа не дайшла, аднак пытанне адносінаў цэнтру і дэпартаментаў канчаткова не вырашана.

Тым больш, што ўрады трох правінцый, якія ў 2008-м абвясцілі суверэнітэт, не збіраюцца адмаўляцца ад ідэі пашырэння правоў, якія яны прыпісалі самі сябе ў выніку рэферэндумаў. Дарэчы, кіраўніцтва правінцыі Санта Круз (самы апазіцыйны цэнтру рэгіён) нават заявіла пра сваё права фармаваць уласную прававую мадэль. Сацыяльная база для канфрантацыі відавочная: у згаданых трох сепаратысцкіх правінцыях праект канстытуцыі падтрымалі толькі каля 40 працэнтаў выбаршчыкаў. Большасць была супраць.

З другога боку, сацыяльная база апазіцыі таксама не вельмі кансалідаваня. Так, 66 працэнтаў жыхароў Санта Круз падтрымалі прапанову Маралеса (якая таксама была вынесеная на разгляд), пра тое, што плошча прыватных зямель мусіць быць абмежаванай памерам у 5 тысяч гектараў.

Хутчэй за ўсё, пра вынікі балівійскага прававога эксперыменту можна будзе казаць толькі праз нейкі час. Між тым, пад уплывам падзей у Балівіі ў суседнім Эквадоры таксама вырашылі прыняць новую канстытуцыю, таксама індзейскую.