Сусветныя цікавосткі: Капут тэлеграфу, вяртанне скрадзеных дзяцей, ці пойдзе Елбасы пад суд?
Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.
Туркменскія скрэпы
Як вядома, нядаўна ў Туркменістане адбыўся трансфер улады ад бацькі (Гурбангулы Бердымухамедаў) да сына (Сердар Бердымухамедаў). Зрэшты, Сердар хутчэй выконвае цырыманіяльныя функцыі. Аднак, здаецца, роля шэрага кардынала экс-гаранта не задавальняе. Ёсць меркаванне, што Гурбангулы вырашыў стаць аяталой — духоўным лідарам, які валодае практычна неабмежаванай уладай і зацвярджае маральныя нормы, якіх павінны прытрымлівацца грамадзяне. На гэты трэнд нібы паказвае дзіўная заклапочанасць улады маральным абліччам жыхароў Туркменістана. У газетах пішуць аб правілах паводзін нявесткі ў сям'і, дзяўчатам перасталі прадаўжаць вадзіцельскія правы, у школах пачалі чытаць лекцыі супраць курэння кальяна.
Ініцыятыва зыходзіць, відавочна, ад Бердымухамедава-старэйшага, які ўскосна выказваў свае прэтэнзіі на туркменскую духоўнасць яшчэ падчас аб'яўлення пераемніка. Перадаючы пост, ён заявіў, што дасягнуў узросту Прарока. Так ці інакш, Аркадаг спрабуе капіяваць іранскую мадэль, што само па сабе выглядае трошкі камічна. У Іране праходзяць самыя масавыя ў гісторыі краіны дэманстрацыі супраць умяшання ўрада ў прыватныя справы грамадзян.
Па матэрыялах туркменскай прэсы
Апошняя тэлеграма ў Германіі
Роўна 150 гадоў «Deutsche Post» — нямецкі аналаг «Белпошты» — прапанаваў паслугу прыёму і пасылкі тэлеграм. І вось з надыходам новага года гэтая гісторыя скончылася. Роўна з трох гадзін 1 студзеня 2023 года тэлеграмы па Германіі больш не дастаўляюцца. Кіраўніцтва «Deutsche Post» назвала прычынай рашэння банальнае падзенне попыту на дадзеную паслугу. Гэта нядзіўна, паколькі ў сярэднім звычайная тэлеграма ў Германіі каштуе 12 еўра. Акрамя таго, адсылка тэлеграмы мяркуе паход у паштовы офіс і часам доўгую працэдуру афармлення.
Варта сказаць, што марудная праца работнікаў «Deutsche Post» даўно стала прадметам жартаў немцаў. Звычайнаму бюргеру куды прасцей скарыстацца электроннай поштай ці проста даслаць SMS. Акрамя таго, лагістыка экспрэс-дастаўкі тэлеграм больш складаная, чым у іншых паштовых адпраўленняў. Так ці інакш такой з’яве, як тэлеграма, прыйшоў капут. Хутчэй за ўсё, на чарзе наступны анахранізм ХХ стагоддзя — факс.
Па матэрыялах нямецкай прэсы
Нумар 131
Аргенцінскія праваабаронцы заявілі, што знайшлі новае дзіця, «скрадзенае» падчас ваеннай дыктатуры (1976-1983 гады). Нагадаем, што ў той час была звычайнай практыка забіраць дзяцей у бацькоў, якія за палітыку патрапілі ў турмы. Дзяцей пасылалі ў дзіцячыя прытулкі ці аддавалі на ўсынаўленне. У любым выпадку, яны ніколі не ведалі сваіх сапраўдных бацькоў. Вайскоўцы лічылі, што гэта дапаможа выхаваць дзяцей апазіцыянераў лаяльнымі да ўлады.
Пасля звяржэння дыктатуры ў 1983 годзе пачаўся пошук такіх дзяцей і іх сапраўдных бацькоў. Лічыцца, што агулам было выкрадзена каля 500 дзяцей. Прыкладна за 45 гадоў пошукаў было раскрыта 130 спраў, гэта значыць, устаноўлена першапачатковая асоба дзіцяці. 131-е скрадзенае дзіця знайшлі на днях. Ім аказаўся мужчына, народжаны ў турме для палітычных зняволеных. Неўзабаве пасля нараджэння дзіця забралі ў 19-гадовай маці і аддалі на ўсынаўленне. Імя мужчыны не называецца, але лічыцца, што ён з'яўляецца біялагічным сынам Люсіі Анжэлы Надзін і Альда Уга Кеведа.
Надзін і Кеведа, выхадцы з заходняй правінцыі Мендоса, належалі да ўзброенай левай групы і былі арыштаваны ў канцы 1977 года ў сталіцы Буэнас-Айрэсе. У той час Надзін была на другім ці трэцім месяцы цяжарнасці.
Па матэрыялах французскай прэсы
Назарбаева будуць судзіць?
У Казахстане ідзе сесія ніжняй палаты парламента. Як чакаецца, дэпутаты паставяць на галасаванне адмену Закона «Аб першым прэзідэнце — Елбасы», што прадыктавана неабходнасцю рэалізацыі змяненняў у Канстытуцыі. Такім чынам, Нурсултан Назарбаеў канчаткова пазбаўляецца ўсіх прывілеяў. Зафіксаванай застанецца толькі яго роля ў стварэнні сучаснага Казахстана. Але шэраг грамадскіх дзеячаў Казахстана патрабуюць большага, а менавіта пазбавіць былога гаранта недатыкальнасці. На іх думку, трэба правесці эканамічную люстрацыю і прызнаць факт узурпацыі ўлады канкрэтна Нурсултанам Назарбаевым з 13 снежня 1993 года (гэта быў першы роспуск парламента) па 5 студзеня 2022 года. Прычым гэтых грамадскіх дзеячаў запрашаюць на дзяржаўныя тэлевізійныя каналы, што немагчыма без санкцыі адміністрацыі Такаева. Дапускаюць, што Такаеў па-ранейшаму баіцца назарбаеўскага клана і нават гатовы дазволіць апазіцыі падаць на Назарбаева ў суд. З іншага боку, судовы працэс над экс-прэзідэнтам прывядзе да «кіргізацыі» палітычнай сістэмы Казахстана, калі кожны дзеючы прэзідэнт разумее, што з ім абыдуцца гэтак жа, як ён з папярэднікам.
Ці можна будзе ў бліжэйшы час падаць у суд на Назарбаева, сказаць да завяршэння працэдуры карэкціроўкі Закона «Аб першым прэзідэнце — Елбасы» складана. Але такая опцыя застаецца.
Па матэрыялах казахстанскай прэсы