Сусветныя цікавосткі: Вяртанне піўных партый, парыкі і дыктатура, каўбоі-паразіты
У канфлікце Тэхаса з цэнтрам закранулі святое — міф пра каўбояў. Паўночная Карэя займаецца бізнесам, на які не могуць паўплываць санкцыі. А ў Карэліі патрабавалі друкаваць бюлетэні да выбараў Пуціна на роднай мове. Ці адбудзецца адраджэнне партый аматараў піва? Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».
Уся праўда пра каўбояў
Частка ліберальнай эліты ЗША, здаецца, сур'ёзна заклапочаная ростам сепаратысцкіх настрояў на Поўдні, калі ўлады Тэхаса ігнаруюць рашэнні федэральных органаў. Каб супрацьстаяць тэндэнцыі, вырашана нанесці ўдар па гістарычных міфах паўднёўцаў. Адзін з іх — вобраз каўбоя. Каўбой — культавая фігура на Поўдні з мноствам падтэкстаў. У прыватнасці, ён сімвалізуе мужнага белага чалавека, які дамагаецца сваіх мэтаў без дапамогі ўладаў, уключаючы федэральныя. Гэтыя прынцыпы якраз і фармуюць ідэалогію папулізму. І вось аказваецца, што ўсё, што мы ведалі пра каўбояў, – гэта лухта. Прынамсі, так сцвярджае прэса, блізкая да дэмакратычнай партыі.
Пачнём з таго, што вобраз таго ж тэхаскага каўбоя ўзнік на базе культуры мексіканскіх пастухоў. Белыя перасяленцы бралі ў мексіканцаў вельмі шмат, пачынаючы з таго, што каўбойскія капелюшы — гэта мадыфікаваныя самбрэра. Шмат слоў у лексіконе амерыканскіх каўбояў маюць іспанскае і індзейскае паходжанне. Але самае галоўнае: тое, што каўбоі былі апанентамі дзяржавы, насамрэч міф. Аказваецца, залатое стагоддзе каўбояў прыпадае на перыяд з 1865 па 1895 год. Менавіта ў гэты час цэнтральны ўрад панізіў падаткі на пашы, што і справакавала бум жывёлагадоўлі і попыт на каўбояў. «Таму, калі палітыкі Тэхаса ці Арызоны апранаюцца як каўбоі, яны аддаюць даніну павагі не эпасу «грубага індывідуалізму», а «эканоміцы, якая кіруецца Вашынгтонам за кошт падаткаплацельшчыкаў», — рэзюмуе адно з выданняў.
Парыкі і дыктатура
Заходняя прэса прапанавала свой адказ на пытанне — за кошт чаго выжывае паўночнакарэйская дыктатура, якая да таго ж знаходзіцца пад санкцыямі. Паводле яе, у Паўночнай Карэі ёсць новая крыніца даходу, на якую цяжка паўплываць метадамі санкцый. Аказваецца, краіна зарабляе мільёны долараў на экспарце накладных веек і парыкоў, якія прадаюцца ў магазінах па ўсім свеце пад выглядам вырабленых у Кітаі. Агенцтва Reuters вылічыла, што месцам прызначэння амаль усяго заяўленага экспарту Паўночнай Карэі з'яўляецца Кітай, а парыкі і накладныя вейкі складаюць амаль 60% экспарту краіны ў 2023 годзе. Так, летась КНДР экспартавала ў КНР 1680 тон накладных павек, барод і парыкоў на суму каля $167 млн. Пакуль на Захадзе не ведаюць, як змагацца з такім бізнесам. Таксама цікава, што сабекошт працы ў Кітаі вельмі нізкі. Аднак мясцовыя касметычныя кампаніі ўсё роўна аддаюць перавагу купляць тыя ж парыкі ў паўночнакарэйцаў, паколькі заробкі там увогуле жабрацкія. Згодна з некаторымі крыніцамі, сярэднестатыстычны жыхар КНДР атрымлівае 10 працэнтаў ад зарплаты сярэднестатыстычнага кітайца. Так ці інакш, нельга выключаць, што ў перспектыве пад ціскам санкцыяў вытворчасць парыкоў у Беларусі таксама стане асновай нацыянальнай эканомікі.
Бюлетэні на роднай мове
Выбары прэзідэнта Расіі, на першы погляд, абсалютна фармальнае і руціннае мерапрыемства па пераабранні Пуціна. Аднак высвятляецца, што нават у такой сітуацыі можна нешта зрабіць. Пра гэта сведчыць вопыт групы «Карэльская мова», якая выступае за пашырэнне выкарыстання мовы карэлаў і вепсаў у Карэліі. Калі пачалася прэзідэнцкая кампанія, актыў групы прыгадаў, што федэральны закон аб выбарах дазваляе выкарыстанне роднай мовы народаў Расіі ў бюлетэнях. Актывісты адразу напісалі ліст у ЦВК Карэліі з прапановай аформіць выбарчыя бюлетэні на карэльскай і вэпскай мовах. «Выкарыстанне моў карэнных народаў Карэліі ў выбарчых бюлетэнях стала б добрым прыкладам удзелу нашай рэспублікі ў выбарах прэзідэнта, а таксама нашмат павысіла б яўку сярод прадстаўнікоў карэлаў і вепсаў, якія жывуць у нашай рэспубліцы», — пісалі моўныя актывісты. Чакана, што чыноўнікі перастрахаваліся і ЦВК Карэліі адмовілася друкаваць бюлетэні на нацыянальных мовах. Актывістам даслалі адказ, у якім сцвярджаецца, што на выкарыстанне нацыянальных моваў падчас выбараў няма падстаў.
У любым выпадку, гісторыя прыцягнула ўвагу грамадскасці. А самыя радыкальныя яе прадстаўнікі заклікалі наступным разам патрабаваць павышэння статусу карэльскай мовы шляхам блакіроўкі дарог.
Партыі піва вяртаюцца?
Чытачы са стажам напэўна памятаюць палітычную з'яву сярэдзіны 90-х, калі ў шэрагу еўрапейскіх краін (уключаючы Беларусь) назіраўся бум стварэння партый аматараў піва. А дзе-нідзе, напрыклад, у Польшчы, аматары піва нават прайшлі ў парламент. Праўда, мода на такія партыі з многіх прычын працягвалася нядоўга. Але сёння, магчыма, мы назіраем рэнесанс партый аматараў піва. Застрэльшчыкам стала аўстрыйская «Партыя піва», якая мае ўсе шанцы патрапіць у нацыянальны парламент увосень сёлета. Апошняе апытанне мясцовага выдання Kurier паказвае, што свой голас за яе гатовы аддаць 6% выбаршчыкаў. Цікава, што першапачаткова гэты праект ствараўся як сатырычны, аднак на сённяшні дзень «Партыя піва» хутчэй партыя левага цэнтра. Яе спікеры заклікаюць да паляпшэння медыцынскага абслугоўвання, агульнанацыянальнай кліматычнай нейтральнасці і захавання даступных коштаў на ежу. Зараз у планах партыі павелічэнне колькасці членаў з трох тысяч да больш як 20 тысяч чалавек. У такім выпадку пры ўнёску ў 59 еўра ў месяц у «Партыі піва» з'явіцца магчымасць правесці паўнавартасную выбарчую кампанію.
Тым часам нават у сённяшніх варунках аўстрыйцы думаюць глабальна і мараць інспіраваць стварэнне падобнай партыі ў суседняй ФРГ. У Германіі, дзе піва, як вядома, нацыянальны напой, Партыю аматараў піва можа чакаць сапраўдны фурор. Асабліва сёння, на фоне крызісу даверу да старых партый.