Свабодная Рэспубліка Венланд: 40 гадоў таму адбылася самая буйная антыядзерная акцыя

Спаўняецца 40 гадоў самай буйной акцыі праціўнікаў «мірнага атаму», у межах якой у траўні 1980 года яны стварылі ледзь не асобную міні-дзяржаву.

Фота www.deutschlandfunkkultur.de

Фота www.deutschlandfunkkultur.de

На самай справе, гэта гісторыя пачалася амаль на дзесяць гадоў раней, калі федэральны ўрад ФРГ пачаў шукаць месца для сметніку радыеактыўных адкідаў. У 1977 годзе чыноўнікі і спецыялісты зрабілі выбар на карысць мясцовасці Гарлебен, што ў Ніжняй Саксоніі. Практычна сінхронна тутэйшыя сяляне пачалі ствараць ініцыятывы супраць будаўніцтва сметніка, займеўшы падтрымку вядучых экалагічных арганізацый па ўсёй краіне. На заклік эколагаў на будоўлю пачалі рэгулярна прыязджаць пратэстоўцы. З кожным разам іх станавілася ўсё больш.

Адначасова ажыццяўляліся спробы захопу пляцоўкі пад магільнік. Спачатку ахова і паліцыя лёгка выцяснялі нешматлікіх «акупантаў». Аднак 3 траўня 1980 года расклад сіл на атамным фронце змяніўся. На дэманстрацыю ў Гарлебен прыехалі каля пяці тысяч чалавек. Праменад маніфестантаў скончыўся захопам зоны, дзе планавалася будоўля. Пасля таго, як стыхійна было прынятае рашэнне застацца на месцы, пачалося будаўніцтва пасёлку пратэстоўцаў.

Акрамя намётаў і імправізаваных дамкоў, былі хутка пабудаваныя шматлікія грамадскія аб’екты — кухня, царква, медычны цэнтр, прыбіральні, цырульня і нават лазня з гарачай вадой. Вада запампоўвалася праз глыбокі калодзеж з ветранай турбінай і награвалася з дапамогай сонечнай сістэмы. Найбольш вялікім будынкам у лагеры быў так званы «Дом сяброўства», які быў здольны змясціць каля 400 чалавек. Будавалі дом па праекце студэнтаў архітэктурнага ВНУ з Гамбургу. Тыя пралічылі нават варыянт аблогі будынка паліцыяй. У такім выпадку абаронцы ў колькасці да ста чалавек маглі заняць абарону на даху.

Пры гэтым пачаўся пошук альтэрнатыўных формаў сацыяльнай арганізацыі. Гэтаму, безумоўна, спрыялі каштоўнасці папулярнай на той час субкультуры хіпі. Каля 500 пастаянных «акупантаў» спрабавалі арганізаваць сваё жыццё на аснове нізавой дэмакратыі. Уся ўлада ў лагеры належала агульнаму форуму. Ён абіраў раду спікераў, якія вялі пленарныя сходы па канкрэтных пытаннях.

Ідэя супрацьпастаўлення сістэме лагічна натхніла эколагаў абвясціць свой лагер асобнай дзяржавай — Свабоднай Рэспублікай Венланд (Freie Republik Wendland). Абвешчанае фарміраванне хутка набыло шэраг адзнак сапраўднай дзяржавы. Напрыклад, паўстала сімволіка — герб і сцяг, — памежная і нават пашпартная служба. 18 траўня 1980 года ў эфір выйшла пірацкая радыёстанцыя Radio Freies Wendland, якая вяла трансляцыі праз пабудаваную мясцовымі радыёвежу.

Як і трэба было чакаць, такі эксперымент прыцягнуў увагу простых бюргераў. У Венланд пацягнуліся турысты. На выходныя іх колькасць часам дасягала пяці тысяч. Сярод іх былі і VIP-персоны. Напрыклад, будучы канцлер ФРГ Герхард Шродар, які на той час кіраваў моладзевай секцыяй партыі сацыял-дэмакратаў. За кошт артыстаў, які наведвалі лагер, культурнае жыццё там квітнела. Грамадзянам рэспублікі штодня прапаноўвалі не толькі лекцыі, чытанні або рок-канцэрты, аднак нават лялечныя прадстаўленні.

З улікам велізарнай грамадскай цікавасці да Венланду, улада на нейкі час адмовілася ад спробаў лакалізаваць пратэст. Для «хапуна» было патрэбнае нейкае алібі. Яно з’явілася дзякуючы спякотнаму надвор’ю і, адпаведна, пагрозе лясных пажараў. Са спасылкай на пажарную бяспеку раніцай 4 чэрвеня каля 3500 паліцэйскіх і прадстаўнікоў іншых ведамстваў пачалі зачыстку. Жыхары, як было дамоўлена раней, чынілі негвалтоўны супраціў, намагаючыся заблакаваць сваімі целамі сілавікоў. У выніку паліцэйскім давялося выносіць іх з лагеру на руках. Цікава, што пасля завяршэння аперацыі паліцыя падзякавала дэманстрантам за іх негвалтоўнасць.

Праўда, разагнаць той лагер было паловай справы. У шматлікіх гарадах Заходняй Германіі пасля 4 чэрвеня былі спробы зладзіць нейкія «майданы» супраць разгону Венланду. Звычайна іх даводзілася таксама ліквідоўваць з дапамогай паліцыі.

Зрэшты, як часта бывае ў гісторыі, эфект таго хапуна вельмі спрэчны. Доўгатэрміновае значэнне эксперыменту пад Гарлебенам — проста велізарнае для грамадскіх дэбатаў. Праціўнікі ядзернай энергетыкі разглядаюць чатырохтыднёвую акупацыю ўчастка з абвяшчэннем рэспублікі як вызначальную падзею ў гісторыі супраціву ядзернай энергетыцы. Эпапея, безумоўна, спрыяла інстытуалізацыі экалагічнага руху ў палітычны праект і стварэнню партыі «Зялёныя», якая з часам прыйшла да ўлады. Экалагічны лад жыцця і ўдзел у антыатамных акцыях — сталы трэнд дзвюх апошніх генерацый немцаў. Нарэшце, герб і сцяг Венланду з таго часу сталі сімвалам антыядзернага руху па ўсім свеце. Думаецца, у выпадку буйных пратэстаў супраць БелАЭС мы дакладна пабачым гэты сцяг і ў Беларусі.