У Кітаі забруджванне паветра б'е леташнія рэкорды
Забруджванне паветра ў Кітаі перавысіла паказчыкі мінулага года. Высокія паказчыкі забруджвання звязваюць з прамысловымі выкідамі. Асабліва паветра бруднае там, дзе адбываецца спальванне вугалю.
У Кітаі ўзровень забруджвання паветра ўпершыню з пачатку каронакрызісу перавысіў леташнія паказчыкі за гэты ж перыяд, гаворыцца на сайце Цэнтра даследаванняў у галіне энергетыкі і чыстага паветра (CREA).
У паветры цяпер значна больш за норму дыяксіду азоту (NO2), дыяксіду серы (SO2). А ўзровень азону наблізіўся да рэкордных паказчыкаў 2018 года.
Даследаванне грунтуецца на звестках, атрыманых з 1500 станцый маніторынгу якасці паветра.
"Узровень забруджвання паветра рэзка ўпаў падчас нацыянальнага каранціну ў лютым, дасягнуў ніжняй мяжы ў пачатку сакавіка, а цяпер перавысіў свой дакрызісны ўзровень", — гаворыцца ў дакладзе.
Спецыялісты мяркуюць, што гэта звязана з прамысловымі выкідамі, паколькі ўзроўні забруджвання паветра ў найбуйнейшых гарадах краіны —Пекіне і Шанхаі — усё яшчэ адстаюць ад паказчыкаў мінулага года.
Мацней за ўсё ўзровень забруджвання вырас у раёнах, дзе спальваюць вугаль.
"Вяртанне ўзроўню забруджвання паветра сведчыць пра важнасць устанаўлення зялёнай эканомікі і чыстай энергіі ў якасці прыярытэтаў пры аднаўленні пасля крызісу COVID-19. Уся ўвага накіраваная на Кітай, таму што гэта першая буйная эканоміка, якая вяртаецца да працы пасля каранціну. Папярэднія перыяды аднаўлення эканомікі Кітая, у тым ліку наступствы глабальнага фінансавага крызісу ў 2008 годзе і эпідэміі SARS у 2003-м, былі звязаныя з рэзкім павелічэннем забруджвання паветра і выкідаў CO2", — адзначаецца ў даследаванні.
"Ёсць раннія прыкметы таго, што аднаўленне Кітая пасля крызісу, выкліканага COVID-19, верне назад дасягнутыя поспехі ў пытанні якасці паветра", — гаворыцца ў дакладзе.