Szcze ne wmerła Ukrajiny ni sława, ni wola

У постамайданаўскай Украіне зноў успыхнула дыскусія наконт неабходнасці пераводу ўкраінскай мовы на лацінку. Выбух нацыянальнай свядомасці зрабіў ідэю лацінізацыі ўкраінскага правапісу вельмі папулярнай.



473617_465474036810367_580668682_o.jpg

Лічыцца, што першы раз для транскрыпцыі ўкраінскай мовы лацінка была выкарыстаная ў ХVІІ стагоддзі. Гэта рабілі польскія літаратары, якія цытавалі бытавую лексіку ўкраінцаў або помнікі народнай творчасці. У 1834 годзе львоўскім філолагам Пятром Лазінскім нават была агучана ідэя поўнага пераводу ўкраінскай мовы з кірыліцы на лацінку. Гэта ідэя знайшла падтрымку аўстрыйскай адміністрацыі і польскіх інтэлектуалаў. Аднак украінская эліта, будучы праваслаўнай, прынцыпова надавала перавагу кірыліцы. Двойчы ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя Вена спрабавала лацінізаваць украінскі правапіс, і двойчы гэта выклікала т.зв. «алфавітныя войны» — пратэсты ўкраінцаў супраць рэформы.

Перагляд стэрэатыпаў пачаўся на хвалі бальшавіцкай рэвалюцыі, лідары якой марылі пра сусветную рэвалюцыю, што лагічна патрабавала ўніфікацыі моваў. Каб украінскі пралетарыят хутчэй наладзіў сувязі з еўрапейскім, прапанавалася ўвесці лацінку. У 1929 годзе на ўсеўкраінскай канферэнцыі па праблемах мовы не хапіла аднаго голасу, каб прызнаць лацінку часткай украінскага правапісу. Магчыма, тое рашэнне выратавала жыцці многім філолагам, калі праз пяць гадоў пачалася кампанія супраць аматараў лацінкі, якіх абвясцілі заходнімі шпіёнамі. У 1934-м галоўны прапагандыст украінскай лацінкі быў расстраляны НКУС.

Пасля абвяшчэння незалежнасці неаднаразова ўздымалася ідэя прыняць нацыянальны стандарт украінскай лацінкі. Нарэшце, у 2010 годзе Кабмін зацвердзіў стандарт (яго выкарыстоўваюць для афармлення замежных пашпартоў).

Гэтым рамкі ўжывання ўкраінскай лацінкі зараз і абмяжоўваюцца. Аднак цяпер у яе аматараў з’явіўся гістарычны шанс. Выбух нацыянальнай свядомасці і праеўрапейскіх настрояў зрабілі ідэю лацінізацыі ўкраінскага правапісу вельмі папулярнай.

10 лістапада ў Львове адбылася першая сустрэча аматараў «абецадло» — так у Польшчы называлі ўкраінскую лацінку. Удзельнікі канферэнцыі выступілі за рэформу правапісу са спасылкай на наступныя аргументы: «Цалкам відавочна, што пераход на лацінку культурна наблізіць нас да Еўропы. А там, дзе адбываецца абмен культурны, з’яўляецца і ментальны ўплыў, што таксама да лепшага. Затое пераважна прыгнятальнае ўздзеянне рускай культуры паменшыцца, такім чынам, саслабне і посткаланіяльны сіндром украінскай мовы. Таксама да гэтаму пункту можна аднесці і тое, што наша мова стане нашмат больш зразумелай для замежнікаў, у прыватнасці, гэта тычыцца імёнаў, напісанне якіх лацінкай нарэшце ўсталюецца. Украінцам, у сваю чаргу, успрымаць заходнія мовы стане нашмат лягчэй — прычым на інтуітыўным узроўні».

Трэба прызнаць, што тэзіс не выклікаў вялікай крытыкі ў грамадстве, хаця ў мінулым ідэю лацінізацыі неаднаразова спрабавалі аспрэчыць. Фанаты кірыліцы лічылі, што ў выпадку рэформы правапісу разам з кірыліцай украінцы страцяць уласную самабытнасць. Сапраўды, украінская мова выглядае больш звыклай менавіта на кірыліцы. Прыводзіўся прыклад Балгарыі або Кіпра, дзе афіцыйны правапіс — кірыліца, што не перашкодзіла гэтым краінам стаць сябрамі ЕС.

Нягледзячы на адсутнасць заўважнай апазіцыі, казаць, што лацінцы ва Украіне дадзена зялёнае святло, вельмі рана. Па-першае, самі адэпты лацінскай транскрыпцыі не маюць адзінства наконт таго, якая з версіяй лацінкі з’яўляецца аптымальнай.

Акрамя «абецадло», што было створаная ў 1834-м на базе польскага правапісу, існуе варыянт, зроблены на базе чэшскай мовы. Гэта асноўныя версіі. Акрамя таго, існуе харвацкая і венгерская мадыфікацыі. Апошняй украінцы карысталіся ў Закарпацці, калі край быў пад кантролем Будапешту. Была яшчэ вар’яцкая мадэль, якую выкарыстоўвала пасляваенная ўкраінская палітычнай эміграцыя. Не маючы за мяжой друкарскіх машынак з кірыліцай, яны ляпілі свае пракламацыі і маніфесты з дапамогай англійскіх, нямецкіх і французскіх шрыфтаў.

Нарэшце, за часы незалежнасці філолагі-энтузіясты, калі верыць Вікіпедыі, распрацавалі каля 10 варыянтаў украінскай лацінкі. Няма сумневу, што конкурс на ідэальны правапіс патрабуе часу, і галоўнае — не абыдзецца без гучных дыскусій сярод знаўцаў мовы.

Другая праблема звязаная з грашыма. Хто і як будзе фінансаваць гэты праект? Адсутнасць яснага адказу натхняе расійскую прэсу, якая лічыць, што рускаму міру нічога не пагражае. «Новай графіцы прыйдзецца навучаць цэлае пакаленне выкладчыкаў, якія, у сваю чаргу, павінны будуць перадаць гэтыя веды мільёнам іншых людзей. Усё гэта непазбежна адаб’ецца на ўзроўні агульнай пісьменнасці насельніцтва — яна значна зменшыцца. Гэта значыць, вырашыць пытанне можна тэарэтычна, але тэхнічна немагчыма. Тым больш сёння. Па вельмі празаічных прычынах — краіна знаходзіцца напярэдадні дэфолту», — піша расійскае выданне REGNUM.

Найбольш радыкальныя расійскія СМІ ўвогуле разглядаюць зборы ў Львове і іх пастановы як нейкія выкрутасы купкі інтэлігентаў, якія хочуць зрабіць сабе імя ў атмасферы масавай русафобіі. Аднак, з улікам непрадказальнасці ўкраінскага палітычнага працэсу, думаецца, з канчатковымі ацэнкамі перспектыў львоўскай ініцыятывы лепш пачакаць.