Украіна забараніла канал «Беларусь-24»: Дайце гарантыю, што не будзеце хлусіць
Пра гэта ў эфіры праграмы «Вечар з Мікалаем Княжыцкім» на Еспресо.TV распавёў старшыня Нацыянальнай рады па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання Украіны Юры Арцёменка.
«Калі прымаюцца намі рашэнні аб адключэнні якога-небудзь каналу — гэта значыць прызнанне каналу такім, які не адпавядае патрабаванням Еўрапейскай канвенцыі аб транспамежным
вяшчанні і на падставе гэтага нашага рашэння кабельныя аператары адключаюць гэтыя каналы.
Па нашым рашэнні адключаныя 17 каналаў, вядома, у першую хвалю гэта былі такія простыя тупа палітычна-інфармацыйныя каналы, як "Расія-24", "Лайфньюз" і іншыя. А
потым мы ўбачылі, што расійская прапагандысцкая машына так пабудавана, што яна пранікае і ў дзіцячыя серыялы, і ў дзіцячыя каналы, і тэлеканал "Гісторыя", калі ён паказвае карцінку,
быццам гісторыя павінна быць адна, а нам паказваюць карцінку з Майдану і паралельна карцінку з фашыстамі, і яны іх параўноўваюць. Таму мы прызналі іх такімі, якія не адпавядаюць патрабаванням, у тым
ліку расійскі канал "Гісторыя", "Беларусь-24"», — распавёў старшыня Нацыянальнай рады.
Ён адзначыў, што сітуацыя з тэлеканалам «Беларусь-24» ёсць дастаткова цікавым прыкладам, бо ў цэлым канал не з'яўляецца адкрыта прарасійскім, аднак у яго эфіры
транслююцца асобныя перадачы з адкрыта прапагандысцкім зместам.
«"Беларусь-24" — гэта ўпершыню, калі сярод расійскіх быў забаронены беларускі канал. Канал — праўкраінскі, ён дае аб’ектыўную інфармацыю, але
ў адной перадачы, якая ішла на досвітку... Гэта быў нейкі жах, гэта параўнанне з фашыстамі ўсіх украінцаў, жыдамасонамі. Не памятаю там дэталяў, але мы ўлічылі гэта, забаранілі, рэакцыя беларускага
МЗС і беларускай кампаніі: «прабачце, вы за адным сюжэтам не разглядзелі агульную канцэпцыю канала". Мы напісалі ліст: "дайце гарантыю, што не будзеце хлусіць, і мы зноў
вернем канал"», — распавёў Юры Арцёменка.