Барыс Акунін: Запануєм i ми, браття, у своїй сторонці?

Разумееце, я заўсёды лічыў сучасны нацыяналізм дзікунствам, анахранізмам і, горш за тое, небяспечнай ерассю. Само гэтае слова для мяне з'яўляецца алергенам. Але вось убачыў натоўп, які ганарыцца нацыянальным сцягам, спявае гімн не з-пад палкі  і пры гэтым нікога не праклінае і не ненавідзіць, а проста радуецца  і адчуў зайздрасць і горыч. 



ua_patryjatyzm.jpg

Некалькі дзён таму быў на канцэрце гурта «Акіян Эльзы». Знаходжуся пад моцным уражаннем. І разважаю — аб нязвыклым.
Пра нязвыклыя думкі потым, спачатку аб уражаннях. Не ад музыкі — яна была шыкоўная, але я яе чуў і раней.
Ад публікі.
Я апынуўся ў вялікай залі, напоўненай людзьмі ў вышыванках. У дзяўчат на галовах вянкі а-ля Наталка Палтаўка. Усе хорам крычаць «Слава Украіне! Героям слава!». І размахваюць жоўта-блакітнымі сцягамі. А ў канцы ўся зала разам з Вакарчуком заспявала нацыянальны гімн — «Шчэ нэ вмэрла Украіны і слава, і воля».
Гледзячы на ўсё гэта, я перажываў моцнае пачуццё, прырода якога мне стала зразумелая не адразу, а калі я разабраўся, дык вельмі здзівіўся.
Пачуццё гэта, аказваецца, было лютай зайздрасцю. Ведаеце, як у дзяцінстве: сядзіш дома з прастудай, глядзіш у акно, а там усе гуляюць у нешта невыносна цікавае, і ім там класна. А ў цябе тэмпература, з носа цячэ, горла наждачнае, хутка трэба будзе піць агіднае малако з содай і ставіць гарчычнікі.
Бо калі ў нас вялікі натоўп пачне гарлапаніць «Слава Расіі!» і размахваць сцягамі, гэта будзе альбо нейкая казённа-патрыятычная акцыя, альбо зборышча агрэсіўных ксенафобаў. Ну, а ўявіць сабе суайчыннікаў, якія добраахвотна спяваюць Міхалкоўскі гімн пра «брацкіх народаў саюз векавой», я наогул не магу, уяўлення не хапае.
Характэрна яшчэ і тое, што людзі на канцэрце, уключаючы Наталак-Палтавак, па большай частцы размаўлялі паміж сабой па-руску. Нейкі малады чалавек падышоў да мяне і сурова сказаў: «Аб адным прашу: няхай ваш Фандорын у наступным рамане не варагуе з Правым сектарам». Усё гэта безумоўна быў шчыры ўкраінскі нацыяналізм, аднак не этнічны, а дзяржаўны. І цалкам добраахвотны  —  бо справа адбывалася не ў Кіеве, а ў Лондане.

Ветэраны нашай супольнасці, верагодна, памятаюць, што гады тры таму я быў ва Украіне і напісаў тады тут, у блогу, што краіны, па-мойму, пакуль не атрымліваецца — ва ўсякім выпадку, я не адчуў і не зразумеў, што такое Украіна. Усіх мясцовых пра гэта прасіў, і ніхто, нават разумныя львоўскія прафесары, не змаглі мне вывесці формулу ўкраінскасці.
А цяпер гэтая формула ёсць. Бачная няўзброеным вокам. Называецца «нацыянальнае адраджэнне». І дзякуй за гэта ўкраінцы, верагодна, павінны сказаць Януковічу і Пуціну, таму што першы справакаваў Майдан, а другі дапамог украінцам згуртавацца і стаць нацыяй.


Пазайздросціўшы ўдосталь, я ўспомніў, як у жніўні 1991-га мы таксама хадзілі з расійскім трыкалорам, і як гэта было выдатна. Але потым, вельмі хутка, мы з гэтым завязалі. Фі! Афіцыёз і паказуха.
Далей у маёй наскрозь ліберальна-касмапалітычнай галаве сталі варочацца даволі некамфортныя думкі, якія да Украіны адносінаў ужо не маюць.
Разумееце, я заўсёды лічыў сучасны нацыяналізм дзікунствам, анахранізмам і, горш за тое, небяспечнай ерассю. Само гэтае слова для мяне з'яўляецца алергенам. Але вось убачыў натоўп, які ганарыцца нацыянальным сцягам, спявае гімн не з-пад палкі — і пры гэтым нікога не праклінае і не ненавідзіць, а проста радуецца — і адчуў зайздрасць і горыч ад таго, што ў расійскіх рэаліях гэта немагчыма.
Аднак без такога ўздыму і яднання, напэўна, нічога добрага ў нашай краіне не будзе?
Ну то бок ясна, што рускі, татарскі, башкірскі, дагестанскі і любы іншы этнічны нацыяналізм вядуць толькі да бойкі і бяды. А нацыяналізм расійскі? Які не раз'ядноўвае расійскія этнасы, але аб'ядноўвае іх дзеля агульнай справы, усім цікавай і для ўсіх важнай?
Хачу спытаць вас.
Якая гэта можа быць справа? Ідэі і прапановы ў вас маюцца? (Толькі не вайна, калі ласка).
Якой павінна быць дзяржава, каб людзі лічылі яе сваёй?
Якой павінна стаць Расія, каб Грабеншчыкоў або Шаўчук праспявалі на канцэрце гімн, і ўсіх не званітавала б?
Барыс Акунін