Шпіён, які стаў прычынай адстаўкі канцлера

 Філ Кілбі, Мата Хары, Рыхард Зорге. Гэтыя шпіёны ўсім добра вядомыя. А вось імя Гюнтэра Гіёма не на слыху. Хоць менавіта ён зрабіў неверагодна фантастычную кар'еру ў гісторыі разведак, пракраўшыся ў самы эпіцэнтр кіравання праціўніка.

Вілі Брандт і Гюнтэр Гіём. Фота Pelz.  commons.wikimedia.org

Вілі Брандт і Гюнтэр Гіём. Фота Pelz.  commons.wikimedia.org


У 50-я гады мінулага стагоддзя Міністэрства дзяржбяспекі ГДР (Штазі) пад выглядам бежанца перакінула ў Заходняю Германію фатографа Гюнтэра Гіёма. Яму даручылі пранікнуць у асяроддзе «класавых ворагаў», а менавіта ўвайсці ў давер правадырам Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). 

Для пачатку Гюнтэр і яго жонка прапісаліся ў Франкфурце-на-Майне. Сам Гюнтэр уступіў у Сацыял-дэмакратычную партыю, а жонка стала сакратаркай аднаго з партыйных філіялаў эсдэкаў. Нейкім чынам Гіёму атрымалася хутка інтэгравацца ў заходнегерманскі палітыкум, што таксама высока ацанілі ў Штазі. У 1957 годзе ў Гіёмаў нарадзіўся сын. З гэтай знамянальнай падзеяй маладых бацькоў павіншавалі з Усходняга Берліна па спецыяльным зашыфраваным радыёканале.

Тое «віншаванне» праз нейкі час і стане прычынай правалу тандэму агентаў. Пакуль жа Гюнтэр Гіём даволі хутка падымаўся па службовых прыступках. У 1970 годзе, адразу пасля таго, як да ўлады ў краіне прыйшлі сацыял-дэмакраты, а іх кіраўнік Вілі Брандт стаў кіраўніком урада, Гіём трапіў непасрэдна ва ўрадавы апарат. Брандт увёў яго ў свае самае блізкае кола аж да доступу да ўсёй дзяржаўнай сакрэтнай дакументацыі.

Усё было добра, каб не тая злашчасная радыётэлеграма. Практычна выпадкова спецслужбы ФРГ разгадалі тэкст з віншаваннем з нараджэннем сына Гюнтэра, які Штазі даслала свайму агенту.

Кіраўніцтва заходнегерманскай разведкі, ашаломленае тым, што агент Штазі забраўся так высока, адразу ж праінфармавалі міністра ўнутраных спраў ФРГ Ганса-Дзітрыха Геншэра — сябра ліберальнай партыі «Вольныя дэмакраты» (FDP).

Было вырашана ўзяць Гіёма пад нагляд. Разведчыкам спатрэбіўся яшчэ цэлы год, каб сабраць дадатковыя доказы супраць Гіёма. Калі апошняга ўвесну 1974-га нарэшце вырашылі арыштаваць, ён пагардліва заявіў: «Я — грамадзянін ГДР і афіцэр. Стаўцеся да гэтага з належнай павагай!» Падчас суда гэтыя словы сыгралі супраць Гіёма і сталі адным з самых галоўных доказаў яго віны.

Пасля арышту шпіёна палітычны істэблішмент ФРГ адразу ж пачаў ціснуць на канцлера. Хутка Брандт абвясціў аб адстаўцы. Цікава, што абсалютная большасць грамадства не магла зразумець, нашто Вілі Брандт адпраўляецца на адпачынак? На той момант ён быў вельмі папулярны палітык. Па логіцы, пісаць заяву аб сыходе з пасады меў хутчэй згаданы вышэй Ханс-Дзітрых Геншэр. Менавіта ён нёс адказнасць за правалы разведкі.  

Кажуць, што сапраўдная прычына, якая прымусіла канцлера пайсці ў адстаўку, была звязаная з тым, што той быў вялікім аматарам кабет. Менавіта Гіём, нібыта, адказваў, за кантакты кіраўніка краіны з «жанчынамі нізкай сацыяльнай адказнасці». Калі б Брандт пачаў аспрэчваць сваю датычнасць да шпіёна Штазі, пра яго сексуальныя прыгода хутка бы дазналіся медыя. Зрэшты, сам Брандт і Гіём пазней будуць казаць, што падобныя плёткі — спекуляцыі таблоідаў. 

Па іроніі лёсу, адстаўка Брандта была вельмі невыгоднай для ГДР. Менавіта Брандт спрабаваў мірна вырашыць супярэчнасці паміж заходнімі і ўсходнімі немцамі, пазбягаў любых адкрытых канфліктаў і спрабаваў сябраваць з Усходнім блокам. Гэта давала ГДР шанец у перспектыве пазбавіцца іміджу сатэліта Масквы і набыць імідж сапраўднага суб’екта міжнароднай палітыкі. Дарэчы, пазней стала вядома, што ў 1972 годзе спецслужбы ГДР не дазволілі парламенту абвясціць вотум недаверу канцлеру. Агенты ГДР падкупілі як мінімум двух дэпутатаў.

У любым выпадку, у 1974 годзе шпіён адправіўся ў турму, атрымаўшы 12 гадоў за шпіянаж. Зрэшты, вельмі доўга сядзець яму не давялося. Справа ў тым, што хутка ўжо правалілася сетка агентуры заходненямецкай разведкі на тэрыторыі ГДР. Было вырашана абмяняць затрыманых агентаў на Гюнтэра і яго жонку, якую, дарэчы, таксама асудзілі.

У 1981-м былы агент павярнуўся ва Усходнюю Германію, дзе яго сустракалі як героя. Гюнтэр Гіём атрымаў ордэн Карла Маркса і тытул ганаровага доктара ў Вышэйшай школе Штазі і Патсдаме. Там ён працаваў да падзення Берлінскай сцяны, пасля чаго пайшоў на пенсію. Памёр Гюнтэр Гіём у 1995-м, прычым вельмі незаўважна.

Нямецкіх гісторыкаў і палітолагаў у гэтай шпіёнскай гісторыі больш турбуе пытанне лёсу Заходняй Германіі ў выпадку, калі б кадэнцыя Вілі Брандта так раптоўна не абарвалася. Справа ў тым, што Брандт, прынамсі ў двух аспектах, быў незвычайнай фігурай. Па-першае, яму ўдалося пабудаваць мост паміж пакаленнямі. Моладзь вельмі крытычна глядзела на тагачасную эліту ФРГ, шматлікія прадстаўнікі якой мелі нацысцкае мінулае. За выключэннем Вілі Брандта, які ў 30-я гады быў левым актывістам і прайшоў праз падполле і эміграцыю. Дыялог маладых немцаў і ўлады ў асобе канцлера мог бы паралізаваць паўстанне ў краіне такой з’явы як левы тэрарызм. 

Па-другое, Брандт прапаноўваў немцам перспектыву на будучыню, фундаментальна звязанай з яго славутай цытатай: «Трэба адважыцца быць больш дэмакратычнымі». Менавіта ў часы Брандта ідэя дэмакратыі стала ў нямецкай свядомасці безальтэрнатыўнай. Магчыма, калі б смелыя эксперыменты Брандта працягнуліся, дэмакратычныя інстытуты ў Германіі былі больш грунтоўнымі. І магчыма ў такім выпадку сёння, напярэдадні выбараў у Еўрапарламент, тэма пагрозы папулізму не стаяла ў палітычнай павестцы.