Еўравыбары: як спрацуе палітычная рэклама ў Германіі?

Галасаванне па выбарах 720 членаў Еўрапейскага парламента (іх абіраюць 373 мільёны выбаршчыкаў у 27 краінах ЕС) ідзе поўнай хадою. І якія выбары без вонкавай рэкламы? Паглядзім, як вулічная партыйная агітацыя выглядае ў Германіі.

Перадвыбарчы плакат сацыял-дэмакратаў

Перадвыбарчы плакат сацыял-дэмакратаў

Галоўная інтрыга выбараў — ці змогуць скрайне правыя партыі дамагчыся значнага поспеху, як гэта прагназуюць многія эксперты? У ФРГ да такіх партыяў адносяць праект «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), якая можа, быццам, атрымаць ажно 17 адсоткаў галасоў. 

Парадаксальна, але агітацыі AfD на вуліцах не шмат. Зрэшты, гэта збольшага тлумачыцца масавымі непрыманнем правых папулісцкіх настрояў з боку шматлікіх свядомых грамадзян, якія часта проста банальна знішчаюць прапаганду «Альтэрнатывы». Аднак часам на «агіткі» AfD можна натыкнуцца. Напрыклад, на гэтым плакаце «Альтэрнатыва» выступае супраць таго, каб усе грошы былі ў электронным фармаце. «Наяўныя грошы — гэта свабода!» — напісана на плакаце.

1_996.png

Яшчэ адна інтрыга выбараў — ці зможа Урсула фон дэр Ляен па выніках выбараў атрымаць шанцы на пераабранне на пасаду прэзідэнта Еўрапейскай камісіі? Для гэтага трэба, каб на выбарах добрага выніку дамагліся партыі правага цэнтру, якія ўваходзяць у праект «Еўрапейская Народная Партыя» (ЕРР). Нямецкая філія ЕРР у выглядзе Саюзу хрысціянскіх дэмакратаў, падаецца, мае намер атрымаць поспех за кошт абяцання бяспекі. «Каб мець вялікую бяспеку, мы павінны стаць мацнейшымі», — напісана на гэтым плакаце Саюзу.

2_905.jpg

Традыцыйна другая партыя ў Еўрапарламенце — сацыял-дэмакраты. Нямецкія эсдэкі ідуць на гэтыя выбары галоўным чынам пад праеўрапейскімі лозунгамі. Вось тут, напрыклад, сцвярджаецца, што «СДПГ — самая моцная праеўрапейская сіла ў Германіі». Зрэшты, у «ружовых», паводле сацыёлагаў, толькі 15 працэнтаў падтрымкі.

3_792.jpg

Эсдэкі, як вядома — галоўная партыя кіруючай у краіне кааліцыі. Іншая ўрадавая партыя — «Зялёныя» — будуе сваю кампанію на тэме пагрозы правага папулізму і ксенафобіі, абароне клімату, праеўрапейскіх лозунгаў. У гэтым плане цікавы плакат на вядомы антычны сюжэт аб выкраданні Еўропы. У перапрацоўцы «Зялёных» не бык выкрадае Еўропу, а яна падпарадкоўвае сабе быка. Да канца незразумела, навошта ёй гэта трэба, аднак малюнак забаўны.

4_704.jpg

Урэшце, трэці партнёр па кааліцыі ў выглядзе ліберальнай партыі «Вольных Дэмакратаў» (FDP) нечакана акцэнтуе ўвагу на тэме гарантый адукацыі. «Адукацыя — галоўная лінія абароны дэмакратыі», — можна прачытаць на гэтым плакаце FDP.

5_651.jpg

Рухаемся на левы фланг, дзе назіраецца поўны хаос. Як вядома мінулай зімой з шэрагаў партыі «Левыя» выйшла групы «чырвоных кансерватараў» Сары Вагенкнехт. Новая структура, якая выступае супраць міграцыі і ў падтрымку Расіі шмат у чым трымаецца на харызме яе лідаркі, якую называюць «Чыровоная Сара». Не дзіўна, што яе партрэты ўпрыгожваюць большасць плакатаў новай партыі. Што пад імі напісана, здаецца, у нашым выпадку не важна. Галоўнае, каб прысутнічала выява Сары!

6_485.jpg

І, нарэшце, антысістэмныя партыі. Традыцыйна рэй тут вядзе партыя пад назвай «Партыя» (PARTEI). Гэта праект анарха-багемы, якія «сцябуць» істэблішмент. Напрыклад, на гэтым плакаце «Партыя» нагадвае, што ўсе берлінцы ненавідзяць існуючую сістэму.

7_346.jpg

Аднак, у гэтым палітсезоне ў PARTEI, падаецца, ёсць канкурэнты. Гэта «Партыя за біямедыцынскія даследаванні ў галіне амаладжэння». Яна абяцае ў выпадку перамогі паскорыць развіццё медыцыны ў галіне доўгажыхарства. Нездарма на яе плакатах у выбаршчыка пытаюцца: «Дзе Вы будзеце праз 800 гадоў?». Да гэтага часу незразумела, гэта прыкол ці ўсё сур'ёзна.

8_224.jpg

Ці жадаюць немцы жыць 800 гадоў, або аддаюць перавагу актуальным пытанням бяспецы, адукацыі ці талерантнасці, мы даведаемся ў панядзелак, калі стануць вядомыя вынікі выбараў у Еўрапарламент. Трэба адзначыць, што на гэты раз іх вынікі цяжка прагназаваць.