У лепшы ЕС з іншапланецянамі і бясплатнае піва за кошт дзяржавы: дзіўныя партыі на выбарах у Еўрапарламент
Ад 6 чэрвеня ў 27 краінах Еўрасаюза стартавалі выбары ў Еўрапейскі парламент, і сёння — асноўны і вызначальны дзень галасавання. Каля 400 мільёнаў выбаршчыкаў будуць абіраць 720 дэпутатаў. І еўрапейцам ёсць каго абраць не толькі сур’ёзна, але і «па прыколе».
У выбарах у Еўрапарламент прымае ўдзел і шэраг партый з дзіўнымі назвамі і праграмамі. Пра некаторыя з іх распавёў аглядальнік BILD Себасцьян Гайслер.
Так еўрапейцы могуць абраць у Еўрапарламент «Партыю за біямедыцынскія даследаванні ў галіне амаладжэння» — яна заснаваная ў Германіі ў 2015 годзе, і абяцае змагацца са старэннем, дамагчыся павелічэння працягласці жыцця і перамагчы смерць.
У Еўрапарламент ідзе і венгерская «Партыя двухвостой сабакі» — яна заснаваная ў 2014 годзе, робіць абсурдныя заявы, парадыруючы традыцыйную палітыку (хаця наўрад ці ў гэтым яна пераплюне Орбана). Галоўнае патрабаванне партыі — бясплатнае піва за кошт дзяржавы.
«У лепшае ЕС з іншапланецянамі, спынім дарагоўлю і вайну» — такая партыя заснавана ў гэтым годзе ў Чэхіі палітыкам Томашам Франекам. Яна прызнае наяўнасць жыцця на іншых планетах і называе прыярытэтам спыненне вайны ва Украіне.
Італьянская партыя «Пустыя месцы», заснаваная ў 2010 годзе, абяцае ў выніку выбараў увогуле не адпраўляць сваіх дэпутатаў у парламент, каб іх крэслы засталіся пустымі. А ў выпадку перамогі на выбарах яна абяцае самараспусціцца.
«Партыя злых курэй» — шведская партыя, якая заяўляе пра барацьбу за памяншэнне цэнзуры ў Інтэрнэце і змяненне закона аб аўтарскім праве. Яе чальцы таксама хочуць даць невялікім партыям больш лёгкі доступ да палітыкі.
«Партыя еўрапейскіх дэмакратычных эсперантыстаў» — французская партыя, якая агітуе за большае шматмоўе ў ЕС. Там таксама патрабуюць, каб мова эсперанта магла быць працоўнай мовай ва ўстановах Еўрасаюза. Калі дакументы немагчыма перавесці на ўсе мовы ЕС, партыя хоча, каб яны былі даступныя зменшага на мове эсперанта.
Паводле korrespondent.net