У Грузіі праходзяць апошнія ўсенародныя прэзідэнцкія выбары

У Грузіі сёння праходзяць прэзідэнцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся ў 8 гадзін па тбіліскім часе. Выбарчым правам валодаюць больш за 3,5 мільёнаў грамадзян. Выбары, з вядомых прычын, не праходзяць на тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, паведамляе Радыё Свабода.

vubary.jpg

Зарэгістраваныя 25 кандыдатаў. Сярод іх трое лічацца асноўнымі прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка дзяржавы: былы пасол Францыі ў Грузіі і эск-міністр замежных спраў Саломэ Зурабішвілі (яе падтрымлівае кіруючая партыя «Грузінская мара»), былы міністр замежных спраў Рыгор Вашадзэ ад партыі Міхаіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» і міжпартыйнага аб’яднаньня «Сіла ў Адзінстве», а таксама былы спікер парламента Давід Бакрадзэ, які прадстаўляе партыю «Еўрапейская Грузія».
Выступаючы напярэдадні па грузінскім тэлебачанні, былы прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі, які жыве ў Нідэрландах пасля выгнання з Украіны, заявіў, што калі ўлады паспрабуюць сфальсіфікаваць вынікі галасавання на карысць Саломэ Зурабішвілі, «у краіне падымецца цунамі пратэсту» як і ў 2003 годзе, калі адбылася так званая «Рэвалюцыя ружаў».
Згодна з новай канстытуцыяй, якая ўступала ў сілу ў лістападзе, адразу пасля інаўгурацыі пятага прэзідэнта, наступныя прэзідэнцкія выбары ўжо не будуць усенароднымі: з 2024 году права абіраць кіраўніка грузінскай дзяржавы надзяляецца адмысловая «асамблея», якая складаецца з дэпутатаў парламента і мясцовых прадстаўнічых органаў.
Шмат у чым па гэтай прычыне, палітычныя сілы надавалі «апошнім усенародным выбарам прэзідэнта» асаблівае значэнне, а перадвыбарчая кампанія праходзіла на фоне жорсткай палітычнай барацьбы. У тым ліку скандалаў з публікацыяй схаваных аўдыёзапісаў, на аснове якіх апазіцыя абвінавачвала ўлады ў карупцыі, а ўлады апазіцыю — у падрыхтоўцы «маштабнай дэстабілізацыі» пад падставай фальсіфікацыі выбараў.
За ходам галасавання сочаць сотні міжнародных назіральнікаў.