Лукашэнка гатовы правесці выбары на Данбасе

Сёння ў рэгіёне існуе буйны палітычны і эканамічны заказ на эскалацыю напружанасці. Аб гэтым кіраўнік Беларусі заявіў на адкрыцці сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі ў Мінску.

Фота: Reuters

Фота: Reuters

У пачатку сустрэчы Лукашэнка сказаў, што на сённяшні дзень няма больш важнага пытання, чым захаванне міру на планеце. Вялікую ўвагу Аляксандр Лукашэнка надаў канфлікту на ўсходзе Украіны.
«На жаль, вымушаны пагадзіцца з высновамі апошняга дакладу Мюнхенскай канферэнцыі аб тым, што наша планета «падышла да краю прорвы, за якой знаходзіцца глабальны канфлікт». Канфрантацыя стала адным з вызначальных фактараў развіцця міжнародных адносін, у тым ліку і ў нашым рэгіёне. «Тлеючы канфлікт», а па сутнасці няспынная вайна на Данбасе — гэта вайна тут, у нашай з вамі Еўропе», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў аб тым, што ўкраінскі канфлікт — ключавое пытанне бяспекі ў рэгіёне. На яго думку, з гэтай праблемай не спраўляецца ні «нармандская чацвёрка», ні місія АБСЕ ва Украіне, ні Трохкантактная група, ні фармат «Волкер — Суркоў». Лукашэнка звярнуў увагу, што прайшло ўжо 3,5 гады з моманту падпісання «нармандскай чацвёркай» Мінскіх пагадненняў, аднак ні адзін пункт так і не быў цалкам рэалізаваны. Тым часам ва Украіну, паводле слоў Лукашэнкі, завозяць сучасную зброю, а Беларусь прыняла 160 тысяч украінскіх перасяленцаў.
На думку кіраўніка дзяржавы, неабходна весці далейшы пошук узаемапрымальнага рашэння па размяшчэнні на Данбасе міратворцаў. Магчыма, разгледзець варыянт размяшчэння сумеснай місіі ААН і АБСЕ ва Украіне. А таксама актывізаваць працу ў «нармандскім фармаце».
«Беларусь — невялікая дзяржава, але мы гатовыя ўносіць сваю лепту ў вырашэнне тых ці іншых канфліктаў. Што мы, у прынцыпе, ужо робім. Мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай мяжы. А таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з'яўляюцца неад'емнай часткай Украіны».
euroradio.fm