БРСМ хоча зрабіць Палац Незалежнасці гісторыка-культурнай каштоўнасцю

Удзельнікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з актывам БРСМ прапануюць прысвоіць Палацу Незалежнасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, піша «Еўрарадыё».

Belarus.by

Belarus.by

Кіраўнік краіны не выключыў такой магчымасці. "Пройдзем гэты шлях спакойна. Ёсць пэўныя працэдуры, і калі гэтая ідэя будзе падтрыманая да прэзідэнта, я пагаджуся", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Палац Незалежнасці пабудаваны ў 2013 годзе па праекце Уладзіміра Архангельскага. Ён размяшчаецца на праспекце Пераможцаў у Мінску, побач з выставачным цэнтрам “БелЭкспа” і Плошчай дзяржаўнага сцяга.

У Палацы Незалежнасці праводзяцца буйныя міжнародныя сустрэчы. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што будынак будзе адкрыты для наведвання. Але ў выніку экскурсіі па палацы праводзяцца толькі ў межах афіцыйных мерапрыемстваў.

У той жа час, статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці ўжо доўгі час немагчыма дамагчыся да бела-чырвона-белага сцяга і гістарычнага герба “Пагоня”. Дэпутаткі Алена Анісім і Ганна Канапацкая прапаноўваюць дазволіць вольнае выкарыстанне гістарычнага сцяга ў Беларусі, у тым ліку дзяржаўнымі ўстановамі.

Адпаведны законапраект дэпутаткі збіраюцца вынесці на абмеркаванне Палаты прадстаўнікоў. Пакуль жа яны збіраюць меркаванні зацікаўленых дзяржаўных ворганаў на гэты конт. МУС, напрыклад, у сваім адказе зазначыла, што ў законапраекце, дасланым дэпутаткамі, няма "нарматыўных праўных загадаў і даручэнняў", якія датычацца ведамства. А Мінюст заявіў, што гэты законапраект трэба ўзгадніць з шэрагам дзяржаўных органаў — у прыватнасці, з Міністэрствам культуры.