У Нідэрландах аднавіліся пасяджэннні па справе збітага Боінга МН 17

У Нідэрландах у панядзелак, 8 чэрвеня, працягнулася пасяджэнне суда па справе аб збітым над Данбасам рэйсе МН17. Другая сесія пасяджэнняў пройдзе з 8 чэрвеня па 3 ліпеня.

Фота: courtmh17.com

Фота: courtmh17.com


Акруговы суд Гаагі ў панядзелак, 8 чэрвеня, аднавіў слуханні па справе аб крушэнні пасажырскага авіялайнера "Боінг-777 "Малайзійскіх авіяліній", які летам 2014 года выконваў рэйс МН17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур і быў збіты ў небе над Данбасам. Пасяджэнне праходзіць у ахоўным судовым комплексе ля аэрапорта Схіпхол пад Амстэрдамам. У сувязі з пандэміяй каронавіруса быў прыняты шэраг абмежавальных мер.
Так, пяць суддзяў, якія вядуць працэс, раздзеленыя шклянымі перагародкамі, адвакаты і сваякі загінулых размясціліся ў зале з захаваннем нормаў сацыяльнага дыстанцыявання. У памяшканне, дзе праходзяць слуханні, дапусцілі толькі абмежаваную колькасць людзей.
Прысутныя знаходзяцца на адлегласці 1,5 метра адзін ад аднаго. Тых, у каго адзначаны лёгкія сімптомы прастуды ці высокая тэмпература, у будынак не патрапілі. Для слуханняў адкрылі толькі залу D, у якой непасрэдна ідзе працэс, а залы A, B і C вырашана было пакінуць закрытымі.
Акрамя суддзяў, сакратароў і пракурораў на пасяджэнні дазволілі прысутнічаць максімум двум адвакатам сваякоў і абмежаванай колькасці прадстаўнікоў прэсы. Як удакладняе агенцтва "Інтэрфакс-Украіна", у разлічаным на 500 чалавек прэс-цэнтры змаглі працаваць толькі каля 30 журналістаў.
Суд падводзіць вынікі першага блока слуханняў
Пасяджэнне 8 чэрвеня носіць, галоўным чынам, працэдурны характар, падчас яго абазначаюцца дадатковыя следчыя мерапрыемствы, якія яшчэ неабходна правесці, перш чым суддзі пяройдуць да разгляду па сутнасці.
У рамках другога блока пасяджэнняў суд, у прыватнасці, падводзіць вынікі таго, што абмяркоўвалася на папярэдніх слуханнях, а таксама звяртае ўвагу на новыя зрухі. "Абарона і адвакаты сваякоў атрымаюць магчымасць звярнуцца да суда. Акрамя таго, пракуратура апіша крымінальнае расследаванне. Чакаецца, што іх прэзентацыі зоймуць некалькі дзён. У канцы гэтага блока слуханняў суд прыме любыя неабходныя рашэнні і будзе чакаць наступнага блока слуханняў, які пачнецца 31 жніўня 2020 года", — тлумачылі раней у прэс-службе суда.
Паводле звестак прысутнага на пасяджэнні карэспандэнта Reuters, адвакаты таксама планавалі запытаць больш часу для падрыхтоўкі матэрыялаў.
Абвінавачанымі па справе праходзяць трое расіян —былы "міністр абароны" так званай "ДНР" Ігар Гіркін, генерал-маёр Сяргей Дубінскі, палкоўнік Алег Пулатаў — і грамадзянін Украіны Леанід Харчанка. Ні адзін з чатырох абвінавачаных на працэсе не прысутнічае.
Як чакаецца, другі блок слуханняў будзе доўжыцца да 3 ліпеня.
Законы Нідэрландаў дазваляюць прыцягнуць да адказнасці названых падазраваных, хоць "самі яны не націскалі на кнопку (пуску ракеты ЗРК "Бук". — Рэд.)", адзначаў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі і адзін з кіраўнікоў JIT Вільберт Паўлісен. Паводле высноў следства, Гіркін і трое іншых спрыялі прыбыццю вайсковай тэхнікі з РФ і каардынавалі дзеянні ЗРК, згуляўшы такім чынам "ключавую ролю ў забойстве 298 чалавек".
Падчас пасяджэння стала вядома, што ЗША адмовіліся прадастаўляць спадарожнікавыя даныя аб запуску ракеты па самалёце MH17. Прадстаўніку пракуратуры паказалі здымак і дазволілі зверыць яго з інфармацыяй, выкладзенай у мемарандуме. Ён пацвердзіў, што ўсе апісана дакладна. Суд заявіў, што дадатковых даных ад ЗША адносна катастрофы не будзе.
Да сённяшняга дня ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за катастрофу "Боінга-777". Пасля трагедыі пяць краін —Аўстралія, Бельгія, Малайзія, Нідэрланды і Украіна — стварылі сумесную міжнародную следчую групу (JIT), якая некалькі гадоў вяла расследаванне, а з 2016 года пачала інфармаваць грамадскасць аб ходзе следства.
Эксперты JIT прыйшлі да высновы, што грамадзянскі самалёт у небе над Данбасам 17 ліпеня 2014 збіла вайсковая ракета серыі 9М38, выпушчаная з Ракетна-зенітнага комплексу "Бук", а ЗРК знаходзіўся на тэрыторыі, падкантрольнай прарасійскім сепаратыстам. Следчыя ўпэўненыя, што "Бук" трапіў на ўкраінскую тэрыторыю з 53-й брыгады СПА РФ пад Курскам і неўзабаве пасля трагедыі быў вывезены праз мяжу на тэрыторыю РФ.
Паводле dw.com, korrespondent.net