Вецце над Смаленскам

Авіякатастрофа 10 красавіка скаланула Польшчу, Расію і ўсіх сяброў і суседзяў польскага народа. Усе мы стаім перад неабходнасцю асэнсаваць трагедыю, што адбылася. Для польскіх інтэлектуальных колаў гэты працэс асабліва няпросты.

Авіякатастрофа 10 красавіка скаланула Польшчу, Расію і ўсіх сяброў і суседзяў польскага народа. Усе мы стаім перад неабходнасцю асэнсаваць трагедыю, што адбылася. Для польскіх інтэлектуальных колаў гэты працэс асабліва няпросты.
Лех Качыньскі быў прэзідэнтам хутчэй пенсіянераў і простага народа, не маючы сярод студэнцтва і прагрэсіўных элітаў ані каліва падтрымкі. Больш за тое, браты Качыньскія, лідэры кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць», былі аб’ектам кпінаў ліберальнага насельніцтва з вышэйшай адукацыяй — сябры «ПіС» нават прыдумалі для іх мянушку — «адукаванцы». «Адукаванцы» ў адказ складалі крыўдныя анекдоты пра качак і галасавалі на парламенцкіх выбарах за Дональда Туска.
І вось новай трагедыяй абярнулася гадавіна трагедыі ў Катыні, якая была цэнтральнай часткай рыторыкі польскай улады і навязла простым палякам на зубах не менш, чым беларусам педаляваны нашым рэжымам подзвіг народа ў часы Вялікай Айчыннай. Новая трагедыя ўсё перавярнула.
Гібель польскай эліты на расійскай зямлі выклікала суперажыванне і многіх расіянаў. У той жа дзень адгукнуўся на падзенне самалёта вершам-рэквіемам малады паэт з Масквы Леў Аборын. З ім, а таксама з мэтрам польскай паэзіі Багданам Задурам я і гутару.
Багдан Задура: «Палітычныя сімпатыі страцілі значэнне»
— Польскія інтэлектуалы не надта любілі братоў Качыньскіх. Што змянілася пасля крушэння самалёта 10 красавіка?
— Праз некалькі дзён пасля трагедыі ў Смаленску мне ўсё яшчэ цяжка паверыць у тое, што адбылося. З самай першай хвіліны палітычныя сімпатыі страцілі значэнне. Мне аднолькава шкада тых загінулых, чыю дзейнасць я ўхваляў, і тых, хто не выклікаў майго энтузіязму.
— Ці адчуваеце, што мела месца «другая Катынь», як пра гэта часам пішуць?
— Цяжка было, дазнаўшыся пра катастрофу, у першую хвіліну не падумаць пра нейкі пачварны жарт гісторыі, пра абсурдную іронію лёсу, пра метафізічны маштаб гэтага здарэння. Пра тое, што менавіта там, менавіта тады. Што ў 70-ю гадавіну катынскай разні загінулі людзі, якія ляцелі, каб ушанаваць памяць яе ахвяраў. Гэтак жа, як тады эліта польскага народа загінула ад куляў НКУС, цяпер падчас катастрофы гіне значная яе частка.
— Якія высновы можна зрабіць ужо цяпер?
— Шукаць дабра ў няшчасці?.. Да галавы прыходзяць дзве думкі. Першая адносна прэзідэнта, які ўваходзіць у гісторыю Польшчы як трагічная постаць, і такім застанецца ў ёй назаўжды. Калі б не гэта смерць, яго кіраванне ніякім чынам не знайшло б пазітыўнага адбітку ў калектыўнай памяці, прынамсі, у ладным кавалку гэтай памяці. Я не быў прыхільнікам яго гістарычнай палітыкі, яна здавалася мне анахранізмам. Але ж парадокс: загінуўшы пад Катынню, ён дасягнуў адной з са сваіх галоўных мэтаў: пра Катынь і сапраўды даведаўся ўвесь свет.
Другая думка тычыцца польска-расійскіх адносін, на якіх цягам апошніх 70 гадоў адкідвала густы цень катынская трагедыя. Парадаксальным чынам няшчасце польскага народа, якое зноў здарылася на расійскай зямлі, можа стаць вялізным крокам для польска-расійскага прымірэння, да пераадолення варожасці і перадузятасці. Пасля гора, што здарылася, палякі пабачылі чалавечнасць Уладзіміра Пуціна і Дзмітрыя Мядзведзева, пабачылі простых расіян, якія падзяляюць з імі гэты боль. Думаю, што гэтага палякі ў сваёй пераважнай большасці не забудуць.
Леў Аборын: «Добра было б, калі б спагада перастала здзіўляць»
— Якія эмоцыі прымусілі вас напісаць верш?
— Эмоцыі — гэта, вядома ж, шок, агаломшанасць, спачуванне, якія я перажыў, даведаўшыся пра крушэнне самалёта. Шакавала і гібель столькіх людзей, і колькасць супадзенняў, і гора палякаў, і страх страціць лучнасць з Польшчай. Я быў там двойчы, апошнім разам зусім нядаўна, напрыканцы сакавіка, на канферэнцыі ў Варшаве. Там нас цудоўна прымалі, я пасябраваў з некаторымі людзьмі, маладымі польскімі навукоўцамі, што даследуюць рускую літаратуру. Два гады я вывучаў мову, перакладаў польскую паэзію. Польшча — важная частка майго жыцця. Думаю, гэта горыч паглыбіла сувязь з краінай.
— Мы былі шакаваныя хваляй злацешнасці, што ўзнялася пасля трагедыі на некаторых расійскіх блогах. Як вы думаеце, з чым яна звязаная?
— Мяне такая рэакцыя таксама заўжды жахае, і гэтым разам таксама. Але я бачыў і іншую: бачыў шчырае гора і спачуванне. І гэтага болей. Папросту спачуванне ў такіх выпадках — норма, а мэта мярзотных скокаў на касцях відавочная — быць больш заўважным. Часткова гэта — “тролі, якім няма справы ні да Польшчы, ні да Расіі, часткова — нягеглыя людзі, у якіх у галаве жывуць патэрны страху і варажнечы. Гэта можа тычыцца як людзей, якія любяць статкавую арганізацыю, так і нібыта разумных, але насамрэч — гэткіх жа. Звярніце ўвагу: у прыстойных месцах (у інтэрнэце ж ёсць прыстойныя месцы!) такія выказванні сустракаюць адлуп.
— Што будзе: сяброўства паміж краінамі ці нешта іншае?
— Спадзяюся, усё ж такі сяброўства. Я чытаў польскія інтэрнэт-выданні, там шмат водгукаў, на жаль, здзіўленых: палякі не чакалі ад расіянаў такой хвалі цяпла і падтрымкі. Добра было б, калі б спагада перастала здзіўляць. І, галоўнае, вядома ж, сяброўства не паміж урадамі, а паміж народамі. Мушу сказаць, што ні разу не сустракаў ні ў Польшчы, ні тут у дачыненнях з палякамі ніякай варожасці. Тое ж пра Украіну і Эстонію, з якімі ў нас афіцыйна нацягнутыя стасункі. Насамрэч гэтага няма — або прынамсі не больш, чым у нас саміх. Гэта пытанне ўзаемнага жадання, адкрытасці, а не прапаганды і гарадскіх легендаў.
Лев Оборин

* * *
над смоленском тучи ходят хмуро
стонет металлическая груда
хлопья металлического снега
для чего ты здесь, литература
как предупреждение оттуда
для чего dlaczego
что за крылья за твоей спиною
тяжестью висящею, стальною
угол дьявольски сочтен и найден
с так и не избытою виною
смотрим кинопленку жизнь длиною
от луны до Вайды
вот второе время, о котором
судят в выражении словесном
но не говорим об этом месте
чувствуем спиной и видим скорым
спутником, как ветви
над смоленском
образуют перекрестье
10 апреля 2010 г.

------------------------------------------------------------------------


Даведка:
Багдан Задура (нарадзіўся ў 1945 годзе), польскі паэт, празаік, крытык, перакладчык літаратуры. Галоўны рэдактар часопіса «Творчасць». Жыве ў Пулавах.
Леў Аборын (нарадзіўся ў 1987 годзе) — расійскі паэт, перакладчык, крытык. Аспірант РДГУ. Жыве ў Маскве.