Венесуэла без Чавеса

З раніцы 16 сакавіка ўсе ахвочыя могуць развітацца з прэзідэнтам Венесуэлы. Труну з целам Чавеса змясцілі ў будынку Музея рэвалюцыі. Смерць камандантэ Уга Чавеса ставіць пад пытанне існаванне створанай ім венесуэльскай мадэлі, якая цалкам была завязаная на персоне нябожчыка.



dnews_files_2013_03_was_hugo_chavez_murdered_130312_660x433_picture_jpg.jpg

Куды пойдзе Венесуэла пасля Чавеса? На першы погляд, пытанне дастаткова дзіўнае. Хаця б таму, што ў апошнія гады мясцовыя ўлады шмат увагі надавалі ідэалагічнаму каркасу рэжыму — баліварыянскай тэорыі. Прорва грошай была выдзеленая на працу экспертных груп, якія ламалі галовы над канцэпцыяй сацыялізмуХХІ стагоддзя, базісам якой была спадчына Сімона Балівара.

 

Аднак у сур’ёзных палітолагаў спробы сінтэзу новага дыямату на базе запаветаў Балівара заўсёды выклікалі іранічную ўсмешку. Балівар, які вызваліў Венесуэлу ад іспанскіх каланізатараў, быў вельмі супярэчлівай фігурай, а тым больш для сацыялістаў. Кумір Чавеса да канца жыцця так і не выйшаў за рамкі каставых інтарэсаў крэольскай эліты (гэта цалкам зразумела з прычыны нізкага ўзроўню развіцця капіталізму ў тагачаснай Лацінскай Амерыцы), за што, дарэчы, стаў аб’ектам крытыкі з боку Карла Маркса. Акрамя таго, Балівар, або, як яго называлі, «вызваліцель», калі яму было трэба, ахвотна фліртаваў з ненавіснымі Чавесу янкі. Напрыклад, вітаў прыняцце ў Злучаных Штатах дактрыны Манро, якая стала прыкрыццём для далучэння да ЗША больш за палову тэрыторыі тагачаснай Мексікі.

 

Праўда, электарат ніколі не звяртаў увагі на такія парадоксы, паколькі сам Чавес лічыўся ледзь не новым Баліварам. Не дарма, хаця афіцыйная ідэалогія і называлася баліварыянскай, часцей яе называлі Chavismo. Самае цікавае, што ніякіх сур’ёзных тэарэтычных распрацовак Чавес пры жыцці не зрабіў. Усё, што мы маем з яго асабістай спадчыны, гэта кліпы на YouTube, дзе Уга чытае рэвалюцыйныя мантры або распінае ворагаў. Аказваецца (і ў гэтым згодныя шматлікія палітолагі), гэтыя шоў, у якіх камандантэ быў адначасова і госцем, і мадэратарам, з’яўляліся адным з галоўных механізмаў падтрымання стабільнасці сістэмы.

 

У пераемніка Чавеса Нікаласа Мадуры такой прыцягальнай аўры і таленту шоўмэна няма. Як ён будзе трымаць і мабілізоўваць у выпадку неабходнасці ўвесь стракаты электарат Чавеса, не зразумела. Акрамя таго, Нікаласу патрэбна не дапусціць росту фракцыянізму ўнутры непасрэдна баліварскага лагера. Так, брытанскі часопіс «Economist» гатовы пайсці ў заклад, што канфрантацыя Мадуры і парламенцкага спікера Дзіясдада Кабела, які служыў у войску разам з Чавесам, непазбежная. Выданне таксама лічыць, што толькі аўтарытэт Фідэля Кастра можа ўтрымаць адзінства баліварцаў. Той факт, што для кубінскага рэжыму венесуэльская эканамічная дапамога — пытанне жыцця і смерці, каласальна ўздымае стаўкі ў гульні за будучыню Венесуэлы.

 

Праўда, пакуль Мадура хутчэй дэманструе трукі з рэпертуару папярэдніка — пасля смерці Чавеса ён выслаў вайсковага аташэ ЗША, а раней увогуле зваліў на спецслужбы хваробу прэзідэнта. Аднак усе ўпэўненыя: другога такога артыста, як Уга, сярод венесуэльскіх чыноўнікаў не знайсці, а сам Мадура гэту ролю не пацягне. Недарма ён не трапіў у топ кандыдатаў у конкурсе французскага часопіса «Le Point» «Хто будзе новым Чэ Геварам сярод лацінаамерыканскіх палітыкаў пасля смерці Чавеса». Амерыканскі часопіс «The Nation» цытуе аднаго з супрацоўнікаў венесуэльскага ўрадавага апарату: «Мадура ведаў, як інтэрпрэтаваць пажаданні Чавеса. Ён выдатны аператар і выканаўца, але яму не хапае практыкі, якім чынам замацаваць свае ўласныя пазіцыі і сваім аўтарытэтам павесці мадэль Chavismo ў новую, больш прагматычную эпоху».

 

На думку аналітыкаў, не маючы вопыту сталай і прамой камунікацыі з масамі, новая адміністрацыя ў Каракасе бліжэйшым часам можа спрабаваць цэментаваць электарат Чавеса за кошт новых сацыяльных праграм. Аднак, як сведчыць статыстыка кастрычніцкіх прэзідэнцкіх выбараў, калі Чавес атрымаў толькі сціплых 55 працэнтаў, памяць у народа, для якога Уга сапраўды зрабіў шмат добрага, кароткая. У сваю чаргу, апазіцыя пры новым лідары Энрыке Капрылесе імкліва «сацыял-дэмакратызуецца»: сцвярджае, што зможа больш эфектыўна падтрымліваць працу рознага кшталту місій (так Чавес называў свае сацыяльныя праграмы), і нават развіваць іх без цяперашняй залішняй бюракратызацыі.

 

У гэтым плане зразумела адно. У якім бы накірунку ні пайшла Венесуэла пасля Чавеса, палітычны ландшафт дзякуючы яму цалкам змяніўся: ніводны з сур’ёзных палітыкаў цяпер не зможа ігнараваць інтарэсы незаможных людзей, якія вельмі палітызаваліся пры папярэднім прэзідэнце.

hugo_chavez_2440367b.jpg

 

Акрамя таго, сацыяльна-эканамічная сітуацыя абмяжоўвае магчымасці Мадуры. Інфляцыя ў краіне штогод складае 30 працэнтаў. За апошняе дзесяцігоддзе краіна перажыла чатыры дэвальвацыі (апошняя мела месца ў лютым). Бюджэтны дэфіцыт роўны 20 працэнтам. Самае цікавае, што нафты ў Венесуэле здабываецца на душу насельніцтва больш,чым у Саудаўскай Аравіі.

 

Калі прадказаць унураную палітыку новай адміністрацыі цяжка, дык на міжнароднай арэне амаль усе аналітыкі чакаюць меншай актыўнасці Каракаса. Гэта звязваюць перш за ўсё са слабымі вынікамі дыпламатычных дасягненняў Уга Чавеса.

 

Усе аддаюць Уга належнае: як першы пасля развалу СССР у свеце палітык, які сказаў забароннае слова «сацыялізм», ён абвясціў старт так званага «левага павароту» ў Лацінскай Амерыцы. На цяперашні дзень на кантыненце правыя засталіся пры ўладзе ў буйных краінах хіба толькі ў Калумбіі. Аднак маніякальная ўстаноўка Чавеса бачыць свет у выключна бела-чорных фарбах, антысеміцкія забабоны і пацалункі з парыямі, накшталт Махмуда Ахмадзінежада, палярызавалі лацінаамерыканскіх левых у стаўленні да Уга. Таму яшчэ ў 2006 годзе правалілася амбіцыйная ідэя Уга выбіць для адной з краін Лацінскай Амерыкі месца ў Савеце бяспекі ААН. Паколькі ён цягнуў коўдру на сябе, шмат хто з мясцовых левых урадаў перапужаўся з’яўлення ў самым высокім органе ААН такога прадстаўніка Лацінскай Амерыкі, і праект папросту спусцілі на тармазах.

 

Таксама ляснуўся рэгіянальны інтэграцыйны праект «Баліварыянскі альянс» (ALBA), у які з тых жа агучаных вышэй прычын з лацінаамерыканскіх краін падпісаліся толькі Балівія, Эквадор, Куба і Нікарагуа. Апошняя пачала падтрымліваць ALBA толькі пасля пачатку паставак таннай венесуэльскай нафты. Сімвалічны ўплыў мае і міждзяржаўны інфармацыйны праект «Telesur», які быў задуманы ў Каракасе як альтэрнатыва папулярным іспанамоўным каналам, размешчаным у Злучаных Штатах. Таксама ніхто не разумее, як будзе існаваць без Чавеса арганізацыя UNASUR — аб’яднанне лацінаамерыканскіх краін, заснаванае як альтэрнатыва створанай па ініцыятыве ЗША Арганізацыі Амерыканскіх Дзяржаваў.

 

Аднак, хутчэй за ўсё, глабальныя пытанні будуць адкладзеныя да заканчэння красавіцкіх выбараў прэзідэнта. Большасць экспертаў прагназуюць Нікаласу Мадуру дастаткова лёгкую перамогу, паколькі, як выказаўся адзін з журналістаў, «цела яшчэ не астыла». Аднак усё сведчыць пра тое, што гэта будзе апошняя лёгкая перамога ўрадавай партыі, якой давядзецца навучыцца жыць без харызмы Уга.