Ці трэба баяцца чалавека са стрэльбай?
Пасля смерці Бен Ладэна ворагам нумар адзін у ЗША сталі сябры Нацыянальнай стралковай асацыяцыі (NRA). Зоркі Галівуда здымаюць супраць іх ролікі, жанчыны ствараюць на Faceboоk акаўнты накшталт «Маці супраць NRA», а афраамерыканцы ўзгадваюць, як калісьці на зборах NRA іх называлі «нігеры».
Як заўсёды, падчас кампаній не абышлося без відавочных небыліц. Напрыклад, некаторыя ненавіснікі NRA усур’ёз сцвярджаюць, што Асацыяцыя, якая з’явілася на свет у 1871 годзе, — фрагмент каварнага плана расістаў з сумнавядомага Ку-Клукс-Клану (ККК). Быццам, былыя рабаўладальнікі пасля пройгрышу ў грамадзянскай вайне шукалі прыкрыццё для легальнай дзейнасці і вырашылі, што лепшая вітрына — аб’яднанне ўладальнікаў зброі.
На самай справе, прынамсі да нядаўніх часоў, NRA не мела ніякай сувязі з ККК. Больш таго, яна нарадзілася хутчэй для барацьбы з імі. У 1871 годзе спробы рэваншу з боку Поўдня разглядаліся на Поўначы як цалкам рэальныя. Вайсковыя эксперты пры распрацоўцы сцэнараў канфлікту звярнулі ўвагу на жудасную статыстыку. Аказваецца, у час папярэдняй вайны сярэднестатыстычнаму салдату-федэралу патрэбна было 1 000 разоў стрэліць у ворага, каб нарэшце адзін раз у яго трапіць. Так узнікла ідэя арганізацыі, якая будзе займацца папулярызацыяй нашэння зброі і стралковага спорту. Менавіта так нарадзілася NRA. Дзейнасць гэтай асацыяцыі заснавана на прынцыпе пра тое, што права на валоданне зброяй з’яўляецца неад’емным, як іншыя грамадзянскія свабоды амерыканцаў, і абаронена Другой папраўкай да Білю аб правах.
Хаця Нацыянальная стралковая асацыяцыя з’яўляецца адной з самых старых грамадзянскіх ініцыятыў у Злучаных Штатах, доўгі час яна была амаль што афіцыйнай, паколькі дэ-факта брала на сябе функцыі Мінабароны па падрыхтоўцы навабранцаў і захаванню кваліфікацыі вайсковага рэзерву. Нядзіўна, што прадстаўнікоў NRA з пачатку ХХ стагоддзя можна было сустрэць у шматлікіх парламенцкіх камісіях. Не цураліся яе нават лідары краіны. За гісторыю NRA яе сябрамі былі восем прэзідэнтаў ЗША, сярод якіх такія гістарычныя постаці, як Тэадор Рузвельт, Айк Эйзенхаўэр, Рональд Рэйган, Рычард Ніксан і іншыя. Арганізацыя настолькі ўпісалася ў дзяржпалітыку, што нават лёгка ўхваліла першыя ініцыяваныя прэзідэнтамі законапраекты, накіраваныя на абмежаванне выкарыстання агнястрэльнай зброі прыватнымі асобамі — Акт аб агнястрэльнай зброі (1932) і Акт аб кантролі за зброяй (1968).
Вялікі пералом у дзейнасці Нацыянальнай стралковай асацыяцыі пачаўся ў 1970-я гады, калі Амерыку ахапілі культурныя войны. У адказ на з’яўленне хіпі і рок-н-рола, легалізацыю гомасэксуалізму, уздым фемінісцкага руху мабілізаваўся кансерватыўны клас са сваімі культурнымі забабонамі. Дрэс-код, мадэль спажывання, хобі пачалі набываць палітычны падтэкст. Адпаведна, пачалася імклівая палітызацыя трэцяга сектара. Адной з самых палітычна заклапочаных няўрадавых арганізацый стала менавіта NRA. У 1980 годзе ўпершыню ў сваёй гісторыі яна афіцыйна падтрымлівае аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты. Чытач, напэўна, здагадаўся, што гэтым палітыкам быў Рональд Рэйган.
Інтарэс да палітыкі можна таксама патлумачыць бізнэс-інтарэсамі. Карпарацыі па вытворчасці зброі баяліся абмежавання аб’ёмаў продажу прадукцыі і былі зацікаўленыя ў палітычным лобі. NRA стала цудоўным правадніком іх праектаў. Сёння гэта арганізацыя лічыцца адной з самых уплывовых у сферы палітычнага лобінгу. Акрамя лобінгу, NRA вядзе шырокую адукацыйную працу — выдае некалькі часопісаў, арганізуе лекторыі па бяспецы выкарыстання зброі, праводзіць шматлікія спартовыя спаборніцтвы, прадастаўляе прававую дапамогу аматарам зброі, якія маюць праблемы з законам. Вялікая ўвага таксама надаецца інфармаванню насельніцтва аб ужо згаданай Другой папраўцы.
NRA з’яўляецца адным з галоўных спонсараў скаўцкага руху ў ЗША. Ну і, безумоўна, падтрымлівае рэспубліканцаў. Так, у 2008 годзе NRA уклала каля 12 мільёнаў долараў у ініцыятыву супраць абрання Барака Абамы прэзідэнтам. Застаецца дадаць, што Нацыянальная стралковая асацыяцыя налічвае на сённяшні дзень больш за 4,5 мільёна сябраў.
З пачаткам 1990-х гадоў у ЗША рэзка павялічылася колькасць масавых забойстваў навучэнцаў, якія былі зробленыя кімсьці з вучняў альбо старонняй асобай (увогуле, першае злачынства такога кшталту здарылася ў 1764 годзе, калі нейкія індзейцы забілі ўвесь клас). І хаця толькі некаторыя з забойцаў былі сябрамі NRA, хутка асацыяцыя аказалася па самыя вушы ўцягнутая ў гэтую праблематыку. Такая сітуацыя выглядае трошкі дзіўнай: па той бок акіяну хапае кансерватыўных няўрадавых арганізацый, у тым ліку аб’яднанняў аматараў зброі, якія пры гэтым дастаткова мірна суіснуюць з уладамі, нават з самімі ліберальнымі. Аднак толькі не ў выпадку NRA. Такое ўражанне, што канцэнтрацыя сярод сябраў NRA экстрэмісцкіх элементаў — наступства агрэсіўнага іміджу асацыяцыі, цягне за сабой неадэкватную, шакуючую публіку рэакцыю.
Дастаткова паглядзець, як NRA рэагавала на трагедыю ў Ньюпарце, дзе ў снежні 20-гадовы Адам Ленза забіў 27 чалавек, а потым застрэліўся сам. Кіраўнік Нацыянальнай стралковай асацыяцыі выступіў з гэтай нагоды са спецыяльнай заявай, у якой прапанаваў сваю версію трагедыі. Па яго словах, ва ўсім вінаватыя Галівуд, які прапагандуе гвалт, і палітыкі-дэмакраты, якія дабіліся ператварэнне школьных тэрыторый у т.зв. Gun-Free School Zones (школьная зона вольныя ад зброі). Нібыта таблічкі з такім надпісам дзейнічаюць на патэнцыйных забойцаў як каталізатар. Цяпер, быццам, ім зразумела, дзе можна пазабіваць як мага шмат людзей без асаблівай рызыкі.
Развязанне праблемы NRA бачыць у рэалізацыі плану, які называецца «Нацыянальны школьны шчыт» і прадугледжвае стварэнне інстытуту паліцэйскіх афіцэраў, якія будуць адказныя за бяспеку школ. Агітуючы за свой план, асацыяцыя нават узгадала дзяцей Барака Абамы, якія, натуральна, ахоўваюцца як сям’я прэзідэнта. У адным з прапагандысцкіх кліпаў Нацыянальная стралковая асацыяцыя звяртае ўвагу на тое, што Абама абараняе сваіх дачок па прынцыпу «Нацыянальны школьны шчыт», аднак не жадае такой перспектывы для іншых дзяцей краіны. Таксама ўразіў грамадскасць нядаўні памфлет асацыяцыі пра тое, што Хілары Клінтан — камуністка.
Агрэсіўная рыторыка Нацыянальнай стралковай асацыяцыі не падабаецца нават арганізацыям, якія абараняюць правы ўладальнікаў зброяй. Шэраг лідараў ініцыятыў такога кшталту абвінавацілі NRA у тым, што яе дзейнасць на руку праціўнікам Другой папраўкі. Думаецца, што на самай справе такая дзейнасць на руку дэмакратам, з якіх цяпер менш спытаюць за эканамічныя праблемы. З улікам законапраекта аб кантролі над уладальнікамі зброі, які рыхтуецца, эмоцыі сціхнуць не хутка.
Аднак больш цікавыя працэсы адбываюцца на правым флангу, дзе ідзе раскол па лініі «за» і «супраць» Нацыянальнай стралковай асацыяцыі. Так, мэрНью-Ёрка Майкл Блумберг рэзка крытыкуе пазіцыю NRA. З іншага боку, асацыяцыя імкліва становіцца гаванню для кансерватыўных рэспубліканцаў з групоўкі «Tea Party» (кансерватыўная фракцыя рэспубліканцаў), праціўнікаў аднаполых шлюбаў, ісламафобаў. Так, «Tea Party», калі верыць прэсе, негалосна падтрымлівае правядзенне 20 сакавіка т. зв. Маршу ў абарону Другой папраўкі, які фактычна павінен стаць аглядам сіл радыкалаў і паскорыць працэсы падзелу рэспубліканцаў на дзве партыі — больш ліберальную і больш кансерватыўную.