Палітыка прыйшла ў Галівуд

Апошняя цырымонія ўручэння прэмій «Оскар» была гістарычнай. Ніколі яшчэ ў спісе кандыдатаў на намінацыю «Лепшы фільм» не было столькі стужак пра палітыку.



20130225ben.jpg

Нават калі б «Аперацыя “Арго»(стужка пра іранскую рэвалюцыю) не атрымала залатую статуэтку, яе «падстрахаваў» яшчэ больш палітызаваны «Лінкальн» Стывена Спілберга — другі фаварыт, які распавядае пра славутага прэзідэнта ЗША Абрахама Лінкальна. Акрамя таго, у спісе намінантаў прысутнічалі «Джанга Вызвалены» з тэмай рабства і «Мэта нумар адзін» пра пошук і забойства Бен Ладэна. На выхадзе мы маем абсалютны рэкорд: ніколі за ўсе часы выдачы прэмій «Оскар» у пуле намінантаў не было столькі фільмаў з ярка выражанай палітычнай тэматыкай. Такая расстаноўка дазволіла некаторым газетам жартаваць, назваўшы намінацыю на «Лепшы фільм» конкурсам «На лепшы палітычны фільм».

 

Іншымі словамі, палітычны ўхіл у Галівудзе відавочны. Гэта дало падставу шматлікім кіназнаўцам узгадаць былыя палітычныя фільмы, што былі ўганараваныя «Оскарам», і задумацца, што ж зараз уяўляе сабой жанр палітычнага кіно, і, натуральна, паразважаць, чым выкліканы такі інтарэс да гэтага накірунку ў кінамастацтве.

 

Калі пачынаеш разважаць пра палітычныя фільмы, адразу, як сказаў Ельцын, узнікае «загагуліна» — да канца не выпрацаваныя крытэрыі жанру палітычнага кіно. Возьмем, напрыклад, стужку «Роўна апоўдні» — прэтэндэнта на «Оскар» 1952 года. На першы погляд, звычайны вестэрн. Паводле сюжэту, шэрыф даведваецца, што ў горад едуць злачынцы, і намагаецца мабілізаваць грамадства для абароны гораду. Ніхто з абывацеляў не хоча рызыкаваць, і герою даводзіцца ў гордай адзіноце перабіць усю банду. Быццам прымітыўны сюжэт. Аднак не ўсё так проста. «Роўна апоўдні» быў успрыняты сучаснікамі як алегорыя на амерыканскае грамадства эпохі макартызму. Зорка вестэрнаў Джон Уэйн, які падтрымліваў сенатара Макарці, назваў яго «самым антыамерыканскім фільмам, які ён калісьці бачыў». Фільм выклікаў гарачыя палітычныя дэбаты, а той жа Уэйн зняў фільм-адказ, у якім у падобнай сітуацыі прад пагрозай бандытаў грамадзяне дружна самаарганізоўваюцца.

 

Або фільм «Рокі» — трыумфатар 1976 года. Гісторыя маладога пралетарыя, які пабіў чэмпіёна свету, была ўспрынятая на той час як знак адраджэння амерыканскага духу пасля правалу ў В’етнаме.

 

Таксама, калі гаворка ідзе пра палітычныя фільмы, варта нагадаць адзін кур’ёз. Заснавальнікамі Кінаакадэміі, якая з 1929 года выдае «Оскараў», была студыя MGM і звязаная з ёй група кансерватыўных аналітыкаў, якія не жадалі бачыць кіно сродкам палітызацыі. Магчыма, з-за гэтага не атрымалі «Оскар» у 1930–1940-я гады стужкі, якія хутка сталі класікай: «Грама­дзянін Кейн», «Вялікі Дыктатар», «Гронкі гневу», «Па кім звініць звон», «Містэр Сміт едзе ў Вашынгтон». Затое акадэмікі з радасцю падтрымалі ў 1942 годзе вельмі патрыятычны «Yankee Doodle Dandy». Праўда, гэта версія пра змову правых гучыць вельмі супярэчліва. Пераможцам 1929 года стала стужка «На заходнім фронце без перамен» — напэўна, адзін з самых моцных пацыфісцкіх маніфестаў усіх часоў.

 

Так ці інакш, роўна праз 20 гадоў кампанія MGM была ліквідаваная менавіта за тое, што тры гады яе карціны не здолелі здабыць ніводнага «Оскару». Сыход спонсара аслабіў ідэалагічны дыктат, і сябры Кінаакадэміі (якіх тады ўжо было 600) пачалі галасаваць больш разняволена. Таму ў 1949 годзе трыумфуе «Уся каралеўская раць» — гісторыя ўтраправага палітыка-папуліста Вілі Старка, які зрабіў палітычную кар’еру аж да крэсла губернатара штата. Шкада, што гэты фільм не круцілі ў 1994-м падчас выбараў прэзідэнта РБ. Магчыма, выбаршчыкі зразумелі, што такое палітычны папулізм.

 

Як ні парадаксальна, пасля «Усёй каралеўскай раці» інтарэс да палітычных фільмаў амаль знік. Затое напрыканцы 1960-х гадоў на фоне палітызацыі грамадства пачынаецца бурная палітызацыя «Оскара». 1967 год — прыз у стваральнікаў стужкі «Душнай паўднёвай ноччу» — фільму пра расавыя забабоны ў ЗША. 1969 год — узнагароджаны фільм «Патан», дзе відавочныя асацыяцыі з вайной у В’етнаме. 1978 год — «Паляўнічы на аленяў» (тэма в’етнамскага сіндрому).

 

Пасля 1960–1970-х гадоў «Оскара» за палітыку давалі перыядычна, аднак дастаткова спарадычна — «Гандзі» (1982), «Узвод» (1986), «Спіс Шындлера» (1993).

 

Таксама варта ўзгадаць карціны, якія былі намінантамі на «Оскар», аднак не атрымалі статуэтку. «M*A*S*H» (1970) — пра абсурд вайны ў Карэі, «Нэшвіл» — пра сацыяльна-палітычныя праблемы ЗША пачатку 1970-х, «Уся прэзідэнцкая раць» (1976) — пра журналісцкае расследаванне скандалу Уотэргейт, «Чырвоныя» (1981) — пра прыгоды амерыканскага журналіста Джона Рыда ў Петраградзе падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі, «JFK» (1991) — пра тайну забойства прэзідэнта Джона Кенэдзі, «Малкальм Ікс» (1992) — пра культавага героя руху афраамерыканцаў ЗША, «Ніксан» (1995) — пра трагедыю Рычарда Ніксана, «Добрай ночы і ўдачы» (2006) — пра лёс журналістыкі ў часы макартызму, «Фрост супраць Ніксана» (2008) — пра славутую серыю інтэрв’ю, якія даў Ніксан журналісту Фросту, дзе фактычна прызнаў Уотэргейт, «Харві Мілк» (2008) — пра лідара руху сэксуальных меншасцяў у 1970-я гады.

 

І вось цяпер нечаканы поспех «Аперацыі “Арго». Нагадаем, што фаварытам прэміі напярэдадні ўсе дружна лічылі «Лінкальна».

 

Тое, што Бен Афлек (рэжысёр «Аперацыі «Арго») абставіў Спілберга, звязваюць з арыгінальнай мадэллю патрыятызму, якую прапануе карціна. У ёй няма напышлівых фразаў пра дэмакратыю, любоў да айчыны і г. д. Яе героі — звычайныя супрацоўнікі Галівуда, якія ўцягнутыя ў аперацыю ЦРУ па эвакуацыі амерыканскіх дыпламатаў, што хаваюцца ў Іране ад ісламістаў. Героі — крайнія цынікі і адкрыта смяюцца з амерыканскіх каштоўнасцяў і палітычных лідараў краіны. Тое ж самае робяць амаль усе прадстаўленыя ў фільме амерыканцы. Аднак гэты цынізм не замінае ім уключыцца ў гульні разведкі і выратаваць людзей, якіх яны нават не ведаюць асабіста. Як піша прэса, гэтыя постаці чымсьці нагадваюць Рыка, героя фільму «Касабланка», які адрынуў асабістае дзеля дапамогі антыфашысцкаму супраціву.

 

Шмат каму падыход Афлека нагадвае тое, як прадстаўленая гераіня фільму «Мэта нумар адзін» — дзяўчына, апанаваная расследаваннем 9/11. З аднаго боку, Майя — так завуць гераіню — заўзятая феміністка (гэта падабаецца левым). З другога — патрыётка (гэта падабаецца правым). Вось вам і гатовая формула новага патрыятызму. Калі меркаваць па рэакцыі, публіцы падабаецца такая дастаткова спакойная трактоўка разумення грамадскага і палітычнага.

 

Наколькі сур’ёзна палітычнае кіно ў яго цяперашняй мадэлі прапісалася ў Галівудзе, стане вядома напрыканцы года, калі агучаць намінантаў на «Оскар–2014».