Вяртанне Робіна Гуда

З нагоды сусветнай прэм’еры фільма «Робін Гуд» (рэжысёр Рыдлі Скот) культуролагі ва ўсім свеце спрачаюцца, чаму вобраз разбойніка з Шэрвудскага лесу так запатрабаваны ў сучасным грамадстве.



84b20b1f5a0d103f5710bb67a043cd78.jpg

З нагоды сусветнай прэм’еры фільма «Робін Гуд» (рэжысёр Рыдлі Скот) культуролагі ва ўсім свеце спрачаюцца, чаму вобраз разбойніка з Шэрвудскага лесу так запатрабаваны ў сучасным грамадстве.
Калі верыць папулярнай інтэрнэт-энцыклапедыі Wikipedia, кінематаграфісты рэгулярна звярталіся да гэтага сюжэта. Першая стужка выйшла ў далёкім 1908 годзе, а «Робін Гуд» рэжысёра Рыдлі Скота стане 51-й экранізацыяй легенды пра славутага разбойніка. Прычым гэта без уліку карцін, знятых не ў англамоўных краінах, мультфільмаў, коміксаў, кніг, гульняў, у тым ліку кампутарных, канструктараў Lego і г.д. У дадатак яшчэ ў 1860 годзе ў Лондане адбылася прэм’ера аднайменнай оперы.
Самае цікавае, што фабула ўсіх фільмаў і твораў вядомая гледачу з самага пачатку. Ёсць канон, пабудаваны на раманах Вальтэра Скота, які перапрацаваў балады, запісаныя прыкладна ў XIV стагоддзі, што пазней былі апрацаваныя і выданыя ў 1795 годзе літаратарам Джозэфам Рытсанам.
Адпаведна версіі Вальтэра Скота, прыкладна ў ХІІ стагоддзі ў Шэрвудскім лесе, што пад Нотынгемам, дзейнічае шайка Робіна Гуда. Банда заўзята змагаецца з мясцовым шэрыфам. Адначасова групоўка Робіна дапамагае каралю Рычарду Львінае Сэрца вярнуць сабе трон, які незаконна захапіў прынц Джон. Побач з Робінам прысутнічае традыцыйны набор персанажаў: брат Тук, маленькі Джон і ягоная жонка Мэрыён. У фінале кожнага фільма паўстанцы перамагаюць каварнага праціўніка. Надыходзіць доўгачаканы хэпі-энд.
З 1908 года ў гісторыі пра Робіна Гуда мала што змянілася. Хіба што ў апошні час сцэнарысты ўвялі ў склад герояў чарнаскурага або араба, прысутнасць якога на экране павінна сведчыць пра расавую талерантнасць Робіна і яго кампаніі. Таксама з’явіліся гомасексуальныя версіі прыгод Робіна. У фільме «Robin of Sherwood» Робін і шэрыф — тайныя каханкі, а Мэрыён ім толькі замінае. З іншага боку, палітычная кан’юнктура заўсёды ўплывала на трактоўку героя. У 1930-я гады, у пік папулярнасці ідэй марксізму, у адным з фільмаў пра Робіна Гуда той называў лясных братоў «таварышы».
Між тым, большасць гісторыкаў схіляюцца да таго, што Робіна Гуда як канкрэтнай фігуры ніколі не існавала. Імя Робін Гуд у Сярэднявеччы было сінонімам слова «злачынец». Магчыма, таму, што слова «гуд» перакладаецца з англійскай як «каптур» — частка касцюма ўсіх людзей з вялікай дарогі. У той жа час была папулярная прымаўка «Hood not so good» (каптур — гэта не добра).
Прыкладна з 1600 года зафіксаваны феномен, калі шматлікія ананімныя злачынцы называлі сябе Робін Гуд. Так іх называлі брытанскія ўлады Гая Фокса (чалавека, які спрабаваў падпаліць будынак брытанскага парламента).
Калі ніякага Робіна Гуда не было, а ўсе фільмы зробленыя па аднаму клішэ, лагічна ўзнікае пытанне: што прымушае людзей у наш час зноў і зноў хадзіць у кіно і сачыць за прыгодамі злодзея?
Пачнём з таго, што любоў да старажытных бандытаў кшталту Робіна Гуда прывітая нам яшчэ ў дзяцінстве. Вядомы гісторык Эрык Хобсбаум яшчэ ў 1969 годзе пісаў пра тое, што ў традыцыйным сялянскім грамадстве бандытызм — праява парадыгмы сацыяльнага пратэсту. Як доказ ён прыводзіць тэксты народнай літаратурнай творчасці (песні, казкі), у якіх бандыты выглядаюць народнымі героямі.
На самай справе, як прызнае той жа Хобсбаум, старажытны бандытызм быў далёкі ад рамантыкі. Гісторык даказвае, што ў падполле людзей кшталту Робіна Гуда прыводзілі не высокія тэорыі, а асабістая помста. Этыка бандытаў была далёкая ад прынцыпаў гуманізму.
Аднак што нам да гістарычнай праўды: пачутыя ў дзяцінстве казкі пра магчымасць імклівага пакарання зла і аднаўлення справядлівасці застаюцца з намі на ўсё жыццё. У сваёй кнізе «Robin Hood: A Mythic Biography» («Робін Гуд: біяграфія міфу») гісторык Стывен Найт адзначае: «Перыядычны рэнесанс папулярнасці Робіна Гуда адлюстроўвае сацыяльна-псіхічны стан сучаснага заходняга грамадства».
Па Найту, калі грамадзяне адчуваюць сябе сацыяльна пакрыўджанымі, не вераць у прававую і выбарчую сістэму, у іх фармуецца запытанне на адпаведную пратэстную культурную прадукцыю. Такія комплексы лепш за ўсё кампенсуюць пабачаныя ў кінатэатры сцэны пра прыгоды славутага разбойніка.
Менавіта так гісторык тлумачыць апошні выбух цікавасці да Робіна Гуда ў 1980-я, калі Маргарэт Тэтчэр і Рональд Рэйган праводзілі ліберальныя эканамічныя рэформы. За той перыяд выйшла аж восем экранізацый легенды.
Гісторыя працягваецца. Яшчэ калі рэцэсія толькі пачалася, брытанскія лейбарысты назвалі адзін з праектаў сваіх фіскальных законаў, які абкладаў падаткам багатых, Robin Hood Tax (Падатак Робіна Гуда).
Выхад на экраны чарговага фільма пра Робіна Гуда, безумоўна, цудоўна пасуе цяперашнім настроям часоў глабальнага эканамічнага крызісу.
Між тым, як пішуць палітолагі, гуляць з вобразам Робіна Гуда небяспечна. Хаця Галівуд арыентуецца на кінарынак ЗША і Еўропы, ягоную прадукцыю глядзяць ва ўсім свеце. І калі для еўрапейца або амерыканца фільм пра Робіна Гуда папросту псіхічная кампенсацыя эканамічных праблем, для жыхароў Трэцяга свету Робін Гуд — прыклад для паводзінаў.