Выбары ў Грузіі: марыць ніколі не позна
У Грузіі лічаць галасы тых, хто прагаласаваў на
парламенцкіх выбарах 8 кастрычніка. Іх першыя вынікі каментуе грузінскі эколаг
Лела Кінадзэ.
Пакуль пра канчатковыя вынікі казаць рана, паколькі апрацаваны не ўсе бюлетэні. Паводле ЦВК, лідзіруе праўладная “Грузінская мара”, якая, быццам, атрымала больш за 50 працэнтаў. У апазіцыі — Адзінага нацыянальнага руху — каля 25 працэнтаў. Іншыя партыі атрымалі менш за 5 прахадных працэнтаў, хаця на мяжы праходу знаходзіцца прарасійскі Альянс патрыётаў. Верагодна, фінальныя лічбы будуць іншымі, паколькі паводле некаторых экзіст-полаў разрыў паміж “Грузінскай марай” і нацыяналамі складае каля 7 працэнтаў.
Тым не менш лідарства “Грузінскай марай” не выклікае сумневаў. Нават у Аджарыі, якую Саакашвілі хацеў зрабіць візітоўкай краіны і шмат сюды інвеставаў, нацыяналы прайграюць. Адзінае, што пакуль не зразумела — чаму людзі прагаласавалі за партыю, якая не выканала сваіх папярэдніх абяцанняў. Натуральна, мелі месца нейкія брудныя тэхналогіі. Назіральнікі зафіксавалі каля 70 парушэнняў. Не дарма ў некаторых месцах на месцах падлік галасоў ператварыўся ў бойку.
Аднак, думаю, вырашальным фактарам
аказалася палітычная апатыя. Не маючы яскравага лідара ўзроўню Саакашвілі нацыяналам
не ўдалося разварушыць выбаршчыкаў. Акрамя таго, менавіта
зараз у Еўропе разглядаюць пытанне адмены віз для грузінаў. Праўладныя медыя
пужаюць, што змена ўраду ў Тбілісі паўплывае на графік ўвядзення безвізавага
рэжыму.
Апазіцыя рэагуе на навіны з ЦВК прадказальна. Ужо адбылася папяраджальная акцыя каля офісу ЦВК. Аднак сэнс пратэстаў трошкі незразумелы, паколькі спачатку трэба дачакацца вынікаў галасавання па аднамандатным акругам, з якіх складаецца палова парламента. Там усё будзе вырашацца ў другім туры, які пройдзе праз два тыдні.
Праўда, з улікам адміністратыўнага рэсурсу, які кантралюе “Грузінская мара”, перамагчы там апазіцыі будзе цяжка. Акрамя таго, гісторыя выбараў у Грузіі сведчыць, што ў другім туры на мажарытарных акругах ахвотней галасуюць за партыю, якая прамагла на прапапцыйных.