Замежныя СМІ пра Беларусь: 28 жніўня - 3 верасня

Галоўная праблема Лукашэнкі — дзе ўзяць грошы. Расія выдачу датацый скараціла вельмі рэзка. Еўропа таксама грошай больш не дае, не дачакаўшыся сто разоў абяцаных палітычных і эканамічных рэформаў. Грашыма МВФ пакарыстацца нельга, паколькі Мінск адмаўляецца прымаць умовы, на якіх МВФ згодны дапамагаць. Кітай, здаецца, гатовы даць грошы — амаль 15 мільярдаў, але гэта будуць мэтавыя крэдыты, яны, фактычна не заходзячы ў краіну, сыдуць на аплату кітайскіх тавараў.

Галоўная праблема Лукашэнкі — дзе ўзяць грошы. Расія выдачу датацый скараціла вельмі рэзка. Еўропа таксама грошай больш не дае, не дачакаўшыся сто разоў абяцаных палітычных і эканамічных рэформаў. Грашыма МВФ пакарыстацца нельга, паколькі Мінск адмаўляецца прымаць умовы, на якіх МВФ згодны дапамагаць. Кітай, здаецца, гатовы даць грошы — амаль 15 мільярдаў, але гэта будуць мэтавыя крэдыты, яны, фактычна не заходзячы ў краіну, сыдуць на аплату кітайскіх тавараў. У кастрычніку Лукашэнка павінен ехаць у Іран — адкрываць сумесную іранска-беларускую здабычу нафты на радовішчы Джафір. За гэту танную нафту Мінску давядзецца заплаціць далейшым пагаршэннем сваіх пазіцый: міжнародных санкцый супраць Ірану пакуль быццам бы ніхто адмяняць не збіраецца. Так што прэзідэнт Лукашэнка на вачах трапляе ў поўны цугцванг. І нават легітымнасць яго ўсё яшчэ верагоднай перамогі на хуткіх выбарах гэтым разам ужо не будзе прызнаная нікім, акрамя, магчыма, Чавеса і Ахмадзінежада. А ім — пры ўсім жаданні — не пратрымаць лукашэнкаўскі рэжым на плаву.
«Вести» (Расія)
У стаўленні да Беларусі варта дзейнічаць асцярожна, хоць апошнія гады паказалі, што дыялог з Мінскам — лепш, чым санкцыі і ізаляцыя. Пры гэтым кантакты з уладай не павінны азначаць адмову ад падтрымкі апазіцыі, нягледзячы на тое, што ў блізкай перспектыве яе шанцы прыйсці да ўлады невялікія. Аляксандр Лукашэнка спрабуе вызваліцца ад Расіі, збліжаючыся (прынамсі ў эканамічным плане) з ЕС. Гэты працэс трэба падтрымліваць, са спадзяваннем, што з часам ён прывядзе да глыбейшых змен у Беларусі, аднак не настолькі, каб стаць гарантам палітыкі Лукашэнкі ў стаўленні Еўропы. Прапанаваны экспертамі прынцып умоў пры падтрымцы Беларусі (дапамога ў абмен за пэўныя крокі, якія паляпшаюць функцыянаванне прававой дзяржавы і гарантыі грамадзянскіх свабод) з’яўляецца самай лепшай стратэгіяй.
«Gazeta Wyborcza» (Польшча)
Знявага прыватнай ініцыятывы — гэта філасофія, якую прызнае сам Лукашэнка, і яе добра засвоілі службоўцы. Моцны бізнес можа апынуцца самастойным і пачне ўяўляць сабой пагрозу для яго неабмежаванай улады. Бюракратызм у адносінах з інвестарамі расце на гэтай жа глебе. Будучы фактычна дзяржаўнымі службоўцамі, беларускія дырэктары не здольныя на прадпрымальніцкую рызыку, без якой няма развіцця. Любога прыватнага бізнесмена ў краіне ўспрымаюць як ворага, а інвестару дыктуюць умовы, як і ў што яму ўкладваць грошы, па якім кошце і каму прадаваць прадукцыю. Лагічна, што ў Беларусь не толькі не ідзе замежны бізнес, але і родны пакідае межы краіны. Па інфармацыі лідэра аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктара Гарбачова, за апошнія сем гадоў з краіны з’ехалі 52 тысячы прадпрымальнікаў, а кожны пяты з тых, хто застаўся, працуе ў ценю.
«Независимая газета» (Расія)
Агітацыя Крамля за справядлівыя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі напярэдадні выбарчага цыклу ў самой Расіі, у якім уладзе патрэбныя прадказальныя вынікі, можа справакаваць цалкам непатрэбныя ёй тэндэнцыі да мадэрнізацыі палітычнай сістэмы. І таму Маскве, мабыць, давядзецца і надалей сябраваць з тым, каго яна вырасціла. Знайсці вінаватых за паказ абразлівых фільмаў, знізіць кошты на газ і ў адзіночку «актывізаваць адносіны» з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй. Час канчатковага выбару яшчэ не прыйшоў.
«Ведомости» (Расія)