Замежныя СМІ пра Беларусь: 3 мая — 9 мая

Вялікую цікавасць да еўрапейскай палітыкі «Усходняга партнёрства» праяўляе Беларусь, але ёй трэба справіцца са сваімі праблемамі. Аляксандр Лукашэнка робіць усё магчымае, каб Расія яго не праглынула. Між тым, Масква імкнецца павялічыць свой уплыў у Беларусі. Лукашэнка шукае магчымасці збалансаваць расійскі і еўрапейскі ўплыў. Латвія палітычна адкрыта для Беларусі, таму можна чакаць большага сяброўства. «Leta» (Латвія)



smi4.jpg

Пакуль Масква абдумвае новую «нафтавую вайну» супраць свайго бліжэйшага саюзніка, Беларусі, ЕС прывязвае яе да сябе новымі камунікацыямі. У адрозненне ад нецярплівага і прагнага Крамля, Брусэль карыстаецца і бізуном, і пернікам. Як хутка цярпенне ў Мінска скончыцца, і ён пойдзе па шляху Кіева, які зрабіў амаль усё для падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, пакуль не ведае, здаецца, нават сам Лукашэнка. Як распавёў на ўмовах ананімнасці блізкі да ўрада РБ мясцовы дзяржаўны журналіст, беларускія ўлады незадаволеныя дзеяннямі Масквы ўсё больш і больш. «Расія ўсё робіць груба, нахрапам, пастаянна ціскам займаецца, пагражае. А Еўропа куды мякчэй, дыпламатычна, гатовая ўлічваць нашы інтарэсы. Вось і атрымліваецца: ідэалагічна і эканамічна нам быццам бы і больш выгадна быць з Расіяй, але маскоўскія палітыкі паводзяць сябе занадта агрэсіўна», — прыкладна так, паводле яго слоў, сёння разважаюць усе беларускія чыноўнікі ў размовах паміж сабой.

«Росбалт» (Расія)
 

Мадэрнізацыя, да якой прыступілі функцыянеры са «старой гвардыі» Лукашэнкі, з часам лопне, як мыльная бурбалка. Гэта не што іншае, як звычайныя меры па дзяржпадтрымцы стратных прадпрыемстваў, ды яшчэ і ў доўг, якія пад прыкрыццём мадэрнізацыйнай рыторыкі праводзяць у жыццё правераныя кадры — прэм’ер Мясніковіч са сваім намеснікам Пракаповічам. Вынікам бурнай дзейнасці стане падлік страт ад інвестыцый, якія чыноўнікі хацелі б укласці без аглядкі на эканамічную мэтазгоднасць праектаў. Гэта выдаткі кадравай палітыкі прэзідэнта Лукашэнкі, які даручае справы старым паслухмяным выканаўцам, а не спецыялістам-рыначнікам, якія кажуць аб неабходнасці мадэрнізацыі ўсёй палітычнай і эканамічнай сістэмы Беларусі.

«Deutsche Welle» (Германія)

Беларусь перажывае крызіс нацыянальнай ідэнтычнасці. Па дадзеных Дзяржаўнага беларускага ўніверсітэта і Еўразійскай манітора, якія прыводзіць газета, амаль палова беларусаў не задумваецца пра тое, што краіна можа страціць свае традыцыі і адметнасць. Адсутнасць «нацыяналістычнага запалу» ў Беларусі прывяла да абрання Аляксандра Лукашэнкі і «актыўнай русіфікацыі» краіны. Недахоп нацыянальнай самасвядомасці адрознівае Беларусь ад іншых дзяржаў СНД і ставіць пад пытанне яе здольнасць да стварэння незалежнай будучыні.

«The Oxonian Globalist» (Вялікабрытанія)

У Беларусі могуць на заканадаўчым узроўні забараніць перагляд вынікаў прыватызацыі. Гаворка, вядома, ідзе не пра «прыхватызацыю» 1990-х гадоў, якой у Беларусі папросту не было, а пра планы ўладаў па будучым распродажы дзяржуласнасці. «Рыхтуецца да прадстаўленні ва ўрад праект закона, які ўносіць змены ў закон аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы», — гаворыцца ў паведамленні беларускага Савета міністраў. Ва ўрадзе адзначаюць, што ў новым законе будзе «забарона на перагляд або адмену вынікаў прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці пасля яе правядзення». Навошта гэты закон спатрэбіўся беларускай уладзе, якая ўвесь гэты час лічылася апорай ці то сацыялізму, ці то дзяржаўнага капіталізму ў Еўропе, на першы погляд не вельмі зразумела. Хутчэй за ўсё, улада такім чынам дэманструе інвестарам (пераважна замежным) гатоўнасць змяніць сваё стаўленне да прыватнай уласнасці.

«СЛОН» (Расія)