Севярынец: Расійская авіябаза — гэта пагроза незалежнасці Беларусі

Магчымае размяшчэнне расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі апошнім часам выклікала шмат размоў наконт таго, добра гэта ці дрэнна. Палітвязень Павел Севярынец упэўнены, што гэта недапушчальна. І закладнікамі гэтай палітыкі робяцца беларусы.



59960.jpg

Яны не пройдуць!

—  Да размяшчэння расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі я, зразумела, стаўлюся адмоўна. Яшчэ з савецкіх часоў войска, якое тут стаяла, было прычынай пастаяннай пагрозы, забруджвання навакольнага асяроддзя і русіфікацыі. Ад той базы, якая з’явіцца ў Баранавічах, нічога добрага не выпадае чакаць і зараз.

Гэта прамая пагроза незалежнасці Беларусі, гэта правакацыя, якая можа скончыцца, калі , крый Божа, пачнуцца нейкія вайсковыя дзеянні паміж Расіяй і Захадам, ударам па Баранавічах. Гэта проста нешта непатрэбнае Беларусі. Таму трэба яднаць сілы, каб пратэставаць супраць гэтай авіябазы і супраць тых двух, якія ёсць пад Вілейкай і Ганцавічамі. Расійскаму войску не месца ў Беларусі, Канстытуцыя якой дакладна акрэсліла – мы мусім імкнуцца да нейтралітэту і не ўступаць у вайсковыя блокі.

— Дзяржавы-суседкі вельмі моцна заклапочаныя пашырэннем расійскай ваеннай прысутнасці.

Мяне ў першую чаргу хвалюе Беларусь, але я разумею, што гэта і выклік нашым суседзям палякам. Расійскі генштаб не нагуляўся яшчэ з савецкіх часоў і бачыць патэнцыйнага ворага то ў ЗША, то ў Польшчы, то ў Захадзе агулам. Замест таго, каб дамаўляцца з амерыканцамі і еўрапейцамі і стрымліваць экспансію арабскага свету ці камуністычнага Кітая, расіяне працягваюць займацца гэтай дурнотай. А беларусы ў гэтым выпадку церпяць. На беларусах “выязджаюць” за нейкія прэферэнцыі, за нейкія пару эшалонаў таннай нафты мы расплочваемся ўласнай незалежнасцю.

— Стала вядома, што ў Беларусі знаходзяцца тры тысячы ваенных, апранутых у беларускую ваенную форму, і яны падпарадкоўваюцца расійскаму камандаванню.

Калі гэта праўда, то вынікае, што рэжым цалкам марыянеткавы і ў любы момант можа быць зменены Расіяй. Паступовая здача беларускай незалежнасці, якую 19 гадоў праводзіў Лукашэнка, у рэшце рэшт выліваецца ў падобныя рэчы: расійскія базы, расійскіх вайскоўцаў, супольную мяжу, супольную сістэму супрацьпаветранай абароны, уцягванні ў небяспечныя гульні ядзернай дзяржавы. Той дзяржавы, якая падтрымлівае Асада і рэжымы-ізгоі. І Беларусь уляпваецца ў гэтую брудную расійскую вайсковую гульню.

— Гэта памылкі Лукашэнкі ці гэта ён робіць асэнсавана?

Я думаю, што ён вымушаны ісці на гэта. Ён бы рады абысціся без такіх знакаў расійскай прысутнасці. З іншага боку, калі ён не можа стрымаць расійскую экспансію і страту незалежнасці, ён выкарыстоўвае іх каб чарговы раз палохаць Захад. І такім чынам падымаць уласную значнасць. Але закладнікамі гэтай бязглуздай палітыкі робяцца ізноў жа беларусы.

Сустаршыня партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец адбывае трохгадовы тэрмін пакарання ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна за ўдзел у Плошчы 2010. Праз 5 месяцаў ён павінен выйсці на свабоду.

З Паўлам Севярынцам гутарыла Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя

racyja.eu