Па-за якой палітыкай спорт?
Аляксандра Лукашэнку балюча шчоўкнулі па носе. Яму не далі згуляць у хакей. Каманда, якая ўдзельнічала ў другім Усерасійскім фестывалі па хакеі сярод аматараў у Сочы, фактычна была дыскваліфікаваная.
Фота: sportclub.by
Як вядома, 7 мая каманда Лукашэнкі ў паўфінале турніру выйграла ў каманды "Неўскі легіён" з лікам 4:1, але беларускім хакеістам было залічана тэхнічнае паражэнне з лікам 0:5. Як высветлілася, за парушэнне рэгламенту спаборніцтваў.
Напярэдадні гульні ў Спартыўна-дысцыплінарную камісію фестывалю па хакеі звярнуліся іншыя каманды "з просьбай перагледзець склад каманды "Беларусь" згодна з патрабаваннямі рэгламенту фестывалю". Высветлілася, што шэраг гульцоў проста не маюць права выступаць на гэтым свяце аматарскага хакею, бо з'яўляюцца прафесіяналамі.
Беларусы даўно ведалі, што менавіта прафесіянальныя гульцы забяспечваюць перамогу каманды кіраўніка Беларусі ва ўсіх аматарскіх шайбачных гульнях. Але рускія вырашылі, каб усё было сумленна.
Згодна з рэгламентам, да ўдзелу ў дадзеных спаборніцтвах "дапускаюцца мужчынскія аматарскія каманды, у складзе якіх могуць быць заяўлены хакеісты 1973 года нараджэння і старэй, якія не гулялі за прафесійны хакейны клуб (або каманду майстроў) пад эгідай IIHF або FIB, а таксама хакеісты 1973 нараджэння і старэй, якія гулялі за прафесійны клуб (каманду майстроў) другой лігі (клас А), але якія скончылі свае выступы не пазней сезона 1996–1997 гадоў". Пры гэтым у рэгламенце сказана, што "склад каманды "Беларусь", уключанай у дывізіён "WORLD CUP 40 +" па асабістым запрашэнні кіраўніцтва РФ, узгадняецца і зацвярджаецца праўленнем Начной Лігі".
Праўленне Начной лігі, дарэчы, і так зрабіла выключэнне для беларусаў: за нашу каманду гулялі Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі, якія нарадзіліся ў 1975 і 1980 гадах адпаведна, і відавочна не падыходзілі пад вызначэнне "не маладзей за 1973 год нараджэння". Але на большыя саступкі праўленне не пайшло.
Пасля інцыдэнту КХЛ зрабіла афіцыйную заяву пад назвай "Беларускія прафесіяналы вырашылі выйграць чэмпіянат сярод аматараў". У ёй кажацца: "У парушэнне артыкула 5.2 Рэгламенту Усерасійскага фестывалю ў складзе каманды "Беларусь" у матчах супраць хакеістаў-аматараў на сочынскі лёд выходзілі гульцы, якія выступалі за прафесійныя хакейныя клубы". Таксама адзначаецца, што арганізатары турніру прасілі беларускі бок прывесці каманду ў адпаведнасць з азначэннем "аматарскі хакей", але кіраўнік беларускай дэлегацыі Павел Ягораў і трэнерскі штаб каманды катэгарычна адмовіліся гэта зрабіць.
Праграма "Панарама" абвінаваціла ў дыскваліфікацыі "Газпром" і намесніка старшыні праўлення карпарацыі Аляксандра Мядзведзева, ніводнага разу не заікнуўшыся пра тое, што выпускаць на лёд аматараў супраць прафесіяналаў — гэта ўсё роўна, што хадзіць з шабляй на танкі. Але, хто б ні прымаў рашэнне пра дыскваліфікацыю беларускай каманды, вынік відавочны: Аляксандр Лукашэнка не паляцеў на верагодную сустрэчу ў Сочы з Пуціным. А гэта ўжо — чыстая палітыка з яе маршамі і дэмаршамі.
Поўха для Лукашэнкі тым больш балючая, што днямі Міжнародная федэрацыя па хакеі з шайбай (IIHF) будзе абмяркоўваць перанос альбо неперанос Чэмпіянату свету па хакеі–2014 з Беларусі ў іншую краіну. За такі перанос выступаюць шэраг праваабарончых арганізацый і еўрапейскіх палітыкаў. Прыкладам, па ініцыятыве дэпутата ад Польшчы Марэка Мігальскага ў Еўрапарламенце стартавала акцыя "Лукашэнка, Puck You!" (Puck — шайба), накіраваная на тое, каб пазбавіць Беларусь права правядзення ЧМ–2014.
Аднак IIHF чамусьці люта чапляецца за Беларусь, як за месца ЧМ–2014. Да той ступені, што на сёлетнім ЧМ–2013 былі забароненыя для выкарыстання заўзятарамі бел-чырвона-белыя сцягі. На ўсе пытанні адносна "апошняй дыктатуры" і сцягоў IIHF адказвае: спорт не трэба звязваць з палітыкай.
Але вялікі спорт — гэта заўсёды вялікая палітыка, і дыктатарскія рэжымы заўсёды выкарыстоўвалі спартыўныя мерапрыемствы ў якасці прапаганды. А больш цывілізаваныя краіны — у якасці ціску на дыктартуру. Прыклад першага — славутая Алімпіяда 1936 года ў гітлераўскай Германіі, напоўніцу выкарыстаная фашысцкай прапагандай. Прыклад адваротнага — байкот Алімпіяды 1980 года ў СССР як пратэст уводу савецкіх войскаў у Афганістан.
Тым не менш, IIHF, здаецца, не плануе пераносіць чэмпіянат куды-небудзь, і цвёрда трымаецца пазіцыі, што Беларусь яго сумленна заслужыла.
Атрымлівацца, што Аляксандр Лукашэнка катэгарычна памыліўся са сваёй спартова-геапалітычнай арыентацыяй. Высвятляецца, што ягоныя сябры па клюшцы знаходзяцца не на Усходзе, не даючы пагуляць у хакей, а на Захадзе, і ўпарта супраціўляюцца ціску СМІ і грамадскасці з мэтай захаваць ЧМ — 2014 у "сінявокай".
Лукашэнка ўжо не раз прызнаваў, што часцяком менавіта Захад "уратоўваў Беларусь", ці тэрмінова даючы крэдыты, ці закупляючы кантрабандныя нафтапрадукты, ці нейкім іншым чынам. Расія ж, наадварот, неаднаразова спрабавала "нахіліць" Лукашэнку. Сітуацыя з камандай кіраўніка Беларусі яскрава паказвае: Масква патрабуе гуляць па правілах, а не выконваючых правілы — "нахіляць". І вялікіх выключэнняў ні для каго рабіцца не будзе, нават дзеля захавання "братэрскай любові".
Можа быць, калі IIHF не зменіць свае рашэнне аб правядзенні ЧМ–2014 у нашай краіне, кіраўнік дзяржавы зразумее, што і эканоміка-палітычныя інтарэсы Беларусі ляжаць у іншым баку? Што лепш сябраваць з тымі, хто не ўдарыць цябе клюшкай па руцэ ў самы напружаны момант?
А спадару Лукашэнку усё ж трэба зрабіць з гэтай сітуацыі свае высновы: з кім сябраваць, а з кім трымаць вушкі востра.