Замежныя СМІ пра Беларусь: 28 жніўня — 3 верасня

  Ніхто не сумняваецца ў тым, што Лукашэнка выйграе выбары з пераважнай большасцю галасоў і можа зрабіць гэта нават без падману, паколькі апазіцыя глыбока падзелена. Пасля перамогі беларускага прэзідэнта апазіцыя зноў стане аб’ектам «некалькіх хваляў» рэпрэсій, між тым, рэжым Аляксандра Лукашэнкі застанецца непахісным, калі прэзідэнту ўдасца манеўраваць паміж Расіяй і Захадам, як ён рабіў гэта да гэтага часу.    «Observador» (Партугалія)  



smi4.jpg

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі — фактычна толькі пераходная форма ад савецкага перыяду да перыяду пабудовы нацыянальнай дзяржавы. Задача Лукашэнкі — найменш балюча прайсці самыя складаныя часы трансфармацыі эканомікі, і для Беларусі яны ўжо пройдзеныя са значна меншымі стратамі, чым ва ўсёй постсавецкай прасторы. Прычым рэжым Лукашэнкі цалкам паспяхова выконвае задачу па нацыяналізацыі беларускай дзяржавы, якая ідзе там на ўсю моц, але вельмі разумна і мякка. (...) Існуючая паралельна ідэалогія, якую можна назваць «Савецкая Беларусь», самімі беларусамі ўспрымаецца як часовая, разлічаная на пераходны перыяд. Ён ужо блізкі да канца, і новаму пакаленню беларусаў ужо не цікавыя апавяданні пра савецкае мінулае. З наступным прэзідэнтам мы ўбачым крушэнне міфа аб сяброўскай Расіі і Беларусі і пачуем з яе боку тое, што даўно чуем з боку Украіны.
«Четыре пера» (Расія)
У апошні час ва Украіне ўсё часцей гучыць аптымістычнае меркаванне, што Бацька заўсёды выбірае бок моцных, і што цяпер ён абраў Еўропу. Але гэтая думка, на наш погляд, беспадстаўная. Лукашэнка не «выбіраў» Захад — проста менавіта ад ЕС у дадзены момант ён можа атрымаць пэўную выгаду. Вызваленне палітвязняў — гэта крок, у адказ на які Лукашэнка хоча атрымаць значныя для яго саступкі ад Еўропы. Перш за ўсё, вядома, у дадзенай сітуацыі для яго важныя крэдыты. Валюта дазволіць утрымаць эканоміку Беларусі, якая ляціць у прорву, ад краху — прынамсі, на некаторы час; а Лукашэнка дзейнічае звычайна менавіта з разліку на кароткатэрміновыя і сярэднетэрміновыя наступствы. Дзеля гэтага ён гатовы пайсці на нязначныя (для яго) крокі, але, вядома, не мяняць сістэму ў цэлым.
«Дзеркало тижня» (Украіна)
Самым паказальным прыкладам ізаляцыі, у якой апынулася Расія з яе цяперашнімі кіраўнікамі, з’яўляюцца паводзіны «бліжэйшага саюзніка» — беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі. Перадвыбарчыя лозунгі Аляксандра Лукашэнкі радыкальна памяняліся. Калі раней упор рабіўся на рост дабрабыту людзей, то зараз, у крызіс, творча перапрацаваны лозунг «Айчына ў небяспецы!». Адкуль жа ідзе небяспека? Аказваецца, яна паўзе не з Захаду, а з Усходу, з краіны, якая фармальна складае адзі­ную дзяржаву з Беларуссю. Неверагодна, але, як той казаў, факт. 
«Нaqqin» (Азербайджан)
У апошнія 7–8 гадоў беларуская апазіцыя не можа дамовіцца аб адзіным кандыдаце, і таму па факце адзіны «сапраўдны» апазіцыянер Караткевіч выклікае рэўнасць і падазрэнні ў «дагаворным матчы» з дзеючым кіраўніком дзяржавы. Аднак на разборках і абмеркаваннях тактыкі далёка не паедзеш. Галоўная праблема беларускай апазіцыі — усё ж такі дактрынальная. Яны навучыліся маляўніча (часам справядліва, часам — не) крытыкаваць беларускую палітычную і эканамічную рэчаіснасць. Аднак прапанаваць яны нічога не могуць. Лозунгі абстрактныя, а праблемы і інтарэсы грамадзян краіны цалкам канкрэтныя. Большасць беларусаў пакуль аддаюць перавагу ўмерана рэгуляванаму рынку, рынкаваму сацыялізму з элементамі дзяржаўнага капіталізму і не жадаюць рэзкіх пераменаў. Тым больш, што значная частка насельніцтва перакананая, што цяперашнія эканамічныя цяжкасці — следства прыўнесеных звонку праблем.  «Парламентская газета» (Расія)
Лукашэнку патрэбныя грошы і легітымацыя ў ЕС свайго кіравання як адзінага гаранта суверэнітэту Беларусі. Некалькі палітвязняў, якія не могуць паставіць пад пагрозу яго ўладу, — гэта разменная манета ў гульні. Латвія ў гэтай гульні не павінна станавіцца пешкай Лукашэнкі. На вызваленне палітвязняў варта рэагаваць пазітыўна. Пры гэтым змякчэнне асобных абмежаванняў павінна быць адзінай палітыкай ЕС. Якім бы моцным не было лобі беларускіх алігархаў у Латвіі, іх інтарэсы — гэта не інтарэсы нашай дзяржавы. 
«IR» (Латвія)