Замежныя СМІ пра Беларусь: 22–30 кастрычніка

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбіліся ў армянскіх медыя толькі лічбамі разгромнай перамогі Аляксандра Лукашэнкі. 



smi4.jpg

«А што, у Беларусі былі выбары?», «Там усё нармальна, не тое, што ў нас», «Народ любіць Лукашэнку», «Бацька не дазваляе красці», «Ён і на Расію агрызаецца», «Сюды б такога»... Так рэагавалі людзі на мае спробы загаварыць аб выбарах у Беларусі на вуліцах Ерэвана, у транспарце, спартзале, са знаёмымі. Атмасфера страху, цэнтралізацыя ўлады, масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў, адсутнасць незалежных тэлеканалаў, судовыя і міліцэйскія бясчынства, татальны кантроль эканомікі, савецкая інерцыя, расійскі ўплыў — аказваецца, агульных тэмаў паміж рэспублікамі, якія Расія ў чарговы раз аб’яднала, менш не стала.
«Экспресс» (Арменія) 
Калі б Кіеў у цяперашняй сітуацыі мог дазволіць сабе выступіць правакатарам, яму абавязкова варта было б звярнуцца да беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб рээкспарце газу ва Украіну. Абавязковая ўмова тут — прыцягненне да працэсу Еўрасаюза, які мог бы паставіць умовай продажу паліва Украіне поўную адмену санкцый. Відавочна, што беларускі прэзідэнт у гэтай сітуацыі прыме рашэнне, найбольш выгаднае для Масквы, паколькі альтэрнатыў у рэспублікі, якая залежыць ад РФ, пакуль няма. Аднак ускалыхнуць сітуацыю, у тым ліку падвергнуць праверцы ролю Лукашэнкі ў Мінскіх пагадненнях, можна было б грунтоўна.
«Обозреватель» (Украіна)
Эксперты яшчэ да выбараў казалі пра тое, што цяпер у беларускім урадзе моц набірае рынкавае лобі, на чале якога Кірыл Руды, 37-гадовы доктар эканамічных навук, які стажыраваўся ў ЗША і шмат прапрацаваў у Кітаі. Аналагічных поглядаў прытрымліваюцца ў Нацбанку, куды прыйшлі працаваць з камерцыйных банкаў адукаваныя фінансісты. (...) Але галоўная перашкода на шляху рэформаў — гэта, вядома, Лукашэнка. У ходзе нарады наконт эканамічнай палітыкі ўсе прапановы рыначнікаў ён назваў «кабінетнымі праектамі», якія «будуюцца на падручніках эканомікі з ВНУ». Паводле інфармацыі «НГ», рынкавае лобі спадзяецца, што здаровы сэнс пераможа. Да гэтага падштурхоўвае сітуацыя ў краіне і адсутнасць сродкаў для далейшага падтрымання неэфектыўнай эканамічнай мадэлі.
«Независимая газета» (Расія)
Шыльды, транспаранты, указальнікі — вуліцы беларускіх гарадоў апошнія гады «паціху» перажываюць дэрусіфікацыю. І самае дзіўнае, што насельніцтва да гэтага прывыкае і ставіцца некрытычна. Спробы перацягнуць званне «незалежнік» з Пазняка, Статкевіча і каго заўгодна з беларускіх апазіцыянераў на сябе наўрад ці характарызуюць Лукашэнку з лепшага боку. Але што яшчэ горш — меры, якім ён як мінімум не перашкаджае, вядуць да падрыву дзяржаўнасці і распрацоўкі глебы для празаходняга перавароту. Нават калі ён надзене вышыванку і будзе гаварыць толькі на мове, гэта ўсё роўна не дадасць Бацьку сімпатый з боку вечна незадаволеных апазіцыянераў. Засталося толькі ненадакучліва растлумачыць яму гэты факт.
«Военное обозрение» (Расія)