Аляксандр Кошыц любіў беларусаў і нашы песні
Упершыню я даведаўся пра ўкраінскага харавога дырыжора, кампазітара і фалькларыста Аляксандра Кошыца (1875–1944), калі прачытаў кнігу Рыгора Шырмы «Песня — душа народа».
Аляксандр Кошыц
Рыгор Раманавіч пра Кошыца згадвае так: «Прафесар Аляксандр Кошыц падараваў нам ужо дзесяць аранжыментаў, кожны з якіх — шэдэўр харавой мастацкай літаратуры. Найлепшыя з іх калядкі — «Там за садамі», «Прасвятая Марыя» і валачобная «Лугам зеляненькім». А часопіс «Беларускі летапіс» (1938, № 2) дадае: «Гэты цэнны ўклад у нашу музычную літаратуру яшчэ пабольшыцца, а імя прафесара Аляксандра Кошыца застанецца несмяротным не толькі ў гісторыі ўкраінскай музыкі, але і беларускай».
Аляксандр Кошыц — украінец. Нарадзіўся ён у сям’і святара на Кіеўшчыне. Вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, але сан свяшчэнніка не прыняў. Працаваў у духоўнай жаночай гімназіі ў Стаўрапалі, сабраў і апрацаваў 500 песень. У 1904 годзе прыехаў у Кіеў, дзе паступіў у музычна-драматычны інстытут. Пазней працаваў у гэтым інстытуце, вёў клас харавых спеваў і адначасова вывучаў кампазіцыю ў прафесара Любамірскага. З 1911 года дырэкцыя Імператарскага музычнага вучылішча прапанавала Аляксандру Кошыцу весці клас харавых спеваў у вучылішчы, а пазней — у кансерваторыі.
У 1917 годзе Украінская Цэнтральная Рада даручыла Аляксандру Кошыцу ўзначаліць Музычную тэатральную камісію, якая пазней была перайменавана ў Міністэрства мастацтваў Украіны. У 1919 годзе Сімон Пятлюра прапанаваў Кошыцу стварыць Украінскую рэспубліканскую капэлу. Капэла была створана, і яе артысты з дазволу Пятлюры выехалі на гастролі па Заходняй Еўропе і Амерыцы. Гэты калектыў на той момант быў лепшым на Украіне. І ён сродкамі мастацтва інфармаваў свет пра барацьбу ўкраінскага народа за сваю незалежнасць. Але пасля ліквідацыі Украінскай Народнай Рэспублікі Аляксандр Кошыц ужо не змог вярнуцца з калектывам на Бацькаўшчыну.
Украінская рэспубліканская капэла Аляксандра Кошыца паспяхова гастралявала ў Чэхаславакіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Францыі, Германіі, Англіі, Польшчы, Іспаніі і іншых дзяржавах. У 1922 годзе Кошыц са сваім калектывам паехаў у турнэ па Амерыцы, дзе карыстаўся большым поспехам, чым у Еўропе. Хор атрымаў прызнанне ў ЗША, Уругваі, Бразіліі, Мексіцы, Канадзе, Кубе. Нягледзячы на ўсе трыумфы, Аляксандру Кошыцу заўсёды не давала спакою настальгія па Радзіме. Сваім сябрам ён пісаў: «Адзіная мая надзея, што трымае мяне на зямлі і дае сілы жыць, — гэта быць перад смерцю дома, убачыць мілых людзей, мой дарагі Кіеў, маю Украіну».
Яшчэ ў 90-х гадах XIX стагоддзя ў сваёй роднай вёсцы Тарасаўка Кіеўскай губерні Аляксандр Кошыц запісаў украінізаваную беларускую песню «Свеця месяц, свеця ясны», якая на Украіну завандравала разам з беларускімі плытнікамі. Песню гэту ўкраінскі кампазітар не мог забыць і пазней, калі ў 1929 годзе ў Парыжы запісаў другі яе тэкст, пачуўшы ад аднаго ўкраінца-эмігранта, які некалі чуў і вывучыў песню ад беларусаў-плытнікаў, якія працавалі на Дняпры каля мястэчка Трыполле на Кіеўшчыне. Вялікі мастак адразу звярнуў увагу на красу беларускай песні: «Гэта чаруючы, цудоўны ўзор народнага кантрапункту, да якога проста страх дакрануцца рукой аранжыроўшчыка. Я яе так і пакінуў, як яна пяецца, і думаю, што ніякай ноты немагчыма дабавіць да гэтага шэдэўру народнай творчасці» («Беларускі летапіс», 1938, № 2).
У 1930-х гадах Аляксандр Кошыц ліставаўся з Рыгорам Шырмам. З канадскага горада Вініпега, дзе жыў і памёр украінскі кампазітар, ён дасылаў Рыгору Шырме свае песні, а таксама музычныя творы ўкраінцаў Кірыла Стэцэнкі (1882–1922) і Арцемія Ведэля (1767–1808), часцей за ўсё іх царкоўныя музычныя кампазіцыі. Некаторыя Рыгор Шырма ўключаў у рэпертуар і свайго хору. Рыгор Шырма, высока ставячы Кошыца як музычнага этнографа і кампазітара, прыцягнуў яго ўвагу да беларускага музычнага фальклору. Апрацоўкі дасланых Шырмам песень (валачобнай «Лугам, лугам зеляненькім», каляднай «Там за садамі», дажынкавай «Ой, у садочку цвіла лілея», любоўна-лірычных «Гыля, гыля, мае шэры гусі», «Ой, выйшла маці», «Закукавала зязюлька», «Прыляцелі гусі», «Ой, у садзе-вінаградзе») сведчаць пра ўласцівыя Аляксандру Кошыцу веданне хору, тонкі густ, клопат аб захаванні асаблівасцей ладавай будовы і шматгалосся народнай першакрыніцы, адрозніваюцца натуральнасцю голасавядзення. Яны ўваходзілі ў рэпертуар Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі, былі апублікаваныя ў анталогіі «Беларускія народныя песні (для хору)».
«Беларускія песні цудоўныя, і па духу, слову і музыцы родныя нам, украінцам. Мне здаецца, што ўкраінскія песні вельмі блізкія да беларускіх і стылістычнай, і меладычнай структурай, бо са старых часоў наша гісторыя была больш супольная, чым цяпер», — пісаў Рыгору Шырме Аляксандр Кошыц. Так, нашы песні спляліся, як спляталіся часта доля і нядоля нашых народаў. Беларусы часта ўцякалі ці іх высялялі сілай на шырокія і вольныя стэпы Украіны. А разам з сабой неслі яны туды сваю родную песню. А калі вярталіся, то з Украіны прывозілі дамоў песні ўкраінскія. Вось чаму часта ў нас і сёння можна пачуць украінскую «Капаў, капаў крынічаньку» ці «Цякла рэчка невялічка», а на Украіне — беларускую «Свеця месяц, свеця ясны».
У траўні-жніўні часопіс «Беларускі летапіс» за 1938 год надрукаваў урывак з ліста да Рыгора Шырмы ўкраінскага кампазітара. Аляксандр Кошыц пісаў: «Пала мне ў вока ваша калядка «Ува Іардані» — і не мог стрымацца ад спакусы з’аранжыраваць яе на хор. Гэтую калядку я ведаю даўно, бо сам запісаў яе на Украіне ў Звенігарадскім павеце, у маёй роднай Тарасаўцы. Але ваша калядка крыху адметная ад нашай і структурай, і тэкстам, хаця толькі ў драбніцах, бо ўсё тое ж самае. Меладыйны контур вашай калядкі вельмі цэнны і цікавы, а непарочная яе чысціня, святасць і ціхае святло радасці, якім яна гарыць, быццам белая васковая свечачка з пяшчотным агнём і светлымі слёзкамі воску, — да таго ўзварушае душу, што я пераіграўшы некалькі разоў аранжымент, аж заплакаў…».
Вось як рабіў аранжыроўку ўкраінскі прафесар беларускіх песень! Вось чаму, пасля такой аранжыроўкі, беларуская песня, захоўваючы сваю крыштальную чысціню, адначасова атрымлівала новую цудоўную вопратку. Вось чаму беларуская народная песня застаецца неўміручай заўсёды.
У хроніцы часопіса «Беларускі летапіс» (№ 4–5) за 1938 год паведамлялася, што кампазітар Аляксандр Кошыц зрабіў аранжыроўку на змешаны хор беларускай народнай песні «Прыляцелі гусі». «І на гэты раз, як заўсёды, вялікі мастак падараваў для беларускай культуры новы дыямент сваёй творчасці», — падкрэсліў часопіс. Толькі ў 1938 годзе да 10 беларускіх песень дакранулася працавітая рука вялікага ўкраінскага кампазітара. Пра гэта так пісала амаль уся заходнебеларуская прэса. А той жа часопіс «Беларускі летапіс» у 1938 годзе нават змясціў партрэт Аляксандра Кошыца на першую старонку.